Што значыць «быць святым»?

Мы часта чуем, што ўсе мы, хрысціяне, пакліканыя да святасці. Ці магчыма ў сучасным свеце быць святым альбо застаецца толькі імкнуцца да святасці?

На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка —
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Калі я чую пытанне пра святасць, то ўзгадваю гісторыю аднаго маладога чалавека, які па-юнацку шчыра і палымяна шукаў сапраўдны сэнс жыцця. І калі ён знайшоў, блізкія яго не зразумелі і хацелі затрымаць, замкнуўшы ў пакоі. Тады хлопец сплёў з адзення вяроўку і ўцёк праз акно насустрач адкрытаму для сябе шчасцю. А на стале зачыненага пакоя пакінуў запіску: «Іду, каб стаць святым».

Святасць — гэта адно з найбольш старажытных і таямнічых паняццяў, якое не перастае вабіць чалавека. Ва ўсіх старажытных рэлігіях і культурах існуе паняцце святога як чагосьці або кагосьці боскага, чыстага, аддзеленага ад зямнога, звычайнага. У розныя вякі і ў розных культурах святая асоба ўяўлялася па-рознаму. Для адных гэта быў сівабароды старац з вачыма незямной мудрасці, для іншых — чалавек­-цень у паўзмроку кляштарнай кап­ліцы ці недасягальная залацістая выява на іконе. А нехта атаясамлівае святасць
з асобай «не з гэтага свету».

Паводле Бібліі, святасць — гэта адсутнасць заганаў, поўная гармонія і дасканаласць. Такую якасць можа мець толькі Бог. Толькі Ён адзін можа быць абсалютна дасканалым, святым (габр. кадэйш). У Старым Запавеце гэта адзін з галоўных атрыбутаў Пана (пар. Ос 11,9; Ян 17,11; 1 П 1,15), а звыклы чалавек можа быць святым толькі праз удзел у святасці Бога. Паводле Пісання, чалавек, сустракаючыся са Святым Богам, сутыкаецца з пэўным парадоксам перажыванняў, бо, з аднаго боку, Бог аб’яўляецца як бязмежная дасканаласць і неспазнанае бяздонне, і такое сутыкненне з бязмежнасцю і таямнічасцю нараджае натуральны страх перад тым, чаго не ведаеш і не можаш ахапіць ні пачуццямі, ні розумам. Адначасова Біблія паказвае Бога як бязмежна любячую Асобу, якая шукае асабістай, вельмі блізкай і прачулай сустрэчы з кожным чалавекам як сваім умілаваным дзіцем.

Парадокс Бога як далёкага і блізкага, неспазнанага і жадаючага быць пазнаным, усемагутнага Стварыцеля і любячага Айца яшчэ больш драматычна абвясціў Езус — Уцелаўлёны Сын Божы, калі Ён раздзяліў з людзьмі ўсе іх нядолі жыцця і смерці. Праз Яго Бог стаў адным з нас, паказаў нам чалавечае аблічча святасці Бога.

Біблійнае вучэнне аб святасці, увасобленае ў вучэнні і сведчанні Касцёла, вынікае з праўды пра адносіны паміж чалавекам і Богам. Быць святым — гэта ўдзельнічаць у жыцці Пана. Вельмі добра гэтую праўду веры ілюструе Езус, калі ў Евангеллі паказвае адносіны паміж Богам і чалавекам пры дапамозе вобраза вінаградніку (сімвал Бога) і прышчэпленых да яго галінак (ахрышчаных лю¬дзей; пар. Ян 15, 1–11). Прышчэпленыя галінкі становяцца часткаю вінаградніку, сілкуюцца яго сокамі, становяцца з ім адным цэлым. Адарванне ад дрэва прыводзіць іх да смерці. Праз гэты вобраз добра паказана таксама сутнасць граху (адваротнасць святасці) як пашкоджання «галінкі», у выніку чаго яна высыхае і гіне. І наадварот, трыванне ў Богу — гэта гарантыя жыцця (існавання) і святасці (паўнаты існавання).

Назіранне за святасцю як трывання ў Богу адкрывае перад намі два яе аспекты: рэлігійны (інтэнсіўны і асабісты кантакт з Панам) і маральны (свабода ад зла і граху). Ад перспектывы сузірання святасці залежыць засяроджанне ўвагі або на адным, або на другім яе аспекце.

Недасведчанага ў духоўнасці і адносінах з Богам чалавека цікавіць перадусім знешні (маральны) бок святасці. У назіраннях за святымі з такой пазіцыі звычайна падкрэсліваюцца іх маральныя і псіхалагічныя цноты, заслужанасць перад людзьмі, карысць для грамадства. Такі падыход да святасці можа быць цікавы для кагосьці як назіральніка, але ён не перадае сутнасці, а таму непераканальны і нават незразумелы для тых, хто жадаў бы наследаваць святых.

Напрыклад, калі камусьці захочацца наследаваць толькі знешні маральны бок святасці св. маці Тэрэзы Калькуцкай або св. Францішка Асізскага ці св. Андрэя Баболі, то такі чалавек доўга не вытрывае, бо раней ці пазней паўстане пытанне: а навошта так сябе паводзіць? Проста каб быць прыкладам для іншых? Захапляцца ўласнай маральнай дасканаласцю? Для чаго?

Высокая маральнасць паводзінаў святых — гэта не сутнасць, а наступства іх святасці ў сэнсе рэлігій­насці, глыбока асабістых і інтэнсіўных адносінаў з Богам. Нейкая асоба святая не таму, што яна высокамаральная, а наадварот — яна высокамаральная, таму што святая.

Жаданне чалавека быць добрым, ахвяравацца дзеля бліжняга, праводзіць гадзіны на малітве, адносіцца да ўсіх і ўсяго з любоўю — усё гэта плады адносінаў з Богам.

Кананізацыя благаслаўлёных Папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, — добрая нагода задумацца аб вытоках святасці. Асабліва блізкая нам постаць святога Яна Паўла ІІ, бо ён фактычна наш сучаснік — многія з нас з ім сустракаліся. За ўсімі яго цнотамі і харызматычнасцю неабходна разгледзець іх крыніцу — яго трапяткія і жывыя адносіны з Панам. Сам Папа часта выказваўся на тэму святасці, падкрэсліваючы, што яна грунтуецца не на здзяйсненні незвычайных рэчаў, а на незвычайным падыходзе да звычайных рэчаў. «Шукайце святасці ў штодзённым жыцці», — казаў Папа (гамілія, Марыбож, 19.05.1996). «Нельга памылкова разумець святасць як ідэал дасканаласці…, даступны толькі выбраным “геніям”... Шляхі святасці разнастайныя і дастасаваныя да кожнага паклікання» (Novo millennio ineunte, 31).

Няхай радасць ад далучэння да шэрагу святых Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ стане для нас нагодаю нанава адкрыць для сябе прыга­жосць, прастату і даступнасць хрысціянскай святасці, якая пачынаецца з простых словаў шчырай размовы з любячым і любімым Богам.


Ксёндз Андрэй Рылка
Надрукавана ў «Ave Maria» № 4 (229), 2014.

Фота Веранікі Скрабатун.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла