Сакрамэнт канфірмацыі

Праз прыняцце сакрамэнту хросту чалавек становіцца Божым дзіцем — перад ім адкрываецца дарога да Божага Валадарства. Але хрост — гэта толькі пачатак вялікай жыццёвай дарогі хрысціяніна. І мы, як хрысціяне, пакліканы да таго, каб развіваць і ўмацоўваць у сабе тыя дары і цноты, якімі Бог нас адарыў у сакрамэнце хросту. Другім сакрамэнтам на шляху хрысціянскай ініцыяцыі з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі.


Дакументы Касцёла гавораць, што сакрамэнт канфірмацыі накладае свой адбітак і дзякуючы яму ахрышчаныя, ідучы шляхам хрысціянскай ініцыяцыі, надзяляюцца дарам Духа Святога, цясней звязваючыся з Касцёлам. Сакрамэнт канфірмацыі ўмацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста, распаўсюджваючы і абараняючы веру. Менавіта таму прыняцце гэтага сакрамэнту неабходна для паглыблення ласкі святога хросту.

У Евангеллі мы неаднойчы чытаем пра тое, што Езус гаварыў сваім вучням аб спасланні Духа Святога. І гэта сваё абяцанне Ён выканаў ужо ў дзень свайго ўваскрасення (Ян 20, 22), але найбольш — у Дзень Пяцідзясятніцы (Дз 2, 11). І ўжо з таго часу апосталы, ускладаючы рукі на ахрышчаных, перадавалі ім дар Духа, які дапаўняе ласку святога хросту, і адтуль бярэ свой пачатак сакрамэнт канфірмацыі Касцёла. З даўніх часоў для таго, каб найлепш азначыць дар Духа Святога, да ўскладання рук дадаецца намашчэнне святым алеем, якое бярэ свой пачатак ад самога Хрыста, які быў намашчаны Духам Святым.

У першыя стагоддзі хрысціянства канфірмацыя, як пра­віла, удзялялася разам з сакрамэнтам хросту, і гэтыя сакрамэнты цэлебраваў біскуп. Але пазней, калі вельмі хутка пачала павялічвацца колькасць хрысціянаў, парафій і дыяцэзій, прысутнасць біскупа на ўсіх цэлебрацыях хросту зрабілася амаль немагчымаю. У заходняй традыцыі ўстанаў­ліваецца раздзяленне цэле­брацыі сакра­мэнтаў хросту і канфірмацыі такім чынам, што сакрамэнт хросту можа ўдзяліць кожны святар, а цэлебрацыю сакрамэнту канфірмацыі — толькі біскуп. Усходняя традыцыя захавала адзінства абодвух сакрамэнтаў, і сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца тым жа святаром, які ўдзяляе хрост. Такім чынам, практыка ўсходніх Касцёлаў больш яскрава падкрэслівае адзінства хрысціянскага пасвячэння, а практыка заходняга Касцёла — сувязь хрысціяніна са сваім біскупам, які з’яўляецца знакам адзін­ства ўсяго Касцёла і падкрэслівае апостальскае паходжанне Хрыстовага Касцёла.

Як мы ўжо казалі, для таго, каб найлепш азначыць дар Духа Святога, да ўскладання рук дадаецца намашчэнне святым алеем. Праз гэта намашчэнне чалавек атрымлівае «пячаць» Духа Святога, якая азначае нашу поўную прыналежнасць Хрысту, нашу адданасць Яму назаўсёды, а таксама запэўнівае нас у Божай абароне і дапамозе (ККК, 1295-1296). 

Сакрамэнт канфірмацыі ў заходнім Касцёле ўдзяляецца праз намашчэнне хрызмам на ілбе, што ажыццяўляецца праз накладанне рукі і праз словы «Прымі знак дару Духа Святога». Ва ўсходніх Касцёлах намашчэнне ўдзяляецца не толькі дотыкам да ілба, але таксама да вачэй, ноздраў, вушэй, вуснаў, грудзей, спіны, да рук і ступняў, і кожны рух намашчэння су­праваджаецца словамі «Пячаць дару Духа Святога».

Плёнам канфірмацыі з’яў­ляецца асаблівае ўдзяленне Духа Святога, такое, як у дзень Пяцідзясятніцы. Яно пакідае ў душы незнішчальны адбітак (пячаць) і дае ўзрастанне ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні; больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам; умацоўвае ў душы дары Духа Святога; адорвае асаблівай моцай для сведчання хрысціянскай веры.

Як і сакрамэнт хросту, сакрамэнт канфірмацыі прымаецца толькі адзін раз у жыцці, і менавіта тады вернік можа таксама выбраць сабе імя — пажадана, каб гэта было імя святога, найбольш блізкага сваім жыццём кандыдату на канфірмацыю. 

Як і пры ўдзяленні сакрамэнту хросту, імёны канфірмаваных трэба занатаваць у кнізе канфірмацыі дыяцэзіяльнай курыі, якая захоўваецца ў парафіяльным архіве, пазначаючы імёны распарадчыка сакрамэнту, бацькоў і сведкаў, месца і дату ўдзялення канфірмацыі; пробашч павінен паведаміць аб удзяленні канфірмацыі пробашчу з месца хросту, каб той мог зрабіць адзнаку ў кнізе ахрышчаных.

Пастараемся адказаць на некалькі практычных пытанняў, якія датычаць удзялення сакрамэнту канфірмацыі.

Хто можа прыняць сакрамэнт канфірмацыі?

Прыняць сакрамэнт канфірмацыі можа і павінен кожны ахрышчаны, які яшчэ не прыняў гэтага сакрамэнту. Акрамя таго, патрабуецца, каб кандыдат атрымаў належныя настаўленні, адпаведным чынам быў дыспанаваны і мог узнавіць абяцанні, дадзеныя падчас хросту. З-за розных абставінаў трэба заў­сёды дакладна даведвацца, дзе чалавек быў ахрышчаны, бо калі хрост адбыўся ва ўсход­нім абрадзе (напрыклад, у праваслаўнай царкве), то сакрамэнт канфірмацыі ўжо быў удзелены.

Калі трэба прымаць сакрамэнт канфірмацыі?

Дакладны ўзрост для ўдзялення гэтага сакрамэнту не акрэсліваецца. Касцёльнае права гаворыць, што сакрамэнт канфірмацыі трэба ўдзяляць вернікам з набліжэннем свядомага ўзросту — гэта значыць тады, калі чалавек можа сам з поўнай адказнасцю засведчыць, што ён хрысціянін і хоча ўсё сваё жыццё быць верным навуцы Хрыста. Рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі каля шаснаццатага году жыцця.

Хто можа ўдзяляць сакрамэнт канфірмацыі?

Звычайным распарадчыкам канфірмацыі з’яўляецца біскуп, але ў некаторых выпадках гэта можа рабіць і святар, які павінен мець для гэтага спецыяльнае паўнамоцтва, але ў небяспецы смерці ўдзяліць гэты сакрамэнт можа кожны святар. 

Ці абавязкова павінен быць сведка канфірмацыі і хто можа ім быць?

Наяўнасць сведкі для канфірмацыі пажаданая, але неабавязковая. Касцёльнае права гаворыць, што, калі магчыма, таго, хто прымае канфірмацыю, суправаджае сведка, заданне якога — клапаціцца аб тым, каб канфірмаваны быў сапраўдным сведкам Хрыста і верна выконваў абавязкі, што вынікаюць з гэтага сакрамэнту. Патрабаванні да сведкі канфірмацыі такія самыя, як і патрабаванні да хросных бацькоў (нават вельмі пажадана, каб сведкам канфірмацыі быў адзін з хросных); сведка канфірмацыі павінен быць выбраны тым, хто прымае сакрамэнт, і быць здольным да гэтага — мець намер выканаць свой абавязак. Сведка павінен мець не менш за шаснаццацігадовы ўзрост і быць католікам, ужо прыняўшым канфірмацыю і Найсвяцейшую Эўхарыстыю, а таксама весці жыццё, згоднае з верай і з новым абавязкам, не мець ніякіх кананічных пакаранняў і не быць бацькам або маці таго, хто прымае сакра­мэнт канфірмацыі.

Даволі часта сакрамэнт канфірмацыі называюць сакра­мэнтам хрысціянскай сталасці. Сапраўды, усе мы добра ведаем, што ў жыцці кожнага чалавека здараюцца такія сітуацыі, калі трэба праявіць сапраўдную мужнасць, каб паказаць сябе хрысціянінам, і гэта не датычыць нейкіх незвычайных сітуацый, а часцей за ўсё праяўляецца ў нашай штодзённасці. Таму трэба не забывацца пра сакрамэнт канфірмацыі, які мы ўжо прынялі або збіраемся прыняць, бо ў ім мы атрымлі­ваем вельмі моцную дапамогу ў жыцці — дары Духа Святога.


Ксёндз Дзмітрый Пухальскі 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла