Яго жывы голас...

З казання кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Пінск, 15.08.2008 г.)

Паводле легенды, запісанай у творах доктара Касцёла святога Яна Дамаскіна, падчас канання Найсвяцейшай Панны Марыі не было святога Тамаша, Апостала, які з недаверам аднёсся да ўваскрасення Езуса Хрыста. Праславуты няверны Тамаш прыбыў толькі на трэці дзень і папрасіў адчыніць грабніцу, у якой, аднак, не знайшлі цела Маці Божай, а толькі квітнеючыя белыя лілеі. <...> І таму сёння мы прыходзім у касцёл з кветкамі і зёлкамі, каб ушанаваць Тую, якая была ўзятая ў неба.

Пасля ўнебаўшэсця Езуса Хрыста, які як Сын Божы вярнуўся ў неба ў праслаўленым чалавечым целе, адбылося ўнебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, цела якой, як Маці Божага Сына, спазнала прывілей унебаўзяцця. 

Таму святы Ян Дамаскін, са­мы славуты абвяшчальнік Унебаўзяцця Багародзіцы, узнёсла сцвярджае: «Так было трэба, каб Тая, якая, нарадзіўшы на свет Збаўцу, захавала беззаганнае дзявоцтва, таксама і пасля смерці не была закранутая знявечаннем цела. Так было трэба, каб Тая, якая ў сваім улонні насіла Створцу як Дзіцятка, была прынятая ў Валадарства Божае. Так было трэба, каб Абранніца Айца пасялілася ў нябесных пакоях. Так было трэба, каб Маці, якая глядзела на свайго Сына, прыбітага да крыжа, і сэрца якой працяў меч болю, бачыла Яго валадаранне разам з Айцом у небе». Так было трэба, каб Маці Бога мела ўсё тое, што нале­жыць Яе Сыну, каб як Маці і Слуга Бога Яна была ўшанаваная ўсімі стварэннямі».

Папа Пій ХІІ у сваёй Апостальскай канстытуцыі Muni­fi­cen­tissimus выразна гаворыць: «Такім чынам, велічная Маці Бога, Езуса Хрыста, з’яўляецца „адзіным і тым самым планам Божага Провіду, цудоўная ў беззаганным зачацці, найчысцейшая Дзева ў Боскім мацярынстве, дасканалая спадарожніца Боскага Збаўцы, які мае поўную перамогу над грахом і яго наступствамі, [Яна] атрымала як найпрыгажэйшы вянец сваіх прывілеяў дар свабоды ад цялеснай сапсаванасці і гэтак жа, як Сын пасля перамогі над смерцю, была з целам і душою ўзятая да хвалы нябёсаў, каб там заззяць, як Каралева, седзячы праваруч свайго Сына, „несмяротнага Валадара вякоў“». 

Марыя ўзятая у неба. Цуд з цудаў. Усе людзі без выключэння павінны чакаць уваскрашэння напрыканцы свету і Божага суду, і толькі пасля адчыніцца неба, каб прыняць з праслаўленым целам тых, хто будзе годным. Марыя адзіная з усіх людзей праходзіць праз грабніцу і несмяротнае цела мяняе на праслаўленае, узыходзячы на неба. Хто гэта ўчыніў? 

Безумоўна, Яе Сын, Езус Хрыстус, Сын Божы. Ён сам уласнаю моцаю ўзышоў на неба і тою самаю моцаю ўзяў сваю Маці ў неба. Ён меў на гэта права і, мяркуючы па-чалавечы, меў пэўны абавязак. Калі б было інакш, то цела Марыі струхлела б у грабніцы. Такога прыніжэння Езус не мог дазволіць. Павінен быў здзейсніцца цудоўны пераход Маці Сына Божага з целам і душою ў неба. Гэта вельмі прыгожая праява ўдзячнай любові Сына Божага да сваёй Маці Марыі.

І які ж незвычайны быў гэты ўваход Марыі ў неба! Сын Божы вітае сваю Маці, Бог Айцец вітае сваю дачку, Дух Святы вітае сваю Абранніцу, анёлы вітаюць сваю Каралеву! Вочы Марыі скіраваныя на Езуса, Яе Сына. Яна глядзіць і не можа наглядзецца, і праз вякі будзе глядзець, бо Яе Сын — Бог! На зямлі Марыя бачыла Яго як малое Дзіцятка 

ў Бэтлееме, як сталеючага юнака ў Назарэце, як таго, хто здзейсніў цуд у Кане Галілейскай, а потым цярпеў і паміраў на крыжы на Галгоце, а цяпер Яна бачыць Яго ў небе як Сына Божага, як Бога!

Унебаўзяцце з’яўляецца найбольшым святам, якое Касцёл устанавіў у гонар Марыі. Гэты дзень з’яўляецца як бы падсумаваннем усіх таямніцаў Яе жыцця. У гэты дзень пачалася сапраўдная неспасцігальна вя­лікая Яе хвала. Сёння Марыя трыумфуе. «Жанчына, апранутая ў сонца, <...> а над Яе галавою вянец з дванаццаці зорак» 

(Ап 1, 1). Святы Бэрнард піша: «Хоць бы замест аднаго сто языкоў хвалою загучалі, хоць бы сто вуснаў адкрылася, праслаўляць Цябе яшчэ годна не здолеў бы... бо ані на небе, ані на зямлі няма стварэння, якое б магло годна ацаніць Тваю веліч».

І здзяйсняюцца словы Марыі, сказаныя ў прыгожым гімне Magnificat падчас адведзінаў Ёю святой Альжбеты: «І цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні», бо Марыя стала Каралеваю не толькі неба, але і зямлі. <...> 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла