«На Беларусі Бог жыве»

Яшчэ тры гады таму ў свята Божай Міласэрнасці на беатыфікацыі Яна Паўла ІІ у маім сэр­цы пасялілася вельмі моцнае жаданне абавязкова прыехаць у Рым на яго кананізацыю, і хацелася, каб гэта абавязкова адбылося зноў у свята Божай Міласэрнасці. Была інтэнцыя. На беатыфікацыі мы, нешмат­лікія беларусы, былі зусім згубленымі ў вялікай колькасці пілі­грымаў з розных іншых краінаў, і асабліва сярод палякаў. Вось і захацелася ў наступны раз пракрычаць на ўсю плошчу святога Пятра, што «на Беларусі Бог жыве!». Усе гэтыя тры гады я прасіў Маці Божую, каб Яна падтрымала ў гэтым намеры. Чым бліжэй было да гэтай мэты, тым усё лепш было бачна, што Бог насамрэч усё чуе і падтрымлівае. Кананізацыю Касцёл прызначыў на свята Божай Міласэрнасці. Праўда, і злы дух не сядзеў склаўшы рукі, бо незадоўга да гэтай падзеі я зламаў нагу, але ведаў і верыў, што, нягледзячы на ўсе пера­шкоды, усё будзе добра. Мяне вельмі моцна падтрымліваюць у жыцці словы, некалі сказаныя заснавальнікам Легіёну Марыі Фрэнкам Дафам: «Пан Бог заўсёды падтрымае сваё нямоглае дзіця ў любым добрым пачынанні, нават калі для гэтага спатрэбіцца цуд». Такім чынам, я ехаў у Рым на кананізацыю папаў Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ у гіпсе і на кастылях. Пілігрымка менавіта на гэтую падзею давалася мне цяжка, але пасля ўвесь цяжар падарожжа рас­тварыўся ў радасці свята Божай Міласэрнасці...

26 красавіка, у суботу, наша група спынілася на начлег у невялічкім гарадку Рыеці, за 100 км ад Рыма. Па плане ў нас быў начлег, а раніцай у нядзелю — выезд да плошчы св. Пятра для ўдзелу ў кананізацыі. Але, зразумела, гэты ўдзел азначаў усяго толькі назіранне за ўсім на тэлеэкране далёка ад плошчы. Знайшлося сем чалавек, якія вырашылі абавязкова трапіць на плошчу, хоць  гэта было малаверагодна, бо ўжо з вечара суботы ўсе падыходы да яе цалкам занялі пілігрымы. 

Калі мы спазніліся на апошні аўтобус да Рыма а 21-й гадзіне, я падумаў: ну вось і дзякуй Богу — можа сапраўды Яго воля была такая, каб нам адпачыць пасля начнога пераезду. Але адна з жанчын, якая добра валодала італьянскай мовай, завяла размову з дыспетчарам аўтобуснай станцыі і праз некалькі хвілін сказала: «Ну што, едзем на таксі? 30 еўра з кожнага». Без каментараў — адчувалася рука Бога! 

Трэба сказаць, што амаль увесь час праз кожнага з нас Бог чыніў нешта вельмі важнае, каб гэтая акцыя ўдалася. Гэта было захапляльна, як у прыгодніцкай стужцы! Сеньёр Даміян (так звалі таксіста) спрытна «ўпакаваў» нас у свой аўтамабіль і вельмі хутка прывёз амаль што да самага Ватыкана. Улічваючы, што ў гэты час рух транспарту ў цэнтры Рыма быў перакрыты і было шмат пробак, гэта быў проста падарунак з неба! Да гэтай пары з удзячнасцю ўспамінаю гэтага італьянца ў сваіх малітвах...

А далей? Далей хачу ска­заць, што трэба быць вар’ятам, каб на кастылях лезці ў той натоўп, які чуваў на подступах да плошчы святога Пятра. Гэта былі «неверагодныя прыгоды беларусаў у Італіі», бо на кожным кроку ў гэтым натоўпе адчувалася Божая падтрымка! І вось у пэўны момант, каля 12-ці ночы, калі адчынілі ўваходы на вуліцу, якая непасрэдна выходзіць да плошчы, вялікая людская хваля выкінула нас да самых подступаў плошчы. Наперадзе было 6 гадзінаў чування. Гэта была цудоўная ноч! Велікодны гімн «О, гэтая цудоўная ноч…» цалкам адпавядае таму настрою, які панаваў сярод нас. Асаблівая радасць была ад суседства з польскімі вернікамі, ад цёплых знаём­стваў і размоваў з імі, ад таго, што многія з іх праз нас адкрылі для сябе так шмат новага  аб Касцёле на Беларусі... 

Без вялікіх цяжкасцяў мі­ласэрны Бог прывёў семярых «звар’яцелых» беларусаў на плошчу, прычым размясціў Ён нас акурат насупраць адной з відэакамераў, з якой вялася трансляцыя святой Імшы. Мы разгарнулі загадзя падрыхтаваны банер са словамі «На Беларусі Бог жыве!». Для нас гэта сапраўды было свята Божай Міласэрнасці! Калі пасля завяршэння ўрачыстай святой Імшы мы ўбачыліся з астатнімі нашымі пілігрымамі, усе ў захапленні пачалі нас віншаваць. Мы не адразу зразумелі, чаму да нас столькі ўвагі, але пасля нам патлумачылі, што было неверагодна прыемна бачыць нас падчас відэатрансляцыі, прычым буйным планам і з гэ­тай праўдай у руках, што са­праўды «На Беларусі Бог жыве!».  І тады зноў успомніліся словы Фрэнка Дафа пра тое, што «Пан Бог заўсёды падтрымае сваё нямоглае дзіця ў любым добрым пачынанні, нават калі для гэтага спатрэбіцца цуд»...

Кульмінацыяй гэтага радаснага свята Божай Міласэрнасці было благаслаўленне Святога Айца, які на сваім аўтамабілі праехаў проста каля нашай беларускай групы.

Яшчэ адным радасным момантам гэтага паломніцтва было двухдзённае наведванне Меджугор’я. Першы дзень быў прысвечаны ўзыходу на гару аб’яўленняў Падбрдо, другі — на гару Крыжэвац. Мае абмежаваныя фізічныя магчымасці не дазволілі мне гэтага зрабіць і змусілі ўвесь час правесці ў касцёле святога Якуба ў малітве, што таксама можна ўспрымаць як падарунак нябёсаў. 

Пілігрымка скончылася, але недзе глыбока-глыбока ў сэрцы ўкараніліся вялікі супакой і моц­нае жаданне абавязкова зноў прыехаць у Меджугор’е, дзе жывуць такія добрыя і гасцінныя людзі... 

Карыстаючыся магчымасцю, хочацца сказаць шчыры дзякуй Але Аркадзеўне Гляцэвіч, кіраўніку пілігрымкі, за цудоўную арганізацыю, а таксама ксяндзу Эдварду Нарадоўскаму з парафіі ў Задарожжы, што на Глыбоччыне, за тое, што ён прыклаў так шмат намаганняў, каб дапамагчы Найсвяцейшай Панне Марыі атуліць нашыя душы сваёй Матчынай ласкай і любоўю.

«На Беларусі Бог жыве»!

Уладзімір Вайцяховіч

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла