Такая маленькая

Яна гаварыла пра сябе: «Я — маленькае нішто». Спявала... Узносячыся над ліпамі. Жыла, нягледзячы на надрэзанае горла і прабітае навылёт сэрца. Бачыла Духа Святога. Ён адкрыў ёй сакрэт: для святароў ёсць паратунак.

Кім яна была? Немагчыма апісаць абсалютна незвычайнае жыццё палестынкі ў некалькіх дзясятках сказаў, бо ў нас атрымаюцца скачкі думкі ў стылі школьнага пераказу «Валадара пярсцёнкаў»: «Адзін хобіт павінен закінуць пярсцёнак у адну дзірку. З гэтаю мэтаю ён падарожнічае на працягу трох тамоў, і ўрэшце яму гэта ўдаецца». 

Жыццё Маленькай арабкі было шчодрае на незвычайныя падзеі, а колькасцю дароў і харызмаў, якімі яна была адораная, можна было б з поспехам надзяліць усе малітоўныя групы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Сама пра сябе яна гаварыла: «Я — маленькае нішто», а знаёмаму святару раіла: «Будзьце маленькім, каб не ўваходзіць адзінока ў неба. Будзьце маленькім — і здабудзеце вялікую колькасць душаў». 

«Небывалая для іншых святых „інтэрвенцыя звышнатуральнага“ ў жыцці Маленькай арабкі з’яўляецца сведчаннем існавання іншага свету — сведчаннем, з якім цяжка не пагадзіцца, якое цяжка адмаўляць, якое выклікае неспакой у скептыкаў, здзіўленне ў агностыкаў, раздражненне ў атэістаў, — распавядае Рафал Тыхы, сцэнарыст цудоўнага фільма „Маленькая арабка і Матрыкс“. — Ужо само нараджэнне Марыям Баоуардзі было пазначана цудамі. Яна прыйшла ў свет паміж Назарэтам і Хайфай, у маленькай і беднай вёсцы Аберын. Яе бацькі за некалькі гадоў сужэнства мусілі пахаваць дванаццаць дзяцей, памерлых у калысцы па невытлумачальных прычынах. Змучаныя цярпеннем, яны вырашылі пайсці ў пілігрымку ў Бэтлеем, які знаходзіўся за 170 км ад іх мясцінаў, каб там у пячоры Божага Нараджэння прасіць у Марыі дзіцятка. Яны былі выслуханыя. 

5 студзеня 1846 года ў іх нарадзілася дачка, якой падчас хросту далі імя Марыям». 

Надрэзанае горла 

Пасля смерці бацькоў дзяўчынка трапіла ў Александрыю да дзя­дзькі. Калі яна ва ўзросце 12 гадоў адмовілася ад заручынаў, арганізаваных сям’ёю, выбухнуў скандал. «Заліваючыся слязьмі, яна зачынілася ў пакоі і ўпала перад абразом Маці Божай, — распавядае Тыхы. — Амаль усю ноч яна заставалася на малітве. Заснула пад раніцу. У сне яна ўбачыла Марыю, якая шапнула: „Марыям, паслухай натхненне, а Я табе дапамагу. Не бойся нічога“».

Дэманстрацыйны разрыў заручынаў разгневаў дзядзьку і абурыў усю сям’ю. Марыям уцякла. Ад знаёмага, у якога дзяўчына шукала дапамогі, яна пачула прапанову стаць мусульманкай, выйсці за яго замуж і стаць членам яго сям’і. 

Здзіўленая, Марыям адказала: «Стаць мусульманкаю? Ніколі! Я — дачка Каталіцкага Касцёла і спадзяюся, што застануся ёю назаўсёды». Мужчына раз’юшыўся. Ён выцягнуў кінжал і ўдарыў дзяўчыне па горле. Перакананы, што яна памерла, ён захінуў яе ў белую прасціну і кінуў у нейкім цёмным завулку. 

«След надрэзанага горла застаўся ў Марыям да канца жыцця, — тлумачыць Тыхы. — Гэта была рана 10-сантыметровай даўжыні і сантыметровай шырыні. Праз шмат гадоў жыцця Марыям у Кармэлі доктар атэіст пацвердзіў, што ў яе пашкоджаныя некалькі кругоў трахеі, і чалавек з такою ранаю не меў шанцаў выжыць. Для яго гэта было такім нечаканым, што ён прызнаў гэта за доказ існавання якойсьці звышнатуральнай рэчаіснасці». 

Дзяўчына была кінутая на вуліцы з надрэзаным горлам. І ў той час адбыўся збег падзеяў, перад якімі навука цалкам бездапаможная. Марыям успамінае, што, страціўшы прытомнасць, яна апынулася перад абліччам анёлаў. Дзяўчына ўбачыла бацькоў, многіх святых і нават Найсвяцейшую Тройцу. Калі яна апрытомнела, заўважыла, што знаходзіцца ў якойсьці невядомай пячоры, а побач з ёю ўвіхаецца таямнічая, апранутая ў блакітную сукенку жанчына. Маленькая арабка часта ўспамінала, што яе апякунка гатавала такі смачны суп, якога яна не ела ніколі ў жыцці. Калі аднойчы дзяўчынка прасіла чарговай дабаўкі, то пачула: «Марыям, памятай, заўсёды задавольвайся толькі самым неабходным. Не прасі большага. Бог заўсёды дае тое, што патрэбна, але ты не ў стане прыняць цэлы акіян». І большага яна не прасіла. 

Таямнічая апякунка прывяла дзяўчыну ў касцёл і адышла. Марыям пачала працаваць як служанка. Яна хавалася ад сям’і. У маі 1863 г. дзяўчына трапіла ў Марсель. Праз два гады была прынятая ў пастулат сясцёр святога Юзафа. Рада кангрэгацыі разводзіла рукамі перад вялікай колькасцю звышнатуральных дароў, якія атрымлівала палестынка. 21-гадовая Марыям зачынілася за мурамі Кармэлю. Яна прыняла імя Марыя ад Езуса Укрыжаванага. 

Змаганне за агонь

Магутны голас муэдзіна будзіць сонныя вулачкі Бэтлеема. За высокаю сцяною гандляры адчыняюць свае крамы з кардамонам і аліўкамі. Над дамамі ўзвышаюцца мінарэты 86-ці мячэцяў, а з выцвілых плакатаў пазіраюць твары забітых ісламскіх хлопцаў. Уваходжу ў спалены сонцам бэтлеемскі кляштар кармэлітак. Ён выглядае як салідная ўмацаваная крэпасць. Яго размяшчэнне, канструкцыя былі запісаныя ў планах Бога, а Марыям сачыла за тым, каб рэалізаваць да самых дробязаў канцэпцыю Галоўнага Архітэктара. Трапіўшы на Святую Зямлю, яна пачула: «У калысцы айца майго, Давіда, паставіш мне дом». Падчас малітвы яна ўбачыла ў Бэтлееме на ўзгорку, які быў насупраць узвышша базылікі Божага Нараджэння, чараду галубоў. «Вось там збудуем кляштар», — усклікнула яна. Да гэтага часу манашкі не ведалі, што гэтае месца спрадвеку называлі Давідавым узгоркам, бо за ім знаходзіцца грот, у якім Давід быў намашчаны на караля. На спечанай сонцам зямлі вырас кляштар, які сваёю формаю нагадвае Давідаву вежу.

«Пад алтаром (уваход з боку клаўзуры) знаходзіцца грот, дзе Давід быў намашчаны на караля, — с. Марыя Люцына ад Крыжа су­праваджае нас па Кармэлю. — Дзесьці тут стаяў дом Есэя! Марыям па-прароцку бачыла гэта. Бачыла таксама, што менавіта ў гэтым месцы адпачывала Марыя, перш чым нарадзіла Езуса, што сюды прыходзіў сам Езус перад 40-дзённым постам. Гэта месца змагання. Давід знаходзіўся тут перад бітваю з Галіяфам, Езус — перад змаганнем з дэманам у пустыні...»

«Ужо ў французскім Кармэлі Марыям спазнала дар левітацыі. Аднойчы, калі сёстры вячэралі, настаяцельніца з настаўніцаю заў­важылі, што Марыям знікла. Дзе яна падзелася? — ламалі яны сабе галовы. Шукалі па ўсім кляштары. Раптам пачулі аднекуль з саду: „L’amour, l’amour“ — „О любоў, о любоў“. Выбеглі вонкі і шырока раскрылі вочы ад здзіўлення: Марыям узносілася над магутнымі ліпамі. У Францыі гэта паўтарылася толькі восем разоў, — усміхаецца с. Марыя Люцына. — Што гэта значыць? Гэтая дзяўчына была так захоплена любоўю, што ўсялякія законы прыроды лопаліся, як мыльныя бурбалкі. Яна дазваляла любові ўзнесці сябе». 

Адной са звышнатуральных ласкаў, якую атрымала палестынка, былі стыгматы і перажыванне падзеяў Галготы. «Усё яе цела пранізвалі страсенні і дрыжыкі. Толькі ад выгляду гэтага ў нас разрываліся сэрцы. Яна часта паўтарала словы: „Божа мой, не пакідай мяне; Божа мой, я ўсё складаю Табе ў ахвяру“. Паполудні, у пятнаццаць хвілін на трэцюю, у яе пачалася агонія; усе сёстры сабраліся вакол церпячай. Яе ногі скарчанелі з выцягнутымі ступнямі, складзенымі адна на другой. Рукі, расхінутыя, як на крыжы, падтрымлівалі дзве сястры. Грудная клетка ўздзьмулася, а з вуснаў сыходзілі ўздыхі, быццам душа пакідала цела», — занатавалі кармэліткі. Марыям шматразова праходзіла праз пекла. Яна на ўласнай скуры спазнавала балючыя ўрокі ачы­шчэння. Дэман хацеў пачуць з яе вуснаў блюзнерствы. Безвынікова. Змардаваная манашка траціла прытомнасць, знясіленая атакамі з пекла, але ніколі не праклінала Ягняці. 

Выратавальнае кола

Адносіны Марыям са Святым Духам прысаромлівалі атачэнне. Яна бачыла Яго, размаўляла з Ім як з братам. «Сёння раніцаю, — распавядала яна 14 лістапада 1871 г., — я цярпела, бо не адчувала Бога. Маё сэрца было нібы жалезнае. Я не магла думаць пра Бога, заклікала Духа Святога і сказала: „Гэта Ты даеш нам пазнаць Хрыста. Апосталы доўга заставаліся разам з Ім, не разумеючы Яго, але адной кроплі Цябе хапіла, каб зразумелі Яго. Кроплі Цябе хопіць, каб Ты паказаў мне Езуса такім, якім Ён ёсць“».

«Пан паказаў мне ўсё, — распавядала яна. — Я бачыла перад сабою Галубку, а над ёю праліваўся келіх, нібы ў ім была крыніца. Тое, што вылівалася з келіха, акрапляла Галубку і абмывала яе. Я пачула голас, які сыходзіў з гэтага цудоўнага святла. Ён сказаў: „Хто б ні заклікаў Духа Святога <...>, знойдзе Мяне праз Яго. У таго свядомасць будзе чулая, як палявая кветка. Калі гэта будзе бацька ці маці, спакой запануе ў сям’і. У таго спакой будзе ў сэрцы і ў гэтым, і ў будучым свеце. Ён памрэ не ў цемры, а ў спакоі. Я горача жадаю, каб ты сказала, што ўсе святары, якія служаць раз у месяц святую Імшу пра Духа Святога, ушаноўваюць Мяне. А хто ўшануе Мяне і будзе ўдзельнічаць у гэтай святой Імшы, будзе ўшанаваны самім Духам Святым; і будзе мець у сабе святло; у глыбіні яго душы будзе спакой. Менавіта Ён прыйдзе вылечыць хворых і абудзіць тых, хто спіць. У доказ гэтага ўсе, хто будзе служыць гэтую святую Імшу альбо будзе ў ёй удзельнічаць, і хто будзе заклікаць Духа Святога, не выйдуць з гэтай святой Імшы, не спазнаўшы гэтага спакою ў глыбіні сваёй душы. І не памруць у цемры».

Гэта сапраўднае выратавальнае кола. Адна Імша ў месяц. «Я бачыла столькі рэчаў, звязаных з гэтым набажэнствам, што можна было б напісаць тоўстыя тамы, — распавядае Маленькая арабка, — але я не магу пра гэта гаварыць. Я непісьменная, не ўмею ні чытаць, ні пісаць. Пан адкрые гэтае святло таму, каму пажадае...»

Чаму б нам не паверыць у яе словы?

 

Марцін Якімовіч

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.

Паводле: Gość niedzielny, № 23, 2014 г.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла