Адважныя пастыры ХХ стагоддзя

27 красавіка падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак кананізаваў двух сваіх папярэднікаў — благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II.

У канцэлебры прынялі ўдзел папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, каля 150 кардыналаў і 1000 біскупаў. Прысутнічалі таксама 93 афіцыйныя дзяржаўныя дэлегацыі, сярод якіх — 24 кіраўнікі дзяржаваў, у тым ліку прэзідэнты Італіі і Польшчы. У літургіі ўдзельнічалі таксама беларускія іерархі і вернікі.

Падчас кананізацыйнай святой Імшы, пасля просьбы прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амата, Пантыфік афіцыйна абвясціў абодвух Папаў святымі, і ўсе прысутныя на плошчы святога Пятра сустрэлі яго словы гучнымі воплескамі.

На фасадзе базылікі св. Пятра яшчэ да кананізацыі былі вывешаны вялікія партрэты новых святых. Пасля афіцыйнага абвяшчэння кананізацыі рэліквіі Пантыфікаў змясцілі на алтары. 

З гаміліі Папы падчас кананізацыйнай святой Імшы

У цэнтры сённяшняй ня­дзелі, якою завяршаецца актава Вялікадня і якую Ян Павел ІІ пажадаў прысвяціць Божай міласэрнасці, знахо­дзяцца хвалебныя раны Езуса ўваскрослага. <...>

Раны Езуса — спакуса для веры і адначасова яе крытэрый. Таму ў целе ўваскрослага Хрыста раны не знікаюць, а застаюцца, бо гэтыя раны — трывалы знак любові Бога да нас. Яны неабходныя, каб мы верылі ў Бога. Не проста ў тое, што Бог існуе, а ў тое, што Бог ёсць любоў, міла­сэрнасць і вернасць. Святы Пётр, цытуючы Ісаю, піша хрысціянам: «Ранамі Яго вы аздароўленыя» (1 П 2, 24; пар. Іс 53, 5).

Святыя Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ мелі адвагу сузіраць раны Езуса, дакранацца да Яго зраненых рук і Яго прабітага боку. Яны не саромеліся цела Хрыста, не спакушаліся Ім, Яго крыжам. Не саромеліся цела свайго брата (пар. Іс 58, 7), бо ў кожным церпячым чалавеку бачылі Езуса. Гэта былі два мужныя чалавекі, поўныя святла Духа Святога, якія далі Касцёлу і свету сведчанне дабрыні Бога і Яго міласэрнасці.

Яны былі святарамі, біскупамі і Папамі дваццатага стагоддзя. Спазналі яго трагедыі, але не былі прыгнечаныя імі. Мацнейшым быў у іх Бог; мацнейшаю была ў іх вера ў Езуса Хрыста, Адкупіцеля чалавека і Валадара гісторыі; мацнейшаю была ў іх міласэрнасць Бога, якая аб’явілася ў гэтых пяці ранах; мацнейшаю была мацярын­ская блізкасць Марыі. 

У гэтых двух чалавеках, якія сузіралі раны Хрыста і сведчылі пра Яго міласэр­насць, была «жывая на­дзея» разам з «радасцю невыказнаю і найслаўнейшаю» 

(1 П 1, 3.8). Надзея і радасць, якія ўваскрослы Хрыстус дае сваім вучням і якіх ніхто і нідзе не можа іх пазбавіць. Пасхальная надзея і радасць, якія прайшлі праз выпрабаванне пазбаўлення шатаў, агалення, блізкасці з грэшнікамі ажно да канца, ажно да млоснасці з-за горычы гэтага келіха. Вось надзея і радасць, якія два святыя Папы атрымалі ў дар ад уваскрослага Пана і ў сваю чаргу шчодра перадалі Божаму народу, атрымаўшы за гэта вечную ўзнагароду. 

<...> Святы Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ супрацоўнічалі з Духам Святым, каб аднавіць і дастасаваць Касцёл да яго першапачатковага вобразу, які надалі яму святыя на працягу стагоддзяў. Не забывайма, што менавіта святыя вядуць Касцёл наперад і спрыяюць яго развіццю. Склікаючы Другі Ватыканскі Сабор, святы Ян ХХІІІ праявіў тактоўную паслухмя­насць Духу Святому, да­зво­ліў Яму весці сябе, каб быць для Касцёла пастырам і правадніком...

У гэтым служэнні Божаму народу святы Ян Павел ІІ быў Папам сем’яў. Калісьці ён сам сказаў, што хацеў бы застацца ў памяці людзей як Папа сем’яў.  Я ахвотна падкрэсліваю гэта ў той час, калі мы перажываем сінадальны працэс аб сям’і і з сем’ямі, працэс, у якім Ён, несумненна, дапамагае нам з неба і падтрымлівае нас.

Няхай гэтыя два новыя святыя пастыры Божага лю­ду заступаюцца за Касцёл, каб на працягу гэтых двух гадоў сінадальнага працэсу ён быў паслухмяны Духу Святому ў душпастырскім служэнні сем’ям. Няхай яны абодва навучаюць нас, каб мы не спакушаліся ранамі Хрыста, каб мы заглыбляліся ў таямніцу Божай міласэрнасці, якая заўсёды жывіць надзею, заўсёды прабачае, бо заўсёды любіць.

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.

Паводле: www.ekai.pl

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла