Імша падзякі

27 красавіка, у нядзелю Бо­жай Міласэрнасці, калі былі абвешчаныя святымі Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ, у касцёле святой Ганны ў Ватыкане адбылася Імша падзякі за кананізацыю гэтых двух Пантыфікаў. Імшу, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебравалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У ёй удзельнічалі пілігрымы з Беларусі, якія прыбылі ў Апостальскую Сталіцу на ўрачыстасць кананізацыі.

Падчас гаміліі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў: «Сёння, у дзень кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II, мы дзякуем Богу за такіх вялікіх Пантыфікаў, якія згодна з патрабаваннямі часу адыгралі ключавую ролю ў аднаўленні Касцёла, каб ён заўсёды быў маладым, ішоў у нагу з часам і пры гэтым заставаўся вартаўніком духоўных каштоўнасцяў.

Святыя Яне XXIII і Яне Паўле II, міласціва ўзгляньце на сабраных тут, у касцёле 

св. Ганны ў Ватыкане, пілі­грымаў, узгляньце на наш народ і нашу краіну — Беларусь — і выпрошвайце для нас Божае благаслаўленне, каб мы ўсе ўзрасталі ў дасканаласці і імкнуліся да святасці як мэты нашага жыцця, каб яно стала днём, які ўчыніў Пан, і каб мы радаваліся ў ім».

Паводле catholic.by.

Фота Рамана Страшко.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла