Сакрамэнт Эўхарыстыі

Эўхарыстычная цэлебрацыя — гэта акт самога Хрыста і Касцёла, у якім Хрыстус Пан праз служэнне святара складае ў ахвяру Богу Айцу самога сябе, субстанцыяльна прысутнага ў постацях хлеба і віна, а вернікам, злучаным з Ім у Яго ахвяры, дае сябе як духоўны пасілак (ККП, 899, § 1).

Мы ўжо казалі аб тым, што падчас Апошняй Вячэры Хрыстус даў Апосталам наказ здзяйсняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, і з таго часу біскупы, як наступнікі Апосталаў, і святары ва ўсім свеце здзяйсняюць гэты наказ Хрыста. Такім чынам, можна сказаць, што сапраўднасць эўхарыстычнай цэлебрацыі залежыць ад сапраўднасці святарскага пасвячэння. Менавіта здзяйсняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю — гэта першы і галоўны абавязак святара, і для выканання гэтага абавязку ён атрымлівае сакрамэнт пасвячэння.

На працягу стагоддзяў у практыцы Касцёла склалася традыцыя прасіць святара ахвяраваць святую Імшу ў пэўнай інтэнцыі. Вельмі важна не забывацца аб гэтай традыцыі і смела прасіць Касцёл маліцца ў інтэнцыі дарагіх нашаму сэрцу людзей — як жывых, так і памерлых. Інтэнцыя святой Імшы павінна быць аб’ектыўна добрай, гэта значыць, што можна папрасіць святара памаліцца аб здароўі, Божым благаслаўленні, аб вечным збаўленні, але нельга маліцца аб тым, каб з чалавекам здарылася нешта дрэннае.

Многія з нас неаднойчы бачылі, што святую Імшу служаць адразу некалькі святароў або святары з біскупам, прычым адзін са святароў ці біскуп узначальвае цэлебрацыю, а іншыя, апрануўшыся ў літургічныя шаты, саслужваюць яму, выконваючы іншыя часткі цэлебрацыі (напрыклад, чытаюць Евангелле). Такая форма цэлебрацыі святой Імшы называецца канцэлебрацы­яй. Яна была распаўсюджана ўжо ў Сярэднявеччы, але з часоў Трыдэнцкага Сабору (1545–1563 гг.) і аж да Другога Ватыканскага Сабору амаль не выкарыстоўвалася. Сёння канцэлебрацыя распаўсюджаная, але разам святую Імшу могуць канцэлебраваць толькі каталіцкія святары. Забаронена канцэлебрацыя святой Імшы са святарамі або распарадчыкамі касцёлаў, якія не знаходзяцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам. Гэта не азначае, што каталіцкаму святару нельга прысутнічаць на набажэнстве, якое цэлебруе праваслаўны святар, або, наадварот, нельга запрасіць праваслаў­нага святара на цэлебрацыю cвятой Імшы, але тут гаворка ідзе аб забароне канцэлебрацыі, г.зн., што каталіцкі святар не можа са­слу­жваць Найсвяцейшую Эўхарыстыю разам з распарадчыкамі іншых касцёлаў.

Натуральна, што чалавек, які часта ўдзельнічае ў святой Імшы, ведае на памяць некаторыя часткі эўхарыстычнай малітвы, асабліва словы кансэкрацыі ці нейкіх іншых малітваў (і гэта вельмі добра), але даволі часта здараюцца сітуацыі, калі некаторыя вернікі разам са святаром ціха паўтараюць словы гэтай малітвы. Акрамя таго, што гэта можа перашкаджаць іншым вернікам і святару, варта таксама памятаць, што цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі не з’яўляецца прыватным актам пабожнасці — гэта літургія ўсяго Касцёла, і кожны вернік павінен удзельнічаць у гэтай цэлебрацыі, і існуе такое правіла, што падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі дыяканам і свецкім не дазваляецца гаварыць малітвы, асабліва эўхарыстычную малітву, або здзяйсняць акты, што здзяйсняе святар, які цэлебруе Эўхарыстыю.

Цяпер паразважаем пра ўдзяленне святой Камуніі. Звычайнымі распарадчыкамі ўдзялення святой Камуніі з’яўляюцца біскуп, святар і дыякан, але ў касцёлах Заходняй Еўропы даволі часта святую Камунію ўдзяляюць самі вернікі, і нават жанчыны. Канферэнцыя Біскупаў кожнай краіны акрэслівае нормы, якія датычаць гэтага пытання, але заўсёды іншыя асобы, якія ўдзяляюць святую Камунію, з’яўляюцца надзвычайнымі распарадчыкамі, гэта значыць, што яны ўдзяляюць яе толькі тады, калі гэтага не можа зрабіць сам святар (напрыклад, з-за вялікай колькасці вернікаў).

Даволі часта вернікаў цікавіць, у якой паставе прымаць святую Камунію, — ці стоячы, ці на каленях, ці магчыма прыняць Цела Хрыста ў рукі і г.д. Трэба сказаць, што няма адзінага абсалютнага правіла для ўсяго Касцёла:  кожная Канферэнцыя Біскупаў у сваёй краіне вырашае гэтае пытанне па-свойму, але варта памятаць, што прыняцце святой Камуніі залежыць перадусім ад унутранага стаўлення да яе чалавека, ад таго, наколькі ён гатовы прыняць Хрыста ў сваё сэрца, і нельга думаць, што прыняцце святой Камуніі на каленях больш пабожнае, чым прыняцце Хрыста стоячы. Часта пры вялікай колькасці вернікаў людзі стаяць у некалькі радоў і фізічна немагчыма дацягнуцца да чалавека, калі ўсе будуць стаяць на каленях. Вельмі важнай з’яўляецца таксама пазіцыя адзінства ў літургіі. Калі мы ўдзельнічаем у цэлебрацыі там, дзе святую Камунію прымаюць стоячы, то не трэба дэманстратыўна станавіцца перад усімі на калені, паказваючы сваю пабожнасць.

Вельмі важная таксама падрыхтоўка дзетак да прыняцця Першай святой Камуніі. Ад іх патрабуюцца веды і падрыхтоўка, каб яны, паводле сваіх здольнасцяў, спасцігалі таямніцу Хрыста і маглі з верай і адданасцю прыняць Цела Пана, разумеючы, што яны не проста нешта з’ядаюць, але прымаюць у сваё сэрца сапраўднае Цела Езуса Хрыста.

Усе мы добра ведаем, што вернік, які мае цяжкі грэх, не павінен прымаць Цела Пана без папярэдняй сакрамэнтальнай споведзі, хіба што ёсць сур’ёзная прычына для гэтага і няма магчымасці (менавіта магчымасці, а не жадання) паспавядацца; канешне, лепш такіх сітуацый не даспускаць, але людзі заўсёды слабыя і грэшныя, і ў такіх сітуацыях вернік павінен учыніць дасканалы жаль за грахі з намерам паспавядацца пры першай магчымасці. Такія сітуацыі з’яўляюцца выключнымі, і абсалютна нельга зрабіць звычкай прыступаць да святой Камуніі ў стане цяжкага граху, гаворачы сабе, што некалі пры магчымасці з гэтага паспавядаюся.

Даволі часта людзей цікавіць пытанне, колькі разоў на працягу дня можна прымаць святую Камунію? Права Касцёла гаворыць аб тым, што вернік, які ўжо прыняў Найсвяцейшую Эўхарыстыю, можа зноў прыняць яе ў гэты самы дзень, але толькі падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, у якой ён удзельнічае. Гэта значыць, што можна прыняць святую Камунію другі раз на працягу дня толькі тады, калі другі раз цалкам удзельнічаеш у святой Імшы. Бывае так, што на першую Імшу чалавек спазніўся, але прыняў святую Камунію (гэта не датычыць нядзелі, бо спазненне без сур’ёзнай прычыны на нядзельную святую Імшу — гэта грэх), не ведаючы, ці ўдасца ў той самы дзень яшчэ пабыць на святой Імшы, але вечарам таго ж дня яму зноў удалося быць на Эўхарыстыі, і ў такім выпадку можна смела прымаць святую Камунію.

З прыняццем святой Камуніі таксама звязаны эўхарыстычны пост — гэта значыць, што на працягу нейкага часу перад прыняццем святой Камуніі нельга спажываць ежу. Існуюць розныя пабожныя практыкі ў гэтым пытанні, але агульнае правіла такое — той, хто мае намер прыняць святую Камунію, павінен хаця б на працягу гадзіны перад ёю ўстрымлівацца ад усялякай ежы і піцця, за выключэннем толькі вады і лекаў. Зазначу, што гаворка ідзе не пра гадзіну перад пачаткам святой Імшы, але пра гадзіну перад прыняццем Камуніі. Але з гэтага правіла ёсць выключэнне — састарэлыя і хворыя людзі, а таксама тыя, хто апякуецца імі, могуць прыняць Найсвяцейшую Эўхарыстыю нават тады, калі яны прымалі ежу на працягу найблі­жэйшай гадзіны, бо часта хворы чалавек мае спецыяльны парадак спажывання ежы, і можа здарыцца так, што паміж спажываннем ежы і прыняццем святой Камуніі не будзе гадзіннага перапынку, але ў такой сітуацыі можна смела прымаць Цела Хрыста.

Варта ўспомніць таксама аб касцёльным наказе пра тое, што кожны вернік павінен прымаць святую Камунію па меншай меры раз у год. Гэтае прадпісанне мусіць быць выканана ў пасхальны час (па слушнай прычыне — у іншы час на працягу года). Гэта, канешне, па­трабаванне мінімальнага абавязку прыняцця святой Камуніі, бо яе прыняцце павінна быць натуральным жаданнем кожнага верніка. 

Яшчэ некалькі словаў аб самой эўхарыстычнай цэлебрацыі. Най­свяцейшая Эўхарыстычная Ахвяра павінна здзяйсняцца на хлебе і віне, да якога дадаецца трохі вады. Хлеб павінен быць чыста пшанічным і свежавыпечаным, каб была выключана ўсялякая небяспека яго сапсаванасці. Віно павінна быць натуральным, вінаградным і неабрызглым. Па традыцыі ў нашых касцёлах ужываецца белае віно, але нішто не перашкаджае ўжываць падчас святой Імшы чыр­вонае віно. Паводле старадаўняй традыцыі Лацінскага Касцёла, у эўхарыстычнай цэлебрацыі святар павінен выкарыстоўваць прэсны хлеб, дзе б ён ні знаходзіўся. Святары і дыяканы падчас цэлебрацыі і ўдзялення Эўхарыстыі павінны насіць адзенні, прадпісаныя канонам, што яшчэ раз падкрэслівае выключны характар іх святога дзеяння — менавіта падчас святой Імшы сам Езус Хрыстус становіцца прысутным у постацях хлеба і віна, і гэта з’яўляецца найвялікшай праўдай нашай веры.

Працяг. Пачатак у № 6 за 2014 год.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла