Няхай не згасае Божы агонь!

Сардэчна віншуем мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з 25-годдзем біскупскай сакры! Цешымся з таго, што Бог падараваў нашаму Касцёлу жыццярадаснага, мудрага, чулага пастыра, які добра ведае і падзяляе жыццё вернікаў, умее знаходзіць патрэбныя словы і прамаўляць да кожнага сэрца. Мы, моладзь, дзякуем Вам за тое, што Вы заўсёды з намі, — у пілігрымках, на чуваннях, футбольных матчах, сустрэчах! А колькі маладых мінчанаў сустракае Вас, выязджаючы на роварны шпацыр (і колькі католікаў села на ровар па Вашым прыкладзе!). 

Не жадаючы абмяжоўвацца афіцыйнымі словамі і віншаваннямі, мы вырашылі даць магчымасць каталіцкай моладзі выказаць свае асабістыя пажаданні мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу так, нібы яны робяць гэта сам-насам, у сяброўскай размове.

Дзяніс Міхайлаў, Орша

— Дарагі арцыбіскуп Тадэвуш! Я ў поўным захапленні ад Вашых казанняў! Кожнае казанне — пра мяне, пра маё жыццё. Мы не знаёмыя, але ў мяне такое адчуванне, што Вы мяне ведаеце. Звычайна я не выказваю пажаданняў, але Вам я хачу пажадаць Божай любові і дароў Духа Святога! І працягвайце надалей распальваць агонь у сэрцах моладзі. Мы ўсе чакаем і прагнем слова Бога, які прамаўляе праз Вас!

Валерый Баброўскі, Мінск

— Дзякую Вам, мітрапаліт Тадэвуш, за Вашае служэнне Богу і Касцёлу. 

Мяне асабліва натхняюць Вашыя казанні падчас святой Імшы. Я бачу, што Вы шчыра перажываеце за кожную праблему, пра якую кажаце. Бывае, што Вы прамаўляеце са слязьмі на вачах, і гэта значыць, што Вы кажаце шчыра, ад душы, а як нехта сказаў аднойчы: што сыхо­дзіць ад сэрца, тое да сэрца і прыходзіць...

Няма сумневу ў тым, што Вашыя словы дакранаюцца да душаў людзей, у тым ліку і моладзі. Гэта цудоўна! Дзякуй Вам за тое, што выбралі гэты шлях паклікання. Вашая праца прыносіць і будзе прыносіць багаты плён. Няхай ва ўсіх справах Вам дапамагае добры Бог! Моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця! Дзякуй Вам за ўсё!

Валерыя Лабко, Мінск

— Паважаны наш мітрапаліт Тадэвуш! Вельмі хочацца павіншаваць Вас з вельмі важнай і значнай для Вас (і для нас таксама) падзеяй — 25-годдзем Вашай біскупскай сакры. Насамрэч, у мяне не хапае словаў, каб выказаць усе эмоцыі і пачуцці, якія мяне цяпер перапаўняюць. 

Увесь час, што Вы працуеце ў Беларусі, Вы ў прамым сэнсе слова не складаючы рук рупіцеся пра развіццё Касцёла, пра хрысціянскія сем’і і асабліва пра выхаванне моладзі. Гэта так важна, бо менавіта нам будаваць будучыню на досведзе і мудрасці пакаленняў! Ваш бясконцы аптымізм дапамагае многім убачыць прамень святла і надзеі ў шэрасці будняў. У Вас заўсёды неяк атрымліваецца адчуць чалавека і яго сітуацыю, зразумець, дапамагчы. 

Хочацца пажадаць, каб Божы агонь, які так ярка гарыць у Вашым сэрцы, ніколі не згасаў! Моцнага здароўя Вашаму целу і духу! І няхай у нас яшчэ не раз будзе нагода віншаваць Вас з рознымі радаснымі падезямі!

Матэрыял падрыхтавала Юлія Шэдзько 

 

Алег Нікулін

Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу

 

Паслядоўнік апосталаў, верны ім сёння,

За Хрыста памерці заўсёды гатовы,

Не для цемры жыве тут і не для сутоння —

Для святога святла і роднай нам мовы.

 

Не баіцца нічога, бо з д’яблам ваюе

І ратуе нас ад пякельнай спакусы.

Робіць тое, што трэба, — што Бога хвалюе...

Дапаможам яму і мы, беларусы.

Калектыў рэдакцыі далучаецца да гэтых пранікнёных словаў моладзі і таксама сардэчна віншуе нашага арцыпастыра з юбілеем і жадае моцы духу, аптымізму і шчодрай Божай ласкі на далейшае плённае служэнне Пану Богу і Касцёлу ў Беларусі.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла