У Гудагаі...

Гісторыя нашай святыні ў Гудагаі вельмі багатая — 250 гадоў толькі сценам, узведзеным з дрэва, самага добрага матэрыялу для будоўлі. Утульна і цёпла, прыгожа і светла. Тут лекі для душы і цела, тут адпачынак, радасць і спакой, адчуванне цуду...

Абразу Маці Божай Гудагайскай больш за 350 гадоў — яго збераглі для нас нашы продкі. Яшчэ «ў будзе, у гаі свяціўся і пасылаў людзям цудныя знакі, потым — у каплічцы і па людскіх хатках...». Абраз вандраваў па ваколіцах больш за 100 гадоў і нарэшце набыў сталае месца ў Гудагаі, у нашым утульным касцёле. Шматлікія цуды і ласкі, дапамогу, атрыманую праз заступніцтва Маці Божай Гудагайскай, спазналі вернікі з наваколля і з іншых месцаў. Гудагай стаў вельмі слынным, а словы падзякі яму людзі пакідаюць у спецыяльнай кнізе памяці.

Асабісты цуд маёй сям’і — аздараўленне мамы... Нарадзілася я непадалёку, у Астравецкім раёне, за 15 км ад Гудагая, замуж выйшла за гудагайскага хлопца. 

 

Нарадзілася я ў сям’і вялікай,

Апошняя, восьмая, «малой мяне клікалі»,

Мама мяне нарадзіла ў сорак

І цяжка хварэла,

А дзетак — падворак цэлы...

Мы маліліся да Маці Гудагайскай,

Кланяліся нізка: дапамажы, Ты ж так блізка!

Матулька нашая ачуняла, набралася сілы 

Ды дзевяноста гадочкаў з намі жыла.

Шчыра дзякуем Табе, Божа мілы!

 

Вельмі цяжкія часы пераследу мы перажылі разам з нашым касцёлам і нашым абразом, нашымі бацькамі, дзядулямі і бабулямі, святарамі, якія вельмі аддана працавалі ў невыносных умовах.

Апекунамі гудагайскай святыні здаўна былі кармэліты босыя, якія асабліва пашыралі шкаплерныя набажэнствы. На жаль, у 1832 г. кляштар ліквідавалі... І толькі праз 150 гадоў сюды зноў вярнуліся кармэліты босыя і сталі на варту гэтага цудоўнага месца.

 

На пачатку 90-х адбыўся цуд вялікі:

Мы святароў віталі ў Гудагаі.

Каб аднавіць свой ордэн, бронзавы шкаплер,

Прыехала нямала кармэлітаў:

Айцоў, сясцёр, братоў.

 

Спяшаліся ўсе ў Гудагай

На Імшы, рэкалекцыі і фэсты,

Каб атрымаць Марыйны прывілей —

Яе цудоўны бронзавы шкаплер,

Каб укрыцца покрывам Яе,

Каб мець заступніцу ў небе.

 

Дзякуем мы шчыра Богу

За цудоўны гэты шкаплер-дапамогу.

А руплівым кармэлітам,

Такім зычлівым і адкрытым,

Ды сёння яшчэ юбілярам знакамітым,

Жадаем, просячы Пана Бога,

Міласэрнасці і плённай дапамогі. 

 

Усе вернікі дзякуюць пробашчу а. Казіміру Марачкоўскаму, а. Лявону Цехановічу, а. Бэрнарду Радзіку, а. Аркадзю Куляху і многім іншым святарам за руплівую працу на Божай ніве. Дзякуем мілым сёстрам кармэліткам за іх працу і малітвы. Дзякуем за цудоўныя ружанцовыя дарожкі, за гудагайскую Кальварыю.

Парафіянка Валянціна.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла