Падзяка святару

Хачу распавесці пра нашага былога пробашча айца Томаша Ляха, які аддана пры­свяціў пятнаццаць плённых гадоў адраджэнню на Валожыншчыне нашай рэлігійнай спадчыны, у тым ліку касцёла св. Юзафа ў Валожыне, касцёла ў в. Забрэззе і часткова — у в. Пяршаі Валожынскага раёна, а цяпер працуе ў Непакалянаве. На Валожын­шчыне а. Томаш пакінуў частачку свайго сэрца, шчыра па­любіўшы наш беларускі край і народ.

У ліпені а. Томаш прыяз­джаў сюды, каб папрысутнічаць на цырымоніі ўвекавечання святой памяці трагічна загінулых у час Другой сусветнай вайны двух пяршайскіх святароў — а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэмпеня. Імёны гэтых святароў ужо ўнесеныя ў лік благаслаўлёных. Ёсць нават малітва, у якой мы можам звяртацца да іх па дапамогу ў сваіх патрэбах. За кароткі час прабывання на нашай беларускай зямлі  а. Томаш цэлебраваў дзве святыя Імшы — у валожын­скім касцёле св. Юзафа і ў кас­цёле, які знаходзіцца ў в. Забрэззе. Ён наведаў хворых людзей, а таксама тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, у тым ліку нашу 100-гадовую парафіянку Мазуркевіч, цяжка хворых Эвеліну Зялкоўскую і Амелію Станкевіч.

Нашы парафіяне вельмі цёпла і сардэчна павіншавалі свайго любімага пробашча з двюма святочнымі датамі — 60-гадовым юбілеем святарства і 88-годдзем з дня нара­джэння, пажадаўшы яму доў­гіх гадоў жыцця, добрага здароўя і плённай працы на Божай ніве.

Напрыканцы святой Імшы ў касцёле св. Юзафа ўсе вер­нікі, не згаворваючыся, за­спявалі свайму любімаму свя­тару традыцыйнае «Sto lat», а айцец нават пажартаваў: «Каб крыху болей...» — і стаў падыгрываць нам на сваім губным гармоніку. Такім было нашае развітанне з айцом Томашам.

З павагаю — Хрысціна Маркоўская,

парафія св. Юзафа ў Валожыне.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла