Дзяўчаты з голымі жыватамі

Думаю, трэба пагаварыць пра гэта, бо перыядычна ў нас пачынаецца «сезон агалення», які працягваецца даволі доўга. Мяне зразумеюць мужчыны і хлопцы, бо ўлетку яны больш, чым хто-небудзь, павінны весці барацьбу з уласнымі вачыма — у крайнім выпадку, тыя з іх, хто блізка да сэрца прыняў словы Езуса: «А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім» (Мц 5, 28).

Езус вельмі высока падняў планку патрабаванняў. Калі б Ён гэтага не зрабіў, і я б не задумваўся над тым, што нясу адказнасць за тое, на што гляджу і як гляджу. Я проста не ведаю, як бы сёння справіўся з гэтым светам, які крычыць мне з усіх бакоў: «Глядзі на мяне з пажадлівасцю!».

Тое, як я пазіраю на сваю жонку, як успрымаю іншых жанчын, у рэшце рэшт, як я стаўлюся да ўласнага цела — на ўсё гэта накладвае свой адбітак убачанае, прачытанае, затрыманае ў маіх думках. Калі я змагаўся за чысціню сваіх адносінаў з людзьмі, я пераканаўся (не без болю), што мары — гэта не тая прастора, у якой... мне ўсё дазволена. Сёння, пасля многіх гадоў барацьбы, я нават сказаў бы, што менавіта з гэтага ўсё і пачынаецца.

Але давайце выйдзем на нашыя вуліцы, бо навошта бяздоказна разважаць пра цнатлівасць у цішыні ўласнага дома. І вось тут, сярод дзяўчат і жанчын, якія з усёй моцы імкнуцца прадэманстраваць ужо нават не абаяльнасць і прыгажосць, а проста сваю сексуальную прывабнасць, даводзіцца вы­трымліваць сапраўдны экзамен па шостай Божай запаведзі. Ці не спрыяюць нашыя часы святасці? Пры такой вольнасці нораваў, нават калі гаворка ідзе толькі пра моду, для таго, каб захаваць сваё сэрца чыстым, трэба сапраўды добра кантраляваць свае позіркі і думкі.

Мне вельмі шкада сённяшніх юнакоў! Як яны з усім гэтым спраўляюцца? Нашаму старэйшаму сыну хутка давядзецца ўступіць у барацьбу з гэтай «стыхіяй».

А яго бацька?.. У яго ёсць любімая жонка, так што ён змог дазволіць сабе даволі спецыфічнае вырашэнне праблемы. Увогуле гэта Езус сказаў: «Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену» (Мц 5, 29).

Ужо некалькі гадоў я ўвогуле не гляджу на нясціпла апранутых дзяўчат і жанчын. Гэта патрабуе ад мяне вялікіх намаганняў, але я атрымаў спакой. Акрамя таго, гэта спрыяе паляпшэнню маіх стасункаў з Хрыстом. Я пазбавіўся нейкіх перажыванняў, звязаных з гэтым светам (часам, прызнаюся, я крыху шкадую пра гэта), але мой дух узмацняецца! Я гэта добра адчуваю, таму, думаю, у прыняцці такога рашэння быў сэнс.

Святы Хасэмарыя Эскрыва ў сваёй кнізе «Шлях» прыво­дзіць розныя прыклады з жыцця святых: «Каб захаваць сваю цнатлівасць, святому Францішку з Асізі давялося качацца па снезе, святы Бэнэдыкт кінуўся на куст церняў, святы Бэрнард нырнуў у ледзяную сажалку...». А што зрабіў ты? Можа, у цябе ёсць іншы спосаб, але, думаю, трэба нешта рабіць. Калі яшчэ падумаю, што «шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць», то ў мяне ўжо няма сумнення ў тым, што змагацца варта.

Хтосьці можа сказаць: «Ну, гэта ўжо занадта...». Аднак свет ужо настолькі далёка адышоў ад таго, чаго патрабуе ад нас Хрыстус, што мы паступова страчваем успрымальнасць і ўражлівасць, уласцівую тым, хто Яму верыць. Але ж нам заў­сёды ёсць што змяніць у сабе, каб вярнуцца на Яго шляхі.

Ваш чытач Максім.

бухгалтерский учет - фифо

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла