Паводле Поклічу Душы

 

Ксёндз Адам Дынак нарадзіўся ў Польшчы, у мясцовасці паблізу Кракава. Па сканчэнні вышэйшай духоўнай семінарыі ў Тарнове (філія Кракаўскай папскай тэалагічнай акадэміі) адзін год выконваў душпастыр­скую паслугу на радзіме, а з 1999 г. працуе ў Беларусі. Апекаваўся парафіямі ў Магілёве, Гарадку, Шуміліне, Оршы, Крупках, Барысаве. Cкончыў 4-гадовы курс біблійнай тэалогіі ва Універсітэце імя кардынала Вышынскага  ў Варшаве. Асаблівае месца ў біяграфіі ксяндза Адама — горад Віцебск, дзе ён узначаліў у 2013 г. парафію катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Пра парафіяльныя справы, пра тое, якой бачыцца душпастыру будучыня парафіяльнай супольнасці, — наша размова.

— Ксёндз Адам, праца ў адной з віцебскіх парафій для Вас не новая, бо і дагэтуль Вы двойчы выконвалі тут святарскую паслугу. Але якое было першае адчуванне пасля прызначэння пробашчам менавіта ў парафію Езуса Міласэрнага?

— Пачуццё вялікай адказнасці. Самі разумееце: вялікая парафія галоўнай дыяцэзіяльнай святыні — усё навідавоку, заўсёды шмат гасцей. Адпаведна — многа і абавязкаў. Унутрыпарафіяльнымі справамі ніяк не абмяжуешся, бо калі пры касцёле ладзіцца значнае мерапрыемства агульнадыяцэзіяльнага маштабу, убаку не застанешся: трэба шмат што прадугледзець, арганізаваць, зрабіць так, каб людзям было ўтульна і добра.

— І тэрыторыя касцёла немалая…

— Так. Прыбіранне яе, як і догляд будынкаў або газонаў, кветнікаў, стаянкі для аўто, падрыхтоўка памяшкання касцёла да літургіі патрабуюць пастаяннай увагі. Дзесьці дарабіць, падрамантаваць, перайначыць — усё гэта патрэбна, нічога не адкінеш. Узімку — снег, якому штодня трэба даваць рады. Улетку — іншыя, не меней неадкладныя клопаты. Тут — спадзеў на парафіяльную раду, якую ўзначальвае ў нас, на шчасце, ініцыятыўны, дасведчаны ў гаспадарчых справах старшыня — Пётр Глод, і спраўную дапамогу сясцёр служабнічак Грацыі і Ёнашы, і на энтузіязм многіх вернікаў, якія не шкадуюць дзеля супольнае справы часу і энергіі. 

— Што ўяўляе парафія па сваёй колькасці?

— Самая вялікая з усіх, дзе дагэтуль мне даводзілася працаваць. І, што цікава, з вялікім рэзервам для катэхізацыі, бо вельмі шмат тут дзяцей і моладзі, поўных каталіцкіх сем’яў. Шмат таксама людзей, якія наведваюцца ў касцёл усяго разы два на год — на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, павялічваючы колькасць удзельнікаў набажэнства. Не ўсе адразу, але і гэтыя людзі паступова прыходзяць да Бога. Гэтую парафію я ведаў і раней і бачу яе колькасны рост. Гэта радуе. І сведчыць пра тое, што маем ужо справу не проста з групай вернікаў, а з сапраўднай хрысціянскай супольнасцю.

— З чаго пачыналі працу?

— Так атрымалася, што пачынаў акурат у дзень адпустовай парафіяльнай урачыстасці, 7 красавіка, у свята Божай Міласэрнасці. Грунтоўных новаўвядзенняў не рабіў, бо пачынаў не на пустым месцы. Першае, што зрабіў, — адчыніў святыню, каб кожны, хто мае патрэбу ў гутарцы з Богам, цягам усяго дня меў магчымасць проста зайсці ў храм, паразважаць, памаліцца — гэта ж таксама важна.

— Што ўжо ўдалося зрабіць за мінулы год?

— Мець сталую прыгожую святыню — важна, але не менш важна напоўніць яе прастору належным зместам праз пастаяннае ўзбагачэнне малітвай. Ружанец перад святой Імшой, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, катэхеза для дарослых, спатканні супольнасці Легіёна Марыі, душпастырства хворых па месцы жыхарства (такіх у нас 13 чалавек), штотыднёвая літургія для хворых у абласной клінічнай бальніцы — усё гэта формы такога ўзбагачэння. Як пробашча ў душпастырскай працы мяне асабліва радуе тое, што паступова фармуецца група вернікаў, якія адчуваюць адказнасць за парафію і з кожным днём усё больш актыўна ўключаюцца ў яе працу. Іншымі словамі, адбываецца не толькі колькасны рост нашай супольнасці, але і якасны. 

— Вы ўдзяляеце шмат ува­гі супрацы з людзьмі культуры, арганізацыі культурніцкіх мерапрыемстваў.

— Гэта важны момант у жыцці касцёла. Фармаваць рэлігійны светапогляд без апоры на мастацкія каштоўнасці немагчыма. Культурніцкія ж мерапрыемствы, якія ладзяцца пры касцёле  супольна з людзьмі свецкімі, і духоўнаму ўзаемаўзбагачэнню ды ўзаемаразуменню служаць, і, безумоўна, справе павышэння агульнай культуры ў грамадстве спрыяюць. Таму так шмат і ладзім розных выставаў, конкурсаў, спатканняў — як унутрыпарафіяльных, так і ўнутрыдэканальных. Выстава, прысвечаная гісторыі Касцёла на Віцебшчыне, выстава дзіцячай творчасці, карнавалы для дзяцей, баль для інвалідаў, форум для ананімных алкаголікаў, аплаткавыя спатканні — вось  далёка не поўны пералік таго, чым займаемся.  

— Сёлета пры парафіі ўзнавіў працу культурна-рэлігійны цэнтр. Раскажыце крыху пра яго дзейнасць.

— Памяшканняў у нас шмат, і важна як мага больш поўна выкарыстоўваць іх магчымасці. Вось і арганізавалі клуб інтэлігенцыі, заняткі па вывучэнні польскай мовы, літаратурны гурток, дзе са слухачамі працуюць прафесіяналы. Адзін раз у месяц у кавярні цэнтра адбываюцца імпрэзы з удзе­лам мастакоў, літаратараў, музыкаў. Яны праходзяць у нязмушанай атмасферы пры каве ці гарбаце і карыстаюцца папулярнасцю і ў вернікаў, і ў жыхароў мікрараёна. І іх наведваюць, дарэчы, не толькі католікі ці грэка-католікі, але і праваслаўныя. 

— Гэта тэматычныя мерапрыемствы?

— Так. Усё, што ладзіцца ў цэнтры, загадзя спланавана і прадумана з улікам спецыфікі аўдыторыі і датаў літургічнага календара. Ад пачатку новага года прайшлі два пасяджэнні на тэму «Кожны талент ад Бога» з удзелам і сталых прафесійных мастакоў, пісьменнікаў, музыкаў, і тых, хто толькі пачынае творчы шлях. Ахвотна ўдзельнічаюць у іх выкладчыкі і навучэнцы спецыялізаваных каледжаў, студэнты. Вельмі цікавай атрымалася вечарына «Мовы роднай гукі», прысвечаная Дню роднай мовы. Надоўга запомняцца ўсім прэзентацыя працаў вядомага мастака Вячаслава Шамшура, прысвечаная касцёлам і цэрквам рэгіёна, літаратурныя чытанні з удзелам віцебскіх паэтаў. Маем намер правесці ў нашым цэнтры тэматычную вечарыну ў памяць рэпрэсаваных святароў, экскурсію «Святыні нашага горада» і шмат іншага. 

— Чаму мяркуеце надаць найбольшую ўвагу ў буду­чыні?

— Канечне ж, таму, што з’яўляецца найбольш слабым месцам у функцыяванні парафіі, — душпастырству моладзі. Гэта вельмі важны кірунак працы, бо ад таго, як пачувае сябе моладзь у касцёльнай супольнасці, і будучыня ўсяго Касцёла залежыць.

— Што б Вы хацелі пажадаць сваім вернікам?

— Каб для кожнага парафія стала домам. Каб не толькі з абавязку хадзілі ў касцёл на сустрэчу з Богам, а паводле поклічу душы. І абавязкова — з радасцю!

 

Францішак Дубраўскі.

Фота з архіва парафіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней