Сакрамэнт Эўхарыстыі

Найсвяцейшая Эўхарыстыя з’яўляецца апошнім з сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі. Чалавек, стаўшы праз сакрамэнт хросту Божым дзіцем, умацаваны сакрамэнтам канфірмацыі, удзельнічае ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі — найвялікшым Божым дары для ўсяго чалавецтва, бо менавіта ў гэтым сакрамэнце рэальна прысутнічае сам наш Збаўца — Езус  Хрыстус.


Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабору гаворыць, што Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю касцёльнага жыцця. Каб добра зразумець гэтыя словы, трэба ўсвядоміць, што ўсе іншыя сакрамэнты, усе іншыя віды касцёльнай паслугі, апостальская праца Касцёла — усё гэта звязана з Эўхарыстыяй і імкнецца да яе. Сапраўды, удзяленне сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, сужэнства, святарства, асвячэнне новага касцёла, капліцы, благаслаўленне плёнаў чалавечай працы і г.д. — усё гэта найчасцей звязана з цэлебрацыяй святой Імшы.

Сакрамэнт Найсвяцейшай Эўхарыстыі вельмі багаты па сваім змесце, таму натуральна, што існуе некалькі яго назваў — ён называецца Найсвяцейшай Эўхарыстыяй (па-грэцку «эўхарыстыя» — гэта «падзяка»), бо гэты сакрамэнт з’яўляецца падзякаю Богу за Яго незлічоныя справы; называецца ён таксама Вячэраю Пана, таму што быў устаноўлены Езусам падчас Яго Апошняй Вячэры са сваімі вучнямі, і Езус наказаў чыніць гэта ў памяць аб Ім; называецца таксама ламаннем хлеба, бо менавіта гэты характэрны абрад юдэйскай вячэры быў выбраны Хрыстом на Апошняй Вячэры — гэты абрад быў настолькі  вядомы вучням, што менавіта па ламанні хлеба яны распазналі ўваскрослага Езуса па дарозе ў Эмаўс; называецца таксама Эўхарыстычным Сходам, бо Эўхарыстыя заўсёды (нават калі святар цэлебруе адзін) здзяйсняецца ў Касцёле — сходзе веруючых; называецца святой Ахвяраю, таму што яна актуалізуе адну адзіную ахвяру Хрыста і ўключае ў яе ахвяру Касцёла; называецца таксама святой Божай літургіяй, бо, як мы ўжо казалі, менавіта здзяйсненне сакрамэнту Эўхарыстыі з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю ўсяго касцёльнага жыцця; яго называюць таксама Найсвяцейшым Сакрамэнтам, Камуніяй, таму што праз гэты сакрамэнт мы злучаемся з Хрыстом, каб быць з Ім адным целам. І нарэшце, у практыцы лацінскага Касцёла мы часта ўжываем тэрмін святая Імша, бо літургія, падчас якой здзяйсняецца гэты Найсвяцейшы Сакрамэнт, заканчваецца рассыланнем вернікаў з місіяй абвяшчэння гэтай вялікай таямніцы. Як мы бачым, гэты сакрамэнт можна называць па­рознаму, і ніякая з гэтых назваў не з’яўляецца памылковаю, бо кожная з іх падкрэслівае адзін з аспектаў гэтага найвялікшага сакрамэнту.

Вядома, што для здзяйснення Эўхарыстыі патрэбныя хлеб і віно — гэтыя найпрасцейшыя рэчы, якія выбраў Езус, каб назаўсёды застацца разам з намі. Менавіта хлеб і віно падчас святой Імшы становяцца Целам і Крывёю Езуса Хрыста.

Як гэта адбывалася падчас Апошняй Вячэры, мы кожны раз чуем на святой Імшы: «Ён, калі дабравольна выдаў сябе на мукі, узяў хлеб і, падзяку Табе складаючы, ламаў і раздаваў сваім вучням, кажучы: БЯРЫЦЕ І ЕШЦЕ З ГЭТАГА ЎСЕ, БО ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ, ЯКОЕ ЗА ВАС БУДЗЕ ВЫДАНА. Падобным чынам па вячэры ўзяў келіх, зноў Табе падзяку складаючы, падаў сваім вучням, кажучы: БЯРЫЦЕ І ПІЦЕ З ЯГО ЎСЕ: БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ НОВАГА І ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ, ЯКАЯ ЗА ВАС І ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ. ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ».

Менавіта пасля гэтых словаў святара на алтары знаходзяцца ўжо не хлеб і віно, а Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста, і гэта з’яўляецца найвялікшаю таямніцаю нашай веры.

Чаму Езус выбраў менавіта знакі хлеба і віна? Таму што яны былі вельмі добра вядомыя юдэйскаму народу. Ужо ў Старым Запавеце хлеб і віно прыносяцца ў ахвяру Збаўцу, але больш ясны сэнс гэтых знакаў можна бачыць у юдэйскай пасхе — незаквашаны хлеб, які ізраільскі народ штогод спажывае падчас Пасхі, нагадвае аб спешным зыходзе з зямлі егіпецкай, а таксама напрыканцы пасхальнай вячэры віно выкарыстоўвалася як знак месіянскага чакання. Здзяйсняючы Апошнюю Вячэру разам са сваімі апосталамі менавіта падчас Пасхі, Езус надзяліў юдэйскую Пасху новым канкрэтным сэнсам.

Як мы ўжо казалі, Езус падчас Апошняй Вячэры даў загад вучням, каб яны чынілі гэта ў памяць аб Ім. Што значаць гэтыя словы? Езус жадае, каб мы не толькі ўспаміналі аб Ім і аб тым, што Ён учыніў падчас Апошняй Вячэры. Тут гаворка ідзе менавіта аб літургічным здзяйсненні апосталамі, а пасля іх пераемнікамі біскупамі і святарамі ўспаміну Хрыста, Яго жыцця, смерці і ўваскрасення. І з самага пачатку свайго існавання Касцёл быў верным гэтаму наказу Хрыста. Ужо ў Кнізе Дзеяў Апосталаў мы чытаем, што хрысціяне збіраліся разам на ламанне хлеба ў першы дзень тыдня, гэта значыць у дзень уваскрасення Хрыста. І з таго часу ўжо на працягу двух тысяч гадоў гэтая цэлебрацыя Эўхарыстыі ніколі не перарывалася.

Натуральна, што на працягу стагоддзяў мянялася форма цэлебрацыі Эўхарыстыі, але агульны парадак і сут­насць гэтага сакрамэнту заўсёды заставаліся. Захаваліся сведчанні святога Юстына мучаніка з ІІ стагоддзя, дзе ён апісвае структуру эўхарыстычнай цэлебрацыі — у першы дзень тыдня ўсе хрысціяне збіраюцца ў адным месцы, чытаюць, наколькі дазваляе час, Дзеі Апосталаў або пісанне Прарокаў, пасля цэлебрант тлумачыць прачытаныя словы, затым усе чытаюць малітвы і перадаюць знак супакою, а пасля адбываецца эўхарыстычная малітва, прыняцце Цела Пана і дыяканы разносяць Цела Хрыста тым, хто адсутнічае. Як бачым, і ў ІІ стагоддзі, і сёння захоўваецца адна структура цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Існуюць дзве найважнейшыя часткі — гэта літургія Слова з чытаннямі, казаннем і супольнай малітвай і Эўхарыстычная літургія, падчас якой прыносяцца і асвячаюцца хлеб і віно, а таксама ўдзяляецца святая Камунія. Літургія Слова і Эўхарыстычная літургія складаюць адно цэлае, і іх немагчыма раздзяліць.


Кс. Дзмітрый Пухальскі
Фота Валянціны Аўсяннікавай

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла