Ці можна маліцца Ружанец падчас Імшы?

Найперш трэба разумець прыроду ўзнікнення ўсіх набажэнстваў, да якіх нале­жыць і Ружанец. Старажытнае хрыціянства развівалася ў асяроддзі, дзе не існавала вялікіх моўных бар’ераў, а мовай, якая яднала розныя народы тагачаснага хрысці­янскага свету, была лацінская. Таму зразумела, што святая Імша і іншыя сакрамэнты цэлебраваліся на лаціне. Хрысціяне маліліся не толькі супольна, але і індывідуальна. Аднак цэнтрам рэлігійнага жыцця і галоўнай крыніцай для ўмацавання сваёй духоўнасці хрысціяне лічылі ўдзел у літургіі, якая адбывалася ў супольнасці. 

З цягам часу ў выніку развіцця нацыянальных моваў усё менш людзей разумела лацінскую мову, якую Касцёл выкарыстоўваў у лі­тургіі. Але вернікі шукалі насычэння сваіх духоўных патрэбаў у супольнай малітве. У гэтай сітуацыі і пачалі з’яўляцца супольныя малітвы, якія паступова набылі звычайную для нас форму літаній, Ружанца ці Гадзінак. І хаця ўзнікненне і развіццё гэтых набажэнстваў цесна звязана з літургіяй, наба­жэнствы па сваёй сутнасці ніколі не стаялі вышэй за Імшу ці іншыя сакрамэнты.

Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі пра святую літургію Sacrosanctum Conci­lium выразна азначае месца набажэнстваў у жыцці католіка: «Вельмі рэкамендуюцца набажэнствы хрысціянскага народу, што адпавядаюць законам і нормам Касцёла. 

<…> Гэтыя набажэнствы трэба так уладкаваць, каб яны адпавядалі Літургіі, як бы вынікалі з яе і скіроўвалі да яе народ, бо Літургія па сваёй сутнасці значна пераўзыхо­дзіць іх» (SC 13). Такім чынам, Касцёл падкрэслівае першынство літургічных дзе­янняў, якія ўзначальвае святар, і прызнае ролю набажэнстваў у тым, каб скіраваць нашу пабожнасць да першаснай крыніцы нашага асвячэння, доступ да якой Хрыстус даў нам у сакрамэнтах. У гэтым сэнсе на­бажэнствы маюць заданне рыхтаваць вернікаў да больш плённага ўдзелу ў святой Імшы і іншых сакрамэнтах. Аднак індывідуальныя ці супольныя набажэнствы не могуць засланяць сабою літургію пад кіраўніцтвам святара.

У не такія даўнія часы камуністычнага пераследу існавалі сур’ёзныя перашкоды для ўдзелу ў літургіі: недахоп святароў быў надзвычай адчувальны. І ў гэтыя часы менавіта Ружанец, майскія і чэрвеньскія набажэнствы былі тым, што падтрымлівала ў католіках іх малітоўнае жыццё і яднала ў адну супольнасць. Сёння мы маем намнога больш магчымасцяў для таго, каб збірацца вакол алтара. Літургія прадугле­джвае, што вернікі ўсе разам слухаюць Божае слова, усе разам выконваюць адпаведныя спевы, бо голас кожнага ў спеве рэфрэна псальма ці ў адказе на заклік святара з’яўляецца праяваю адзін­ства малітвы адной сям’і дзяцей Божых. Неадпаведнай жа з’яўляецца індывідуальная малітва падчас супольнай малітвы Касцёла. Неадпаведным навучанню Касцёла з’яўляецца малітва Ружанцам ці іншымі малітвамі падчас Імшы. Вельмі прыкра бачыць, калі тое, што калісьці лучыла вернікаў, сёння раз­дзяляе іх з-за непаразумення. Ружанец ці літанія, нават калі з’яўляюцца пакутаю, прызначанаю падчас спове­дзі, не могуць быць тым, што знутры разбівае супольны характар літургічнай малітвы Касцёла.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла