Кардынал Станіслаў Дзівіш пра святасць Яна Паўла ІІ

«Касцёл Яна Паўла ІІ — гэта адкрыты Касцёл, які жадае служыць чалавеку. Ён прагне паказваць людзям евангельскі шлях жыцця», — сказаў у размове з Каталіцкім інфармацыйным агенцтвам (КАІ) кардынал Станіслаў Дзівіш, Кракаўскі Мітрапаліт. Былы сакратар Папы расказаў шмат новага пра асабістае жыццё Яна Паўла ІІ, пра яго духоўны свет і яго святасць. Прапануем фрагменты інтэрв’ю з кардыналам Станіславам Дзівішам.


— У чым праяўлялася свя­тасць Яна Паўла ІІ?

— Святасць напаўняла ўсё жыццё Яна Паўла ІІ. Яе можна было заўважыць і ў адносінах Папы да Пана Бога, і ў яго стаўленні да іншага чалавека. Святасць праяўлялася ў вельмі моцнай унутранай дысцыпліне і ў вялікай любові. Менавіта любоў была галоўным стымулам яго ўчынкаў.

Знешняю праяваю святасці Папы была яго малітва. Ян Павел ІІ сапраўды быў чалавекам вялікай малітвы. Аднойчы падчас сустрэчы з моладдзю Святы Айцец сказаў, што малітва — гэта размова з Богам і слуханне Бога. Чым часцей малітва становіцца слуханнем Божае волі, тым больш яна становіцца кантэмпляцыяй. <...>

— Як Вы ахарактарызавалі б паняцце «Касцёл паводле Яна Паўла ІІ»? Якое апірышча для такой мадэлі найбольш істотнае?

— Касцёл для Яна Паўла ІІ — гэта Касцёл Другога Ваты­канскага Сабору, Касцёл кан­стытуцыяў Lumen gentium i Gaudium et spes. Гэта боска-чалавечая рэчаіснасць. У ёй прысутнічае Хрыстус, які аб’яўляе любоў Бога, і чалавек, адкуплены Хрыстом. Хрыстус прысутны ў сакрамэнтах, у Божым слове, у малітве. Чалавек жа — гэта найвялікшае Божае стварэнне, якое мае вобраз і падабенства самога Бога. Таму Касцёл павінен берагчы гэтае боскае вымярэнне, застаючыся верным Божым наказам. Яны — нібы ўказальнікі, якімі трэба кіравацца, каб не заблукаць і не адысці ад Бога. Касцёл Яна Паўла ІІ — гэта адкрыты Касцёл, які жадае служыць чалавеку. Ён прагне паказваць яму евангельскі шлях жыцця. Гэтае заданне Касцёл выконвае па-рознаму: праз біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў або праз свецкіх людзей. Касцёл навучае годнасці чалавека і сям’і, абараняе жыццё ад зачацця да натуральнай смерці.

Праз сваіх пастыраў Касцёл сцеражэ чысціню веры, бароніць перад небяспекаю, часам — настаўляе. Ён служыць чалавеку таксама ў матэрыяльным вымярэнні: падтрымлівае школы, дзіцячыя садкі, прытулкі для старых, бедных і бяздомных людзей. Касцёл прагне служыць з дапамогаю таго, чым валодае. Можа, гэта не заўсёды атрымліваецца, але, тым не менш, такое ў яго пакліканне. Ён прагне быць святым Касцёлам. <...>

— Як Ян Павел ІІ перажываў сваё цярпенне, якога ў яго было нямала? Як выглядала гэтае штодзённае нясенне крыжа, асабліва ў апошнія гады Пантыфікату? Ці не пратэставаў ён, ці не падаў духам? Ці адчуваў асаблівую еднасць, салідарнасць з іншымі людзьмі, якія перажываюць цярпенне?

— Святы Айцец адразу ж пасля замаху на яго жыццё, застаючыся яшчэ ў прытомнасці, прабачыў чалавеку, які спрабаваў яго забіць. Прабачыў так, як Хрыстус прабачыў людзям, што ўкрыжавалі Яго. Тое ж самае Папа зрабіў тады, калі апрытомнеў (у шпіталі). Ён шмат разоў гаварыў, што ўдзячны Пану Богу за гэтае цярпенне, за тое, што Ён можа ахвяраваць сваю кроў за Касцёл, за свет. Ян Павел ІІ усведамляў, што праз сваё цярпенне ён дапаўняў цярпенні Хрыста.

Папа прымаў цярпенні як ласку. Калі прыйшлі новыя цярпенні (пералом рукі, сцегнавой косці), ён ніколі не наракаў. Можна сказаць, што апошнія гады былі для Святога Айца суцэльнаю паласою цярпення. Уявіце, якім вялікім цярпеннем для яго было тое, што ў апошнія дні свайго жыцця ён увогуле не мог гаварыць. Будучы чалавекам натрэніраваным, у апошнія месяцы ён  быў прыкуты да крэсла. У апошні Вялікдзень ён прыйшоў у абе­дзенную залу, каб благаславіць велікодныя стравы і па традыцыі з’есці супольны сняданак, але не мог нават праглынуць сліны. Аднак Святы Айцец ніколі не наракаў. 

У Велікодную нядзелю, калі ён адышоў ад вакна, з якога павінен быў прамаўляць да людзей, але не змог, ён толькі ўдзяліў благаслаўленне. Потым сказаў: «Калі не магу ні цэлебраваць святой Імшы, ні прамаўляць і быць з народам, то лепш, каб я памёр», але тут жа дадаў: «Totus Tuus — увесь Твой». І больш не сказаў ні слова. У апошні дзень свайго жыцця ён толькі напісаў: «Totus Tuus», і гэта былі яго апошнія словы. <...>

— Чым былі для Яна Паўла ІІ фацімскія аб’яўленні? Калі ён даведаўся пра трэцюю таямніцу, ці атаясамліваў сябе з ёю і ў якой ступені?

— Святы Айцец не займаўся Фацімаю да замаху на сваё жыццё. Ён ведаў фацімскае набажэнства і цаніў яго пашырэнне ў парафіях, бо яно прыносіла вялікую карысць для духоўнага жыцця вернікаў. Не думаю, што Папа быў вельмі засяроджаны на фацімскіх аб’яўленнях. Ён пачаў адкрываць іх для сябе менавіта пасля замаху.

13 мая — гадавіна аб’яў­ленняў у Фаціме, якія адбываліся на працягу 1917 года. Гэта таксама гадавіна біскупскай сакры папы Пія ХІІ, якая адбылася 13 мая 1917 года. Гэтыя факты пераканалі Святога Айца, што Фацім­ская Божая Маці ўвайшла ў яго жыццё.

Ужо ў шпіталі ён папрасіў прывезці яму тэксты фацімскіх таямніцаў. Дакументы прывёз арцыбіскуп Марцінэс Самала, намеснік у Дзяржаўным Сакратарыяце. Я быў сведкам перадачы гэтых дакументаў у паліклініцы Джэмэллі. У шпіталі Папа пазнаёміўся з фацімскімі таямніцамі, у тым ліку з трэцяю, якая да гэтага ніколі не раскрывалася. Тады ён пераканаўся, што Маці Божая засланіла яго ад кулі. Усё ж такі замах быў зроблены з мэтаю забіць Святога Айца.

Цяжка апісваць усе па­дзеі, звязаныя з замахам, але несумненна адно:  ён быў дэталёва падрыхтаваны. Святы Айцец павінен быў загінуць. Куля прайшла навылёт... Ня­гледзячы на гэта, Папа выжыў. У шпіталі мы перажывалі жах­лівыя хвіліны. Перад аперацыяй доктар прыйшоў да мяне і сказаў, што трэба ўдзяліць Святому Айцу намашчэнне хворых і адпушчэнне грахоў, бо ціск падае і ёсць небяспека смерці. Пасля аперацыі Папа быў абяскроўлены, таму яму зрабілі пераліванне крыві, але кроў не прынялася. Усе акалічнасці стваралі вялікую небяспеку для жыцця. Святы Айцец ужо пасля аперацыі ўсвядоміў, што нейкая незвычайная моц захавала яму жыццё. Так у яго з’явілася перакананне, што ён быў цудоўным чынам уратаваны Фацімскаю Божаю Маці. <...>

— На кленчніку ў сваёй капліцы Папа захоўваў інтэнцыі, якія скіроўвалі да яго з усяго свету з просьбаю, каб ён звярнуў на іх увагу падчас сваіх малітваў. Ян Павел ІІ жадаў, каб яны кожную хвіліну былі ў яго памяці, нават калі не маглі быць літаральна паўтораныя кожны дзень. Ці шмат такіх просьбаў прыходзіла да Папы?

— Сапраўды, гэтых інтэнцый было вельмі шмат. Людзі з усяго свету прысылалі просьбы да Святога Айца ў розных справах. Пісалі і біскупы, і звычайныя людзі, просячы аб малітве ў хваробах і цяжкіх справах. Святы Айцец наказваў перапісваць і складаць усе гэтыя інтэнцыі на яго кленчніку ў ватыканскай капліцы. Молячыся, ён браў іх у рукі і прадстаўляў Богу. Папа ніколі не пакідаў просьбаў аб малітве без адказу. Ён зачытваў іх некалькі разоў на працягу дня, уваходзячы ў капліцу, ідучы ў абедзенную залу ці вяртаючыся адтуль. Усе просьбы былі для яго ўнутраным наказам для малітвы. Гэтых просьбаў заў­сёды было шмат, і мы таксама навучыліся ўспрымаць малітву такога кшталту з вялікаю адказнасцю. Навучыліся паважаць такія просьбы і давяраць іх Богу. <...>

— Якое месца займае Ян Павел ІІ у Вашай асабістай малітве? Ці можаце Вы прыадчыніць заслону таямніцы адносна дзейснасці гэтых малітваў?

— Я часта звяртаюся ў малітвах да Святога Айца. Ён быў і застаецца для мяне айцом, як і для многіх людзей, якія будуць чытаць гэтыя словы. Я звяртаюся да Святога Айца асабліва тады, калі маю цяжкасці. Кажу яму: «Ойча Святы, мне патрэбна твая дапамога». І справы нейкім чынам вырашаюцца. Я перакананы, што ён дапамагае мне. Заахвочваю таксама іншых да малітвы праз заступніцтва Святога Айца Яна Паўла ІІ. Ён яшчэ пры жыцці выпрошваў шмат ласкаў. Веру, што цяпер ён таксама блізкі да кожнага чалавека, блізкі да нас усіх. <...>


Размаўляў Марцін Пшэцішэўскі
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка
Паводле: http://www.niedziela.pl

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла