Узор нашай веры

З надыходам месяца мая каталіцкія вернікі ў Беларусі збіраюцца на маёвыя набажэнствы. Прычым не толькі ў касцёлах, але і каля прыдарожных крыжоў і каплічак, у сваіх дамах. Такі актыўны ўдзел у наба­жэнствах сведчыць пра вялікую марыйную пабожнасць нашага народа.


Праўдападобна, што на раз­віццё марыйнай пабожнасці ўплыў аказалі традыцыі, якія прыйшлі з Усходу, дзе ўжо ў V стагоддзі вернікі збіраліся і спявалі песні ў гонар Багародзіцы. Прыхільнікам такой формы малітвы быў святы Кірыл Александрыйскі. Акафіст — марыйны гімн усходніх хрысціянаў — стаў узорам для багаро­дзічных літаній, у тым ліку для Ларэтанскай літаніі. У першым тысячагоддзі некаторыя мясцовыя хрысціянскія супольнасці на Захадзе пачалі прысвячаць цэлы месяц адмысловаму ўшанаванню Панны Марыі, але не заўсёды гэта быў май.

На мяжы XIII і XIV стагоддзяў у заходняй хрысціянскай традыцыі месяц май пачынаюць лічыць месяцам, прысвечаным Панне Марыі. Паспрыяў гэтаму іспанскі кароль Альфонс Х (+1284), які заахвочваў сваіх падданых майскімі вечарамі збірацца каля фігураў Багаро­дзіцы на малітву.

Да пашырэння папулярнасці маёвых набажэнстваў вельмі спрычыніўся італьянскі езуіт айцец Альфонс Муцарэлі, які ў 1787 годзе выдаў брашуру, у якой папулярызаваў гэты Багародзічны культ. У 1814 годзе папа Пій VII устанавіў звязаны з набажэнствам спецыяльны адпуст, а ў 1859 годзе чарговы біскуп Рыма Пій ІХ — прызнаў канчатковую форму гэтай малітвы, якая звычайна складаецца з Ларэтанскай Літаніі, навукі святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На нашых землях традыцыя маёвых набажэнстваў узнікла ў ХІХ стагоддзі1.

«Сэрцам» маёвага набажэн­ства з’яўляецца Ларэтанская літанія — адна з найпрыгажэй­шых малітваў ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі. У літаніі Касцёл праслаўляе тыя цноты і ласкі, якімі Бог адарыў Маці Божага Сына. Гэта малітва, верагодна, узнікла ў ХІІ ст., хутчэй за ўсё, у Францыі, і была афіцыйна зацверджаная папам Сікстам V. Назва «Ларэтанская» паходзіць ад італьянскага мястэчка Ларэта, дзе знаходзіцца адна з найвялікшых марыйных святыняў — домік з Назарэта, у якім Марыі з’явіўся Анёл Габрыэль. Менавіта там літанія набыла вельмі вялікую папулярнасць у вернікаў2.

Маёвыя набажэнствы — гэта праяўленне народнай пабожнасці. Літургія і пабожнасць з’яў­ляюцца абавязковымі часткамі духоўнага жыцця чалавека. Гэтыя часткі цесна звязаныя паміж сабою. Літургія мае ў народнай пабожнасці сваё дапаўненне, з’яўляючыся адначасова крыніцай і ўзорам для ўласнай пабожнасці3.

Святы папа Ян Павел ІІ навучаў, што «нельга пагарджаць гэтай народнай пабожнасцю або ставіцца да яе абыякава, бо яна, багатая рознымі вартасцямі, ужо сама па сабе ўвасабляе рэлігійную скіраванасць на Бога»4. Набажэнствы, ініцыяваныя вернікамі, і «іншыя формы пабожнасці з’яўляюцца пажаданымі і вартымі рэкамендацыі пры ўмове, што яны не будуць замяняцца і не будуць спалучацца з літургічнымі набажэнствамі»5.

Пра значэнне маёвых набажэнстваў разважаў папа Павел VI у энцыкліцы «Mense Maio»: «Гэтая пабожная практыка, звязаная з месяцам маем, з’яўляецца для Нас вельмі прыемнай і напаўняе Нас суцяшэннем, таму што ўшанаванне Марыі прыносіць хрысціянскаму народу шчодры плён. Марыя — гэта дарога, якая вядзе да Хрыста, а ўсе сустрэчы з Марыяй, безумоўна, з’яўляюцца сустрэчай з Хрыстом. Чаго ж шукаем мы, калі пастаянна звяртаемся да Марыі? Толькі Хрыста, які спачывае на Яе руках, гэта значыць шукаем Яго ў Ёй, праз Яе і з Ёю. Да Хрыста, свайго Збаўцы, павінны звяртацца людзі падчас збянтэжанасці і небяспекі гэтага свету, тым больш, што патрэба іх душаў скіроўвае іх да Езуса як да гавані і крыніцы звышнатуральнага жыцця»6. Таму ў марыйным месяцы з большаю адданасцю і даверам павінны ўзносіцца просьбы да Багародзіцы, каб выпрасіць у Яе ласкі і дары, бо Бог прызначыў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодраю распарадчыцаю сваіх дароў7.

Ад самага пачатку існавання Касцёла вернікі ахіналі Багародзіцу асаблівай пашанай. Да Яе звярталіся ў асабліва цяжкія хвіліны. Яны былі глыбока перакананыя, што Найсвяцейшая Панна іх выслухае і прыйдзе на дапамогу. Кожны раз, калі былі цяжкія сітуацыі, безнадзейныя моманты, вернікі звярталі свае вочы да Марыі, якую лічылі сваёй Маці, бо Яна поўная моцы, любові і дабрыні.

Аднак мы павінны памятаць, што ў нашых адносінах да Най­свяцейшай Панны недастаткова толькі розных набажэнстваў: Марыя таксама павінна быць для нас прыкладам добрага жыцця, згоднага з Божай воляй. Таму Другі Ватыканскі Сабор навучае, што «сапраўдная пабожнасць грунтуецца не на марным і часовым пачуцці ці на нейкай дарэмнай легкавернасці, але паходзіць з праўдзівай веры, якая вядзе нас да прызнання выключнасці Багародзіцы і пабуджае нас па-сыноўску любіць нашу Маці і наследаваць Яе цноты»8.

Калі мы чуем, што Маці Божая з’яўляецца для нас прыкладам жыцця, найперш у святле веры, нам можа здавацца, што такое сцвярджэнне ставіць для нас празмерна высокія планкі. Як можна казаць аб тым, каб быць падобным да Той, якая была Найсвяцейшай? Нам можа здавацца, што Марыі было лёгка верыць, бо Яна была Божай Маці і была поўная ласкі.

Верыць Найсвяцейшай Маці не было так лёгка, як магло б здавацца. Усё Яе жыццё на зямлі прайшло сярод розных цяжкасцяў.  Кожны дзень мая мы можам скіроўваць свой позірк на Багародзіцу, якая перажывала цяжкасці, боль і цярпенні, згодна з прадказаннем прарока Сімяона, што Яе душу праб’е меч. Які ж вялікі боль Марыі, выкліканы чалавечымі нязгодамі, вандроўкай з Назарэта да Бэтлеема, нежаданнем прыняць цяжарную жанчыну ў дом, прагай Ірада забіць Дзіця, арыштам і мукамі Сына… Нягледзячы на гэта, Яна з’яўляецца для нас прыкладам асобы, якая, узмоцненая Божай ласкай, перамагала зло дабром. 

Можна задаць пытанне, чаму Божая Маці, выбраная Богам і Яго пакорная слуга, столькі выцерпела? Нашае жыццё з’яўляецца дарам і заданнем. Яно ніколі не было простым. Сам Хрыстус плакаў, любіў і цярпеў. Ён прыходзіць, каб навучыць нас перажываць цярпенне і дапамагчы ў гэтым. Ад нас залежыць, ці мы так, як Марыя, са спадзяваннем і верай будзем пераадольваць цяжкасці на жыццёвай дарозе. Ці будзем так, як Яна, сваім словам і дзеяннем указваць на Хрыста, не затрымліваючы Яго для сябе, але даючы Яго іншым. 

Вера ў Бога заўсёды патра­буе ад чалавека пэўнага намагання, патрабуе аддаваць сваё жыццё Богу нават тады, калі мы не ўсё разумеем. Вера кажа нам пра найвышэйшыя праўды, пра бясконцага Бога, пра вечнасць. Пра тое, што перавышае нашае зямное жыццё і з’яўляецца таямніцай. Таму ўзрастанне ў надпрыроднай веры з’яўляецца для кожнага чалавека няпростым.

Бог выходзіць першым з ініцыятывай не толькі да Марыі, але і да кожнага з нас. Будучы адкрытымі на Божае дзеянне, сваёй верай мы таксама нараджаем Хрыста для нас і для нашых блізкіх. 

Ксёндз Кірыл Бардонаў


1 Пар. К. Бардонаў. Месяц Багародзіцы. http://www.ng.by/ru/issues?art_id=65822.
2 Пар. http://catholic.by/2/liturgy/calendar/100137-2008-07-17-11-36-07.html.
3 Пар. J. Sroka. Poboznosc Maryjna w «Dyrektorium o poboznosci ludowej i liturgii». //: Anamnesis 32 (2002), c. 78.
4 Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Vicesimus quintus annus, п. 18.
5 Тамсама.
6 Павел VI. Энцыкліка Mense Maio, п. 2.
7 Пар. тамсама, п. 11.
8 Lumen Gentium 67.

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла