Беларускі знак у Назарэце

З 21 да 29 чэрвеня адбывалася агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю з нагоды асвячэння мазаічнага абраза Маці Божай Будслаўскай у санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Назарэце. У пілігрымцы прынялі ўдзел 2 групы па 150 чалавек, узначаленыя арцыбіскупам Мі­трапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам і дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім. Праграма вылету і знахо­джання на Святой Зямлі была распрацаваная такім чынам, каб удзельнікі пілі­грымкі сустрэліся разам на ўрачыстай падзеі асвячэння, якое адбылося 27 чэрвеня. Пілігрымка прайшла пад назваю «Па слядах Езуса» і прадугледжвала наведванне ўсіх найбольш важных месцаў з жыцця Езуса Хрыста: Бэтлеема, Назарэта, Эйн-Карэма, Гары Благаслаўленняў, Каны Галілейскай, Гары Табор, Табхі, Бэтаніі, Еры­хона, Ерузалема. Пілігрымка была адмысловай вандроўкай у часе ў месцы, вядомыя са Святога Пісання.

Урачыстасці па асвячэнні керамічнай мазаікі, якая мае 2 м у вышыню і 70 см у шырыню, распачаліся святой Імшой у санктуарыі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Перад Імшой ма­заіка была ўнесеная ў базыліку і змешчаная ў бакавым алтары. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магі­лёўскi арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары з Беларусі.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў: «Божы Провід прывёў нас, беларускіх пілігрымаў, у Назарэт, у месца, дзе больш за 2000 гадоў таму здзейснілася таямніца Звеставання Пана. Са Старога Запавету мы ведаем, што людзі пагардліва ставіліся да Назарэта. Яны нават казалі: „Што добрага можа быць з Назарэта?”. Аднак гісторыя паказала, што апошні можа стаць першым. Менавіта ў малым і забытым усімі Назарэце Бог праз арханёла Габрыэля аб’явіў Марыі сваю волю. Марыя яе прыняла, і пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца будучага Збаўцы свету». Таксама іерарх сказаў: «Мы ўшаноўваем месцы, дзе нарадзіліся, жылі, вучыліся ці працавалі вядомыя людзі. Сёння Божы Провід прывёў нас у месца, у якім дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй распачалася новая эра — эра збаўлення».

Напрыканцы Імшы была асвечана мазаічная выява будслаўскага абраза, каля якога прагучаў Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пазней мазаіка будзе зме­шчаная ў падворку назарэтанскай базылікі з левага боку ад цэнтральнага ўвахода. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім прысутным, падкрэсліваючы, што «з сённяшняга дня ў святым горадзе Назарэце знаходзіцца беларускі знак, які будзе абвяшчаць аб нашай краіне і Каталіцкім Касцёле ў ёй». 

Гэта ўжо другі такі знак на Святой Зямлі: першы — малітва «Ойча наш» на роднай мове — быў усталяваны ў 2011 годзе ў касцёле Pater Noster у Ерузалеме.

Паводле матэрыялаў сatholic.by.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла