Пілігрымка — умацаванне ў веры

Прэзiдыум Легiёна Марыi «Мацi Божай Успамогi Хрысцiянаў» у Бараўлянах iснуе ужо 7 гадоў. Шмат апостальскай  працы на хвалу Пана Бога выконваюць нашы легiянеры: наведванне шпiталяў, распаўсюджванне каталiцкай лiтаратуры, размовы з людзьмi, якiя прыхо­дзяць у касцёл з навакольных новабудоўляў, i шмат iншага. I ўсё гэта — пад нястомнай апекай  нашага духоўнага кiраўнiка, ксяндза дэкана Казiмiра Шыдэлкі, пробашча бараўлянскай парафii. Гэта вялiкi дар Найсвяцейшай Панны Марыi, што ў нас ёсць такi духоўны кiраўнiк. Мы ведаем, што не ўсе прэзiдыумы Легіёна Марыі маюць духоўных кiраўнiкоў i не ўсе святары так апякуюцца легiянерамі, як наш святар. Ён не толькi прысутнiчае амаль на кожным сходзе нашай суполкі, але ўважлiва слухае, падказвае, накiроўвае нашу дзейнасць, прапаноўвае розныя заданнi — уся наша апостальская праца вядзецца з благаслаўлення нашага духоўнага кiраўнiка.

Адной з формаў легiянерскай працы ў нашым прэзiдыуме з’яўляецца арганiзацыя пiлiгрымак і ўдзел у іх. Асаблiва мы любiм ездзіць па святых месцах, найперш наведваць касцёлы Польшчы, бо большасць нашых вернiкаў мае польскiя каранi. Наведванне святыняў у Чэнстахове, Лiхэнi, Лагеўнiках, Кракаве — гэта магчымасць адчуць сваю тоеснасць з паўсюдным Касцёлам, памалiцца на польскай мове, так, як малiлiся нашыя бацькi.

Нядаўна мы вярнулiся з адной з такiх пiлiгрымак. Тое, што мы перажылi i адчулi за гэтыя 4 днi нашай паездкі, немагчыма перадаць некалькiмi сказамi. Гэтыя ўражаннi застануцца ў нашых сэрцах надоўга.

Падчас наведвання санктуарыя на Яснай Гары ў Чэнстахове нам пашчасцiла ўдзельнiчаць у святой Iмшы перад аблiччам Мацi Божай Чэнстахоўскай, прайсці  Крыжовы шлях па манастырскiх мурах. Акрамя гэтага, мы сталi сведкамi моцнай веры i любовi да Мацi Божай польскай моладзi, якая ў гэтым годзе заканчвае школу, здае экзамены i выбiрае свой далейшы жыццёвы шлях. Яны цэлымi класамi, разам з настаўнiкамi i святарамi прыехалi ў гэтыя днi, каб пабыць з Маці Божай Чэнстахоўскай, каб даверыць Ёй свой лёс. Па некалькi сотняў аўтобусаў прыязджала кожны дзень у санктуарый, тысячы юнакоў i дзяўчат удзельнiчалi ў начным чуваннi і святых Iмшах. З намi ў пiлiгрымцы таксама была моладзь i дзецi, і ўсё ўбачанае стала для iх сапраўдным сведчаннем вялiкага даверу да Мацi Божай. Мы маліліся і молімся: «Матачка Божая! Дапамажы нашай моладзi i дзецям жыць у такой вось жывой веры да Цябе i Твайго Сына!».

Не менш запамінальным было нашае наведванне санктуарыя Божай Мiласэрнасцi ў Лагеўнiках. Мы перажывалі святую Iмшу на беларускай мове ў каплiцы св. Фаўстыны Кавальскай, маліліся «Вяночак да Божай Мiласэрнасцi» а 15-й гадзiне разам з сёстрамi Кангрэгацыі Мацi Божай Мiласэрнай i іншымі вернiкамi на пяцi мовах.

Калi ж мы прыехалi ў санктуарый Мацi Божай Успамогi Хрысцiянаў у Шчырку (каля мяжы з Чэхiяй), нашаму захапленню не было канца. Цудоўная прырода ў гарах, каплiца з дрэвам, на якiм аб’яўлялася Мацi Божая, крынiчка, што ўзнiкла па волi Мацi Божай, святая Iмша ў базылiцы пры цудатворным абразе Мацi Божай Шчыркоўскай — усё гэта давала адчуванне нябеснай радасці. А якім хвалюючым за некалькi тыдняў да кананiзацыi благаслаўлёнага Яна Паўла II было наведванне яго родных Вадавiцаў! Як важна было дакрануцца да купелi, дзе будучы Ян Павел II прыняў святы хрост, стаць на каленi i памалiцца ў тым месцы, дзе ён малiўся ў час сваiх пiлiгрымак на Радзiму!

Нельга не падзялiцца сведчаннем дзеяння Божага Провіду падчас нашай пілі­грымкі i сведчаннем таго, што Маці Божая апекавалася намi на працягу ўсяго шляху. Быў такi выпадак: па дарозе з Вадавiцаў да Кракава перад нашым аўтобусам, якi меў вышыню 3,8 м, узнiкла перашкода — дарожны знак аб забароне праезду пад мостам транспартных сродкаў вышэй за 3,5 м. Калi вадзiцелi сталi вырашаць, як аб’ехаць гэтую перашкоду, да iх пад’ехала машына і малады чалавек, які з яе выйшаў, сказаў: «Можаце ехаць смела, тут праходзiць транспарт вышынёй і ў 4 метры». Затым ён паказаў фотаздымкi, якiя дэманстравалі, як пад гэтым мостам праходзілi вялiкiя грузавiкi. Пасля гэтага ён сеў у машыну, развярнуўся  i паехаў у другi бок. Нiхто з нас не сумняваўся, што гэты чалавек быў пасланы нам звыш.

Думаецца, што для ўсiх удзельнiкаў пiлiгрымкi гэтыя днi сумеснай малiтвы ў святынях, у аўтобусе падчас дарогi, казаннi нашага ксян­дза дэкана Казiмiра сталi са­праўднымi плённымi рэкалекцыямi перад вялiкiм святам  Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Мы таксама шчаслівыя ад таго, што ў нас была магчымасць пабыць разам, пазнаёмiцца з новымi месцамi, даведацца пра iх гiсторыю. Мы шчыра дзякуем нашаму святару Казiміру 

Шыдэлку за тое, што ён, не шкадуючы сваiх сiлаў i здароў’я, дапамагаў нам арганізоўваць гэтую пілі­грымку, што ўвесь час быў разам з намi, падтрымлiваў сваімі жартамі тых, хто стамляўся. Мы дзякуем роднаму брату нашага ксяндза пану Эдварду Шыдэлку, яго жонцы Чэславе, усёй яго сям’i, якiя падчас кожнага нашага наведвання на радзiму айца Казiмiра прыязджаюць за сотню кiламетраў, каб сустрэцца не толькi з братам, але i з намi, яго парафiянамi, якіх святар лічыць сваёй сям’ёй. Мы ўсе ўдзячныя за iх дапамогу для нашай парафii, за ўсе тыя падарункi, якiя мы атрымалi ад iх: музычныя iнструменты для моладзi, арнат святого Юзафа ручной працы i шмат iншага.

А яшчэ мы шчыра дзякуем супрацоўнiкам Консульскага аддзела Польшчы ў Мiнску, асаблiва яго кiраўнiку — пану Марэку Пэндзiху, за хуткае вырашэнне нашай просьбы i дазволу на атрыманне вiзаў.

Абяцаем малiтву за ўсiх гэтых людзей.

Людмiла Яблонская — легіянер Марыі з бараўлянскай парафii Мацi Божай Успамогi Хрысцiянаў. 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла