Запытай у самога сябе сёння

Вялікая гэта таямніца — наша вера. Ніхто, мабыць, ніколі не разгадае, чаму хтосьці цвёрды ў ёй, нібы скала, а іншы пачынае хістацца ад першага ж лёгкага ветру. Альбо чаму хтосьці з дзяцей, якія выхоўва­ліся ў адной сям’і, пасталеўшы, і надалей верыць ды прагне пазнаваць Бога як найбольш, а другі як паверыў у школе, што ягоныя продкі — малпы, так і задаволіўся гэтым. Ці яшчэ сітуацыя: хлопец з дзяўчынай сябравалі, разам у касцёл хадзілі па нядзелях, на пілі­грымскіх дарогах мазалі разам набывалі, а як пажаніліся, то адзін у касцёле застаўся і надалей, а другі, альбо другая, цяпер у ня­дзелю адно што на базар спяшаецца. Хтось­ці слушна сказаў, што вера чалавека, як і зямное каханне: калі агонь не падтрымліваць, ён пагасне.

А як яго падтрымліваць, гэты агонь? Што дапамагае верніку ўмацоўваць сваю веру? Паспрабавала я запытацца пра гэта ў маладых людзей, якія, дзякуй ім, ахвотна зга­дзіліся адказаць на гэтае складанае пытанне. Адказалі, абапіраючыся не на тэалагічнае навучанне, не на разумныя ды правільныя тэорыі, але распавялі, як яны самі разумеюць, што гэта такое — наша вера. Проста і шчыра яны падзяліліся тым, што самі перажываюць, як самі разумеюць свае адносіны з Богам.

Вераніка Хмарык, парафія Маці Божай Фа­цімскай, г. Баранавічы

— Я адчуваю подых Бога паўсюль: на працы, у сваёй сям’і, у часе адпачынку. Ці то гэта размовы мужчынаў з іх жартамі на працы, альбо падчас працы на лецішчы з маці і сястрой, альбо на нейкай сяброўскай сустрэчы. Ці наведваю якія-небудзь моладзевыя канцэрты, ці ўдзельнічаю ў валанцёрстве — Ён усюды дзейнічае. А самыя адчувальныя дотыкі — калі ідзеш адна па вуліцы, і раптам нейкая дзіўная, невядомая дагэтуль радасць накрывае цябе! І, ведаеце, нібыта сэрца пачынае тады спяваць і так жыць хочацца! Я разумею, што такім чынам Хрыстус сее супакой на маім шляху, у кожнай сферы жыцця.

Яшчэ скажу, што руку Езуса бачу ў несупынным змаганні, бо ўжо ведаю, як цяжка даюцца справядлівыя рашэнні, як лёгка нас можа падхапіць жыццё ў абыякавасці альбо нават і ў нянавісці. Ведаю, што ў свеце не «адмянілі» болю, выкліканага адзінотай альбо смерцю блізкіх, якіх мы любім. У нашым жыцці шмат сітуацый, на якія так цяжка знайсці адказы! Але я пераканана, што калі кленчу перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам з пытаннем: «Што ўвогуле адбываецца?», Езус і тады змагаецца за мяне.

І апошняе. Я пераканана, што ўсё, што я перажываю — радасць альбо боль — усё гэта важна давяраць Богу, бо толькі мой Пан і Бог можа разбудзіць мяне, толькі Ён можа ўмацаваць мяне ў веры, навучыць Ягонай Любові.

Алена Горбік, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск

— Што мне дапамагае трымацца Бога? Мабыць, усведамленне таго, які Ён ёсць. Я ведаю, што Ён любіць, што вельмі ўважлівы і мудры, што прабачае і ўмее чакаць, што любіць рабіць падарункі і неспадзяванкі. Гэта дапамагае мне бачыць праявы Яго ўсемагутнасці і міласэрнасці ў маім жыцці, а таксама ў жыцці блізкіх мне людзей. Усё, што я перажываю, усе жыццёвыя сітуацыі не супярэчаць, а па­цвярджаюць Яго прысутнасць і дзеянне ў маім жыцці, падмацоўваюць маю веру. Гэта дае мне таксама досвед, на які я магу абапірацца, асабліва ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў. Мне вельмі важна было ў свой час пераканацца, што Бог моцны і здольны дзей­ні­чаць цяпер, як і раней. У веры на штодзень моцна дапамагаюць, вядома, Божае слова і святыя сакрамэнты, час адарацыі і шчырай размовы з Богам, а таксама, безумоўна, рэкалекцыі, якія акрыляюць і дадаюць сілаў. Часта дапамагаюць размовы з лю­дзьмі, якія маюць моцную веру і багаты жыццёвы досвед.

Андрэй Роўба, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Ліда

— Безумоўна, умацаванню маёй веры паспрыялі тыя здарэнні, якія калісьці адбыліся ў маім жыцці і на якія немагчыма забыць. Апрача сакрамэнту хросту, на маё жыццё паўплывалі  сакрамэнты пакаяння і канфірмацыі. Наўрад ці меў бы я сёння моцную веру ў Бога, калі б не яны і звязаныя з імі падрыхтоўкі… Дух Святы дзейнічаў і дзейнічае ўва мне па-рознаму — я ў гэтым упэўнены. Напрыклад,  Дух Святы навучыў і вучыць цяпер мяне маліцца і дае прагненне шукаць Пана Бога і Яго святой волі. Гэтае прагненне жыве ўва мне прыкладна з 13-ці гадоў.

Калі ж паставіць пытанне: «Што цяпер умацоўвае маю веру?», то на першы план выступае ўдзел у святой Эўхарыстыі. Эўхарыстыя для мяне — гэта ўсё. Усё тое, чаго патрабуе мая душа. Праўда, быў час, калі я перажываў святую Імшу па-іншаму, але на мяне паўплывала здарэнне, якое адбылося са мной вясною 2007 года, калі я тра­піў у шпіталь з траўмай. Тады мне, можна сказаць «выпадкова», трапіў у рукі часопіс «Любите друг друга», які збіраліся ўжо выкінуць. 

У часопісе мяне асабліва закранулі старонкі, прысвечаныя Божым аб’яўленням святой Кацярыне Сіенскай, якая пасля іх ясна ўбачыла сутнасць і духоўнае багацце святой Імшы. Пазней я даведаўся, што яна была містычкай і рэфарматаркай рэлігійнага жыцця. Лічу, што святая Кацярына паўплывала і на маё жыццё, бо мае адносіны да святой Эўхарыстыі з таго часу паглыбіліся.

Апрача таго, кожная што­дзённая сітуацыя майго жыцця дае мажлівасць умацоў­ваць веру. Таму гэты надзвычай важны працэс залежыць ад ласкаў міласэрнага Бога і ад майго адкрытага сэрца. 

Дык ад чаго ж яна залежыць, моц нашай веры? Напэўна, колькі б мы ні чыталі разумных кнігаў, колькі б ні слухалі сведчанняў іншых людзей, гэтае пытанне і надалей будзе заставацца для нас толькі пытаннем. Да таго часу, пакуль мы самі не пажадаем адказаць на яго самім сабе, смела стаць перад праўдаю і паспрабаваць зразумець, якая яна, мая асабістая вера, сёння. Бо для кожнага з нас так важна перажываць нашыя асабістыя адносіны з Богам менавіта сёння. Не ўчора, не захапляючыся прыгажосцю мінулага, няхай сабе і асабіста перажытага, не складаючы прыгожых планаў на будучыню, але менавіта сёння. Бо калі не задаць сабе гэтага пытання цяпер, магчыма, заўтра можа быць позна.

 

Ірына Жарнасек

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла