Вернасць першай любові

Жыве ў вёсцы Гарадок Маладзечанскага раёна пані Лёдзя Зянько, простая сялянская жанчына, якая ў свае 82 гады мае за плячыма нялёгкае, часам пакутнае жыццё. Нехта скажа, што такіх людзей у нас шмат, і гэта будзе праўдай. Аднак адметнасць гэтай жанчыны ў тым, што яна захавала праз усе гады вернасць сваёй першай любові — Езусу Хрысту. У свае 10 гадоў, а гэта быў 1942 год, яна прыняла Першую святую Камунію. Прыняла не проста белы кавалачак хлеба, а самога Езуса, жывога і сапраўднага Бога, якога палюбіла ўсёй душою. Здаецца, дзіўная і незразумелая рэч: любіць таго, каго ніколі не бачыш. Пані Лёдзя на гэта гаворыць: «Гэта цуд Божай любові! Езус першым палюбіў нас і дае ласку любіць Яго».

У памяць пра свой першы незабыўны дзень паяднання з Езусам у святой Камуніі Леакадзія Браніславаўна зберагла ружанец і малітоўнічак, якія падараваў ёй праз святара сам Езус Хрыстус. Яна ў гэта свята верыць і беражэ любімыя рэчы як найкаштоўнейшы скарб. Папрасіла родных, каб і ў труну, калі адыдзе ў вечнасць, паклалі менавіта гэты блакітны ружанец.

Савецкі час. Вайна. Здаецца, адкуль у дзіцяці такая жывая вера? Сталася так, што з трох месяцаў дзяўчынку гадавала бабуля Схаластыка (маміна маці), глыбокай веры жанчына, якая належала да 3-га францішканскага закону свецкіх асобаў. У гэтым ёй дапамагала яе незамужняя дачка Яня, якая мела прыгожы голас і спявала ў касцёльным хоры. Пра тое, чаму яна трапіла да бабулі яшчэ немаўляткам, пані Лёдзя гаворыць: «Калі я нарадзілася, чамусьці не ўзяла матчынай грудзі. У бацькоў  на той час было 25 гектараў зямлі. Яны дзень і ноч працавалі. Бабулі, напэўна, падалося, што я была не вельмі дагледжанай, таму яна вырашыла забраць мяне да сябе ў вёску Слабада, што недалёка ад Хажова Маладзечанскага раёна. Бацькі ж жылі ў Сароках Валожынскага раёна».

У вёсцы Хажова ў той час быў прыгожы касцёл св. Антонія, дзе працаваў вядомы ксёндз Пётр Пупін. Так Лёдзя амаль з пялёнак, дзякуючы бабулі і цётцы Яні, стала бываць у касцёле. Святочныя і нядзельныя святыя Імшы ніколі не прапускаліся, што б там ні было. А на маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы абавязкова хадзілі кожны дзень да касцёла. Бабуля нават пехатою звадзіла малую ўнучку да Маці Божай Вастрабрамскай у Вільню.

Да Першай святой Камуніі Лёдзю разам з іншымі дваццаццю дзецьмі рыхтаваў сам ксёндз Пётр Пупін. Для дзяўчынкі, якая пакуль што гадавалася без бацькі, ён стаў амаль родным бацькам. Яго дабрыня, шчырая любоў да людзей, а таксама жывая гарачая вера дапамагалі ў ім бачыць добрага і міласэрнага Бога. Такога Бога немагчыма было не любіць! Напэўна, адсюль бяруць вытокі жывой веры і самой  пані Лёдзі, і многіх іншых людзей, якія на ўсё жыццё захавалі светлую памяць пра свайго святога святара Пятра Пупіна.

Калі Лёдзі споўнілася 13 гадоў, бацькі забралі яе ад бабулі дадому. Гэта быў 1945 год. Тата вярнуўся з вайны. У сям’і было яшчэ двое малодшых дзяцей. Бацькі больш не пусцілі дзяўчынку ў школу, сказаўшы, што трэба працаваць. Так з той пары ўсё жыццё Леакадзія Браніславаўна працавала на сваёй і калгаснай гаспадарцы.

На вялікі жаль, у іх вёсцы Сарокі не было касцёла. Да бліжэйшага трэба было ісці 22 кіламетры, а цудоўны касцёл св. Антонія ў Хажове падпалілі бандыты ўжо пасля вайны (тое ж самае яны зрабілі і з праваслаўнай царквою). З жахам жанчына ўспамінае, што свае ж людзі потым расцягвалі касцёльныя дошкі і бярвенні, выкарыстоўваючы іх як дровы. А той чалавек, які здымаў званы і крыж, вельмі моцна пакутаваў — некалькі гадоў не мог памерці...

Замуж Леакадзія Браніславаўна выйшла за аднавяскоўца. Яе бацькі былі супраць выбару дачкі, таму потым не дапамагалі, маўляў, сама выбірала, цяпер не скардзіся. Замужжа аказалася не вельмі шчаслівым: рэдкі дзень, калі муж прыходзіў да дому цвярозы і было спакойна. Аднак глыбокая вера жанчыны, памножаная на шчырую малітву, давала ёй сілы жыць і гадаваць пяцёра дзяцей.

У касцёл пані Лёдзя ездзіла пераважна ў Краснае. Там брала шлюб з мужам, там хрысціла дзяцей. У постсавецкі час, калі пачалося адраджэнне веры, да іх у Гарадок стаў прыязджаць ксёндз. Цэлы год святая Імша цэлебравалася ў хаце Леакадзіі Браніславаўны. Потым вернікам аддалі будынак былога складу, які з часам быў перабудаваны ў капліцу. Адбудовай займаліся айцы капуцыны Тадэвуш Кавальскі і Генрых Кучынскі. Апошні стаў тут пробашчам. Пані Лёдзя прызналася ў нашай размове, што кс. Генрых нагадвае ёй ксяндза Пятра Пупіна, такі ж добры і спагадны, і што яна любіць яго як свайго сына. Потым, павярнуўшыся да абраза Пана Езуса, прамовіла малітву: «Дзякую Табе, Пане Божа, што і перад смерцю даў мне такога ж святара, якім быў і першы мой святар Пётр Пупін!».

Ксёндз Генрых Кучынскі цяпер працуе ў Мар’інай Горцы, але не забываецца пра сваіх былых адданых парафіянаў. Запрасіў пані Лёдзю ў сваю парафію на ўрачыстасць Першай святой Камуніі, якая адбылася 25 мая. Леакадзія Браніславаўна падзялілася з дзецьмі сведчаннем сваёй веры, уразіўшы іх яшчэ і тым, што 62 гады беражліва захоўвае свой ружанец, які атрымала ў падарунак у дзень сваёй Першай святой Камуніі, а таксама пасведчанне аб той падзеі.

У чэрвені ксёндз Генрых паехаў з дзецьмі на «Адпачынак з Богам» у летнік пры парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзева. Аднаго разу ўсе яны завіталі ў госці да пані Лёдзі. Яна была вельмі рада — падаіла адразу ж сваю казу і частавала гасцей цёплым лекавым малаком. «Мы, як у роднай бабулі», — шчабяталі радасна дзеці, гуляючы на прасторным зялёным падворку. Падумалася тады, што ў сэрцах гэтых дзяцей абавязкова застанецца прыклад жывой веры простай сялянскай бабулі Лёдзі.

Галіна Калевіч

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла