Даручэнне сябе Беззаганнай

Апостальства як вынік даручэння сябе Беззаганнай

Апостальства малітвы

О Беззаганная, Каралева неба і зямлі, ведаю, што я не варты таго, каб наблізіцца да Цябе, упасці перад Табою на калені, нізка схіліўшы галаву, але паколькі я моцна люблю Цябе, асмельваюся прасіць, каб Ты была так ласкавая і сказала мне, хто Ты ёсць, бо я прагну пазнаваць Цябе ўсё больш і больш, бясконца, і любіць Цябе ўсё палымяней, без ніякіх абмежаванняў. Прагну таксама распавесці іншым душам пра тое, кім Ты з’яўляешся, каб усё больш і больш душаў паўней пазнавала Цябе і палымяней любіла. Сапраўды, каб Ты стала Каралеваю ўсіх сэрцаў, якія ўжо б’юцца на зямлі і калінебудзь будуць біцца, — і гэта як найхутчэй, як найхутчэй.

Некаторыя яшчэ зусім не ведаюць Твайго Імя, некаторыя загразлі ў маральным балоце, не смеюць узняць да Цябе вачэй; яшчэ некаторым здаецца, што Ты не патрэбна ім для дасягнення мэты жыцця, а ёсць і такія, якім сатана, што сам не хацеў прызнаць Цябе сваёй Каралеваю і таму з анёла ператварыўся ў д’ябла, не дазваляе схіліць перад Табою калені. Многія любяць Цябе без ніякіх умоваў, бескарысліва, але як мала такіх, хто гатовы дзеля любові да Цябе на ўсё — працаваць, цярпець і нават ахвяраваць жыццём.

Калі ж, о Пані, Ты заваладарыш у сэрцах усіх і кожнага паасобку? Калі ж усе насельнікі зямлі прызнаюць Цябе за сваю Маці, а Айца ў небе — за свайго Айца і такім чынам урэшце адчуюць сябе братамі? (VII, 1772).

Малітва, і перш за ўсё ма­літва, з’яўляецца дзейснаю зброяй у барацьбе за свабоду і шчасце душаў.

А чаму?

Таму што да звышнатуральнай мэты вядуць толькі звышнатуральныя сродкі. Неба, або (калі можна так сказаць) абагаўленне душы — гэта штосьці звышнатуральнае ў поўным значэнні слова. Таму натуральнымі сіламі гэтага нельга дасягнуць. Тут патрэбны і сродак звышнатуральны — Божая ласка. Яна ж здабываецца ў пакоры і даверлівай малітве. Ласка і толькі ласка асвячэння розуму і ўзмацнення волі з’яўляецца прычынаю навяртання, або вызвалення душы з путаў злога духа (VI, 987).

Апостальства слова

Хто пазнаў, палюбіў Без­заганную, аддаўся Ёй так 

бязмежна, што ўжо нічога сабе не пакінуў, нічога для сябе не захаваў; хто стараецца ўсё больш належаць Ёй ва ўсіх адносінах; хто, апрача таго, з клопатам пра Яе Валадарства ў чалавечых душах прагне, каб іншыя даверыліся Ёй, і са свайго боку робіць усё для дасягнення гэтай мэты, стараецца не ўпусціць ніводнага сродка, нават калі гэта будзе вельмі дорага яму каштаваць, і нават калі яму давядзецца сцвердзіць гэты ідэал крывёю; хто, наадварот, лічыць гэта найвялікшым шчасцем, вяршыняю мараў — поўнасцю ахвяраваць хаця б і ўласным жыццём дзеля здабыцця ўсіх душаў для Яе, менавіта ўсіх, дзе б яны ні былі, да якой бы нацыянальнасці або расы ні належалі і ў якія б часы яны ні жылі — ці цяпер, ці ў будучыні, — той насамрэч з’яўляецца сапраўдным рыцарам Беззаганнай (VII, 1198).

Ён не захоўвае сваё сэрца толькі для сябе, для сваёй сям’і, сваякоў, блізкіх, сяброў, суайчыннікаў, а ахоплівае ім увесь свет, усіх і кожнага па­асобку, бо ўсе без выключэння адкупленыя Крывёю Пана Езуса, усе з’яўляюцца нашымі братамі. Усім ён жадае са­праўднага шчасця, асвячэння святлом веры, ачышчэння ад грахоў, распальвання сэрца любоўю да Бога — менавіта такою любоўю, якая не ста­віць ніякіх межаў. Шчасце ў Богу для ўсяго чалавецтва, шчасце, шлях да якога вядзе праз Беззаганную, — вось яго мара.

Таму ён неабыякавы да зла, якое распаўсюджваецца вакол, ён ненавідзіць  усім сэрцам і пераследуе пры кожнай магчымасці, у кожным месцы і ў кожны момант усялякае зло, якое атручвае душы лю­дзей.

Аднак ён не давярае сабе, а памятае, што сам па сабе нічога не можа, а тое, што мае і можа, атрымаў ад Бога, і, ведаючы, што Пасрэдніцаю ўсялякіх ласкаў з’яўляецца Беззаганная, на Яе ўскладае бязмежную надзею.

Апрача таго, ён ясна разумее, што навяртанне, асвячэнне, трыванне ў добрым з’яўляецца справаю Божае ласкі. Ласка Божая — гэта дар Божай міласэрнасці, а паводле словаў св. Бэрнарда, Пан Бог даручыў распараджацца ласкаю сваёй Найсвяцейшай Маці, Беззаганнай. Яна нікога не зможа пакінуць, бо і не здаралася, каб Яна пакінула таго, хто да Яе звяртаўся.

Такім чынам, найпрасцейшы шлях да збаўлення душы — заахвоціць яе хоць штонебудзь, хоць самае найменшае ўчыніць або выцерпець для гэтай найласкавейшай Каралевы неба і зямлі па волі Усемагутнага Бога.

Таму ён з усёй руплівасцю распаўсюджвае пашану і дзіцячую любоў да Яе.

Ён не абмяжоўваецца банальнасцямі, а ўважліва азіраецца вакол, каб заваяваць як мага болей душаў для Беззаганнай. Ён паказвае, што не трэба шмат часу на тое, каб аддацца Беззаганнай назаўсёды, каб насіць Яе медалік і раз у дзень чытаць кароценькі акт даручэння сябе Ёй...

Калі [гэтыя людзі] хоць штосьці зробяць для Беззаганнай, Яна паступова ўвойдзе ў іх сэрцы, ачысціць іх і запаліць шчасліваю любоўю да Сэрца Езуса. Калі ж знаёмы або сваяк [рыцара Беззаганнай] не хоча нават думаць пра Яе, то ён моліцца, горача моліцца, каб Беззаганная пажадала здабыць для сябе гэтае сэрца. Ён звяртаецца да простай і адначасова ўзнёслай малітвы, аб якой прасіла сама Беззаганная, аб’явіўшыся ў Люрдзе, — да святога Ружанца. Няхай гэтая малітва стане мячом усіх рыцараў Беззаганнай, як Яе медалік з’яўляецца маленькаю куляю, што забівае зло (VI, 1001).

Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Паводле: M.M. Kolbe 

«Oddanie siê Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.

 

Працяг будзе.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла