Усё пачынаецца з дзяцінства

Калі спытацца, з якога ча­су можна гаварыць пра дзіцячую годнасць, пра павагу да дзіцяці, то я адказала б: з моманту зачацця. Адносіны да дзіцяці вызначаюцца тым, наколькі яно жаданае для бацькі і маці, наколькі яны гатовыя да бацькоўства.

Бывае, што бацькі не ўспрымаюць немаўля як асобу, яно для іх — мілая жывая цацка, іх уласнасць. Вось тут і пачынаецца знявага годнасці маленькага чалавека, якая часам прымае самыя пачварныя формы.

Калі дзіця навучыцца ха­дзіць, яно пачынае актыўна спасцігаць свет, але нашым любімым словам становіцца «нельга». Мая аднагадовая дачка неяк схапіла губную памаду і ўсю сябе размалявала. У першы момант я абурылася, а потым падумала: «А чаму, сапраўды, ёй нельга тое, што дазволена маме і бабулі? Яна ж усяго толькі пераймала ад нас тое, што бачыла, і ў гэтым няма нічога дрэннага». Аднак у такіх выпадках мы часцей за ўсё бяздумна абрушваем на дзяцей свой гнеў.

Далей — болей. Прыйшоў з вуліцы брудны — крык, атрымаў дрэнную адзнаку ў школе — зноў крык, абразлівыя словы. З кожным разам у душы дзіцяці растуць адда­ленасць, недавер да дарослых, якія самі часта памыляюцца, але патрабу­юць ад яго поўнага падпарадкавання. Дзіця добра бачыць і памылкі, і недахопы бацькоў, адчувае ўсялякі падман і адказвае замкнёнасцю, грубасцю, непаслушэнствам, хлуснёй. Атрымліваецца зам­кнёнае кола. Бацькі расчараваныя тым, што дзіця не спраўдзіла іх спадзяванняў, і яны не прызнаюць права на ўласную годнасць за такой «сапсаванай» істотай. Але ж і самі губляюць сваю годнасць і свой гонар, праяўляючы несправядлівасць да дзіцяці.

Дзеці часта перашкаджаюць дарослым і прыносяць нямала клопату. Але калі бацька ці маці могуць пера­прасіць дзіця за свае памылкі, гэта ўзвышае бацькоў у вачах дзяцей і служыць для іх прыкладам. Чалавек, які расце, не павінен баяцца быць самім сабою. Калі баць­кі бясконцымі папрокамі і пакараннем прышчапляюць яму страх перад праўдай, ён пойдзе шукаць суцяшэння на вуліцы, у кампаніі, у падваротнях, дзе часцей за ўсё пануе скажонае паняцце аб годнасці, а большыя правы мае той, хто мае большую сілу.

Вельмі страшна, калі бацькі выступаюць у ролі карнікаў. Напрыклад, сын нібыта правініўся ў школе — бацька выслухоўвае грозныя словы настаўніка, а дома, не разабраўшыся, бярэ дзягу. А раптам сын не вінаваты альбо не ўсё было так, як гаварыў настаўнік? Бацька не дае дзіцяці магчымасці апраўдацца, прыніжае ягоную годнасць тым, што загадзя не верыць яму менавіта тады, калі найбольш патрэбна падтрымка блізкіх, іх дабрыня, даверлівая і спакойная размова. Патрэбна любоў!

Давайце ж вучыцца любіць дзяцей не за тое, што яны прынеслі пяцёрку ці падмялі падлогу, а за тое, што яны — такія ж людзі, як і мы, дарослыя, і ў іх ёсць свая годнасць.

Як сказаў Фазіль Іскандэр, «цуд дзіцяці ў тым, што ён ужо чалавек, але чысты». Дык дапаможам жа яму зберагчы гэтую чысціню.

Алена Ясуловіч, псіхолаг.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла