Любоўю здабываць сяброў — рэцэпт святасці ад Яна Боска

31 студзеня - успамін святога Яна Боска. «Я хачу падарыць вам рэцэпт святасці, — сказаў аднойчы святы, — па-першае, гэта радасць, па-другое — абавязкі, звязаныя з навучаннем і малітваю, па-трэцяе — уменне рабіць дабро для ўсіх».


Святы Ян Боска вядомы як геніяльны выхаваўца моладзі, пісьменнік і публіцыст, заснавальнік Таварыства святога Францішка Сальскага (супольнасці салезіянаў). Нарадзіўся будучы святы 16 жніўня 1815 г. у беднай сялянскай сям’і ў Беккі, недалёка ад Турына (у італьянскім П’емонце) і быў малодшым сынам у сям’і. На хросце бацькі далі яму імя Ян Мельхіёр. Калі хлопчыку было два гады, памёр яго бацька і выхаваннем дзяцей далей займалася толькі маці.

У дзевяць гадоў Яну прысніўся сон, які прадвызначыў усё яго жыццё. Паводле ўспамінаў святога, у сне ён убачыў, нібы апынуўся ў прасторным двары, дзе сабралася шмат хлопцаў-падлеткаў. Многія з іх смяяліся і брыдкасловілі. Хлопчык кінуўся да іх з кулакамі, каб прымусіць замаўчаць, але раптам побач з’явіўся паважны Пан з высакародным выглядам, дзівосным ззяючым тварам і сказаў Яну: «Не кухталямі, а любоўю табе трэба будзе здабываць сваіх сяброў. Таму пачні ўжо цяпер: распавядзі ім, які брыдкі грэх і якая цудоўная цнота». Пан паабяцаў, што дасць хлопчыку Настаўніцу, з дапамогаю якой ён зможа стаць мудрым.

Усе наступныя гады Яна прайшлі пад знакам гэтага сну. Хлопчык распазнаў у ім свой жыццёвы шлях і сваё пакліканне. Пасля заканчэння школы, у 1834 г., ён паступіў у духоўную семінарыю ў К’еры, а праз шэсць гадоў атрымаў святарскае пасвячэнне. Дэвіз, які ён абраў сабе з нагоды пасвячэння («Дай мне душу, астатняе забяры»), потым стаў дэвізам усіх салезіянаў.

Пасля святарскага пасвячэння Ян Боска скіраваўся ў Турын, дзе стаў сведкам незайздроснага лёсу маладых хлопцаў, якія прыязджалі ў горад з надзеяй знайсці працу. Многія з іх бадзяліся па вуліцах без занятку і адукацыі, многія, не маючы за што жыць, станавіліся на шлях злачынстваў. Кс. Ян Боска вырашыў стварыць умовы, якія дапамаглі б хлопцам падрыхтавацца да годнага дарослага жыцця. Так зарадзілася яго душпастырская дзейнасць сярод моладзі. 12 красавіка 1846 г. кс. Ян Боска размясціўся са сваімі выхаванцамі ў хляве, які належаў Пінардзі і стаў першым салезіянскім араторыем. Там святар вучыў хлопцаў чытаць і пісаць, выкладаў ім катэхізіс, гуляў з імі. Праз некаторы час да кс. Яна Боска прыехала яго маці, Маргарыта, якая да канца сваіх дзён пражыла ў араторыі, клапоцячыся пра сваіх «гарэзаў».

З цягам часу святар усвядоміў, што маладым людзям патрэбна месца, дзе яны маглі б навучацца пэўнай прафесіі, таму ён заснаваў кравецкую і швейную майстэрні, затым сталярню, пераплётную майстэрню і друкарню.

Кс. Ян Боска, маючы глыбокае перакананне ў тым, што Бог паслаў яго весці маладых людзей да святасці, клапаціўся не толькі пра іх матэрыяльнае становішча, але і пра духоўнае жыццё: навучаў малітве, заахвочваў да частых сакрамэнтаў споведзі і святой Камуніі, вучыў іх жыць згодна з Божымі запаведзямі і Евангеллем.

Аднак святар усведамляў, што адзін ён няшмат здолее зрабіць. Яму патрэбны былі паплечнікі, якія дапамагалі б у працы з моладдзю, а пасля яго смерці працягнулі б гэтую справу. Ахвотных ён знайшоў сярод выхаванцаў араторыя. У 1859 г. кс. Ян Боска заснаваў новую мужчынскую манаскую супольнасць — Таварыства святога Францішка Сальскага.

Разумеючы неабходнасць у выхаваўча-адукацыйнай дзейнасці і сярод дзяўчат, 5 жніўня 1872 г. кс. Ян Боска разам з Мары-яй Даменікай Мадзарэла заснаваў Кангрэгацыю Дачок Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў (сясцёр салезіянак). Іх задачаю стала выхаванне дзяўчынак.

Яну Боска дапамагалі таксама свецкія людзі, якім былі блізкія яго метады працы з моладдзю і яго харызма. Таму ў 1876 г. была заснаваная Асацыяцыя салезіянскіх супрацоўнікаў — своеасаблівы трэці ордэн, які належаў да салезіянскай сям’і.

«Настаўнік і айцец моладзі» да канца жыцця заставаўся верным свайму пакліканню. Ён адышоў у вечнасць 31 студзеня 1888 г. ва ўзросце 73 гадоў. На той момант ужо працавала 57 салезіянскіх араторыяў у дзесяці краінах Еўропы і Амерыкі. 2 чэрвеня 1929 г. папа Пій ХІ беатыфікаваў Яна Боска, а 1 красавіка 1934 г. кананізаваў яго.

Напярэдадні беатыфікацыі згодна з працэдурамі, акрэсленымі кананічным правам, была адкрытая магіла святара, якая знаходзілася ў Турыне. Выявілася, што цела Яна Боска ўжо на працягу 41 года заставалася нятленным, хоць яго скура крыху пацямнела. Паколькі на беатыфікацыйную ўрачыстасць планавалася перанесці парэшткі святара з Вальсалічэ, дзе ён быў пахаваны, у Вальдока, навукоўцы і лекары абмеркавалі спосаб асвятлення яго скуры. На жаль, пасля прымянення распрацаванай імі хімічнай формулы адбылася рэакцыя, якой яны не чакалі: цела было знішчанае на іх вачах. Для таго, каб беатыфікацыйныя ўрачыстасці маглі адбыцца, захаваныя парэшткі змясцілі ў воскавай копіі цела Яна Боска, а затым выставілі для публічнага ўшанавання. Пасля кананізацыі рэліквіі святога былі змешчаныя ў шкляным саркафагу, які да цяперашняга часу знаходзіцца над бочным алтаром у базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.

У 2006 г. падчас рэстаўрацыі базылікі была выканана копія фігуры св. Яна Боска. Унутры яе змясцілі каштоўную рэліквію — правую далонь святога. Косці далоні паклалі на баваўняную тканіну ў металічнай скрыначцы, якую прыкрылі празрыстым нябіткім шклом. Пазней рэліквіі былі змешчаныя ў пасрэбранай скрынцы (даўжынёю 27 см, шырынёю 9 см і вышынёю 16 см) і запламбаваныя ватыканскаю пячаткаю. Гэтая скрынка ў сваю чаргу была ўкладзеная ў грудную клетку копіі фігуры Яна Боска.

З 25 красавіка 2009 г. з нагоды 150-годдзя заснавання салезіянскай супольнасці распачалася перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска па ўсім свеце. Яна завершылася ў юбілейным 2015 г., у 200-ю гадавіну нараджэння святога. За гэты час урна пабывала ў 130-ці краінах свету — ва ўсіх месцах, дзе адбываецца салезіянскае служэнне. Да такіх краінаў належыць таксама Беларусь, дзе перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска адбывалася з 25 да 31 жніўня 2013 года ў Мінску, Гродне, Смаргоні і Дзятлаве.

«Я хачу падарыць вам рэцэпт святасці, — сказаў аднойчы святы, — па-першае, гэта радасць, па-другое — абавязкі, звязаныя з навучаннем і малітваю, па-трэцяе — уменне рабіць дабро для ўсіх». Няхай гэты наказ святога Яна Боска, які наведаў Беларусь у рэліквіях, дакранецца да самых чулых струнаў нашых душаў і абудзіць у іх жывую мелодыю на хвалу Божую.


Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка

25 жніўня 2013 г., Мінская архікатэдра, перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска.

Фота М. Новікава

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла