Ці лячыць хваробы замовамі?

Ксёндз Андрэй Рылка — магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ; намеснік дырэктара і мадэратар навучання Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, адказны за СМІ, акадэмічнае і моладзевае душпастырства ў Пінскай дыяцэзіі.

Як Касцёл ставіцца да даўняй народнай традыцыі лячыць хваробы замовамі, у часе якіх вельмі часта выкарыстоўваюцца і малітвы?

У нашай краіне даволі шырокай папулярнасцю карыстаюцца разнастайныя знахаркі, варажбіткі, прарочыцы, азда­равіцелі і да т.п. У сувязі з тым, што наш народ у сваёй абсалютнай большасці хрысціянскі,  адпаведна і «рынак» магічных паслугаў дастасоўваецца да попыту спажыўцоў. На «прыёме» ў знахара шараговы беларускі чалавек найчасцей убачыць праваслаўную ікону, таму што большасць жыхароў краіны — праваслаўныя, а замова сапраўды часта нагадвае хрысціянскую малітву. Здаецца, што ўсё вельмі «па-Божаму». Аднак больш дасведчаныя вернікі, спакусіўшыся на сеанс «лячэння», заўважаць, што, акрамя малітвы, у ім выкарыстоўваюцца «замоўленыя» рэчы або прадукты, адпаведны рытм і колькасць паўтарэнняў «малітвы», а таксама дадатковыя дзеянні і словы, незразумелыя або схаваныя ад «пацыента». Ад гэтых элементаў сакрэтнасці і паходзіць агульная навуковая назва такога тыпу практыкаў — акультныя (лац. «occulo», «occultus» — «схаванае», «сакрэтнае»).

Рашэнне звярнуцца да знахара вельмі часта ўзнікае ў сітуацыі безнадзейнасці, калі невядома, дзе шукаць ратунку ў складанай жыццёвай сітуацыі, або пры бяссіллі медыкаў перад няўмольнасцю цяжкай хваробы. Калі чалавек не ведае Бога, гэта можна неяк зразумець. Аднак хрысціяніну, які не толькі ведае Бога, але праз хрост стаў Яго дзіцем, няма сэнсу звяртацца да кагосьці іншага, калі яго Айцец — Усемагутны Бог, для якога няма нічога немагчымага. Таму ў Святым Пісанні Пан Бог называе агідаю, абразаю і найцяжэйшым грахом тое, што Яго дзеці прыходзяць са сваімі клопатамі не да Яго, але да нейкіх «магаў» (пар. Дрг  18, 9–12; Ер 29, 8; Мудр 13, 1–5; Дз 8, 9–24; 13, 10). Нездарма грэх ідалапаклонства і магіі Біблія ставіць на першае месца сярод папярэджанняў Дзесяці Божых запаведзяў (пар. Зых 20, 3; Дрг 5, 7; 6, 4–5; 20, 2–5). 

Хтосьці можа запярэчыць, што ён ідзе да Бога, бо знахар («бабка», харызматык, кантакцёр і г.д.) моліцца. Аднак у такой сітуацыі гэты маг, ці «бабка», становіцца альтэрнатываю малітве Касцёла (Царквы). Атрымліваецца, што нібыта існуюць дзве незалежныя сілы: Касцёл з аднаго боку і «цаліцель»  — з другога. Куды ж ісці: у касцёл ці да «аздаравіцеля»? Большасць адкажа прагматычна: «Трэба звяртацца і туды, і туды, каб выкарыстаць усе магчымасці». А на самай справе існуе фундаментальная розніца паміж магічным і хрысціянскім падыходам да жыцця, якія нельга спалучаць.

Магічны (язычніцкі) падыход да малітвы характарызуецца тым, што чалавек ставіць на першае месца сваё «я», свае пажаданні, сваю волю, свае планы і бачанне жыцця. Ён гатовы выкарыстоўваць любыя практыкі і інструменты, каб дабіцца сваёй (!) мэты. 

У хрысціянстве чалавек усё давярае Богу, бо верыць, што Ён — любячы Айцец, які жадае найлепшага для свайго дзіцяці, і таму пакіруе сітуацыяй так, каб для чалавека (Яго дзіцяці) было найлепей. А калі Бог усё ведае і ўсё можа, і няма нікога разумнейшага, магутнейшага і больш любячага, то лагічна, што трэба мець дачыненні толькі з Ім і давяраць толькі Яму. Больш за тое, хрысціянін — гэта чалавек, які верыць, што Бог стварыў на зямлі спецыяльную супольнасць — Касцёл (Царкву), надзеленую надзвычайнымі дарамі (святымі сакрамэнтамі). Касцёл — гэта не толькі супольнасць вернікаў, але і містычнае Цела Хрыста. Таму тое, што здзяйсняецца ад імя ўсяго Касцёла, робіцца самім Хрыстом (пар. Рым 12, 4–5; Клс 1, 18; KKK 789–796). Няма больш моцнага і эфектыўнага дзеяння, чым дзеянне Хрыста-Касцёла, і таму хрысціянін не мае патрэбы ў ніякіх знахарах і альтэрнатыўных паслугах, бо ён мае доступ да асаблівай (сакрамэнтальнай) сувязі з самім Богам, а кожная альтэрнатыва Хрысту-Касцёлу (Богу) раўназначная здрадзе і з’яўляецца відавочным абсурдам. 

Існуе яшчэ адна вельмі далікатная форма акультызму, здрады Пану Богу, якая можа заблытаць верніка. Гэта спакуса думаць, што знахарка мае дар ад Бога, што яна вельмі пабожная, што Пан нейкім асаблівым чынам слухае яе малітвы, а малітвы іншых людзей (нават Касцёла) не чуе. Гэта падман. Аналіз Бібліі і двухтысячагадовы вопыт хрысціянства паказваюць, што раней ці пазней усялякія альтэрнатыўныя Касцёлу (Хрысту, сакрамэнтам) прапаведнікі і аздаравіцелі аказваліся або звычайнымі шарлатанамі, або былі кіраваныя злым духам, які маніпуляваў іх усведамленнем сваёй эксклюзіўнасці, выбранасці, місіі і да т.п.

У сувязі з тым, што ў каталіцкім асяроддзі пачалі набываць папулярнасць разнастайныя «малітвы аб аздараўленні», пагоня за вернікамі або святарамі «харызматыкамі», ці «аздаравіцелямі», Касцёл пачаў пера­сцерагаць вернікаў ад спакусы магічнага падыходу да веры. На гэтую тэму Апостальская Сталіца выдала спецыяльныя дакументы, сярод якіх варта ўзгадаць выдадзеную Кангрэ­гацыяй Веравучэння Інструкцыю пра малітву аб аздараўленні (14.09.2000), у якой Касцёл перасцерагае вернікаў, каб не паддаваліся спакусе магічнага падыходу да малітваў, сакрамэнтаў ці святароў. У 2001 г. Кангрэгацыя Божага культу выдала дакумент, у якім заклікае вернікаў не ператва­раць літургію ў магічнае («харызматычнае») спатканне, калі да Бога прыходзяць для таго, каб патрабаваць (чакаць) ад Яго аздараўлення («Дырэкторый аб народнай пабожнасці і літургіі», 17.12.2001). У хрысціянстве няма катэгарычнага патрабавання і прымусу. Ёсць давер да любячага Бога, які ведае, што нам патрэбна на самай справе, і жадае нам гэта даць. Ад нас патрабуецца толькі не згубіць з Ім кантакт, дазваляючы Яму вырашаць, што і як рабіць. Аднак нам хочацца, каб было так, як нам хочацца, як нам здаецца, хоць сапраўдны хрысціянін ведае, што чалавек можа памыляцца, і толькі адзін Бог ведае, як для нас найлепей. Прыклад многіх святых паказвае, што нават цяжкая хвароба можа быць дапушчаная Панам Богам, каб па-сапраўднаму духоўна аздаравіць цэлую сям’ю. Святары ведаюць шмат прыкладаў таго, як праз хваробу і нават смерць кагосьці блізкага цэлыя сем’і навярталіся да Бога, выпраўлялі сваё жыццё. Таму крыж пакутаў можа быць дапушчаны Богам для таго, каб стаць крыжам збаўлення і для самога чалавека, і для яго блізкіх.

Часта зварот да знахараў звязаны з тым, што вернік не ўсведамляе таго, што ён ужо мае, належачы да Касцёла. Няма больш моцнага аздараўлення ад Бога, чым шчырае прыняцце святых сакрамэнтаў, сярод якіх Езус пакінуў нам нават спецыяльны сакрамэнт — намашчэнне хворых, прадугледжаны для тых, хто мае праблемы з фізічным здароўем. Пра распаўсюджанасць і моц гэтага сакрамэнту наўпрост згадваецца ў Бібліі (пар. Мк 6, 13; Як 5, 14–16). Акрамя таго, мы атрымліваем аздараўленне, прыступаючы да шчырай споведзі, прымаючы чыстым сэрцам святую Камунію. Усе ведзьмары свету бяссільныя перад вернікам, паяднаным з Богам, бо моц хрысціяніна — гэта моц самога Хрыста, які ў ім прабывае.

Хрысціянам не трэба азірацца на язычнікаў, якія не ведаюць Жывога Бога і шукаюць ратунку ў зямных тварэннях і штукарствах, імітуючых малітвы Касцёла. Гэта прымітыўнае цемрашальства з хрысціянскімі дэкарацыямі, на якім хтосьці зарабляе, а хтосьці становіцца ахвяраю не толькі шарлатана, але і дэманічных залежнасцяў. Таму кожны раз, калі ўзнікае пытанне аб пошуку шляхоў аздараўлення, адказ хрысція­ніна павінен быць адназначны: святыя сакрамэнты Касцёла, яднанне з самім Хрыстом. Ніякая «бабка», нават абстаўленая сотнямі іконаў і прыгожымі ма­­літвамі, не можа параўнацца з уваскрослым Езусам — Панам Неба і Зямлі, які сыходзіць на алтар для таго, каб у Камуніі паяднаць чалавека з Богам, даць яму звышнатуральную моц — Божую ласку. У споведзі і намашчэнні Езус дае здароўе душы і целу настолькі, наколькі гэта неабходна, каб прывесці чалавека да неба. Усім хрысціянам перад спакусаю актыўнасці разнастайных магаў неабходна радасна абвяшчаць рэальную моц Непераможнага Хрыста — Адзінага Аздаравіцеля свету, які заснаваў святы Касцёл як дасканалую прастору збаўлення. 

Кс. Андрэй Рылка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла