«На трэці дзень уваскрос...»

Сёння разам з усім Касцёлам мы паўтараем гэтыя словы з асабліваю ўзрушанасцю. Паўтараем іх з тою самаю вераю, з якою менавіта ў гэты дзень яны былі ўпершыню прамоўленыя. Мы прамаўляем іх з тою самаю ўпэўненасцю, якую ў гэтую фразу ўкладвалі непасрэдныя сведкі падзеі...

«На трэці дзень уваскрос».

Гэтаю праўдаю, на якой, ні­бы на вуглавым камені, тры­маецца ўвесь гмах нашай веры, мы хочам сёння наноў дзяліцца паміж сабою. Мы — вызнаўцы Хрыста, мы — хрысціяне, мы — Касцёл. 

І разам з тым мы хочам дзяліцца ёю з усімі, хто нас слухае, з усімі людзьмі добрай волі...

Як жа не радавацца перамозе Таго, хто быў замучаны за гэты свет, праз які Ён прайшоў, добра чынячы ўсім (пар. Дз 10, 38) і абвяшчаючы Евангелле валадарства (пар. Мц 4, 24), у якім знайшла ўвасабленне ўся паўната збаўчай дабрыні Бога? У ёй чалавек быў пакліканы да найвышэйшай годнасці.

Як жа не радавацца перамозе Таго, хто так несправядліва быў асуджаны на самую страшную муку і на смерць на крыжы, перамозе Таго, хто з такою нялюдскаю жорсткасцю быў бічаваны і апляваны. Як жа не радавацца аб’яўленню моцы самога Бога, перамозе гэтай моцы над грахом і над засляпеннем людзей? Як не радавацца перамозе, якая канчаткова ўзнесла дабро над злом?

Вось Дзень паўсюднай надзеі. Дзень, у які вакол Увас­крослага збіраюцца і яднаюцца ўсе людскія цярпенні, расчараванні, прыніжэнні, крыжы, патаптаная чалавечая годнасць, абясцэненае людское жыццё, прыгнёт, насілле, усё, што моцным голасам усклікае:

Victimae paschali laudes immolent Christiani. «У светлае свята пасхальнай Ахвяры складайма пашану сваю ёй у дары».

Уваскрослы не аддаляецца ад нас; Уваскрослы вяртаецца да нас... Спакой вам! (пар. Ян 20, 19). Гэта першыя словы Яго пасхальнага паслання.

Якое ж вялікае дабро ў гэтым спакоі, які Ён нам дае і якога свет даць не можа! (пар. Ян 14, 27). Як цесна ён звязаны з Яго прыйсцем і з Яго місіяй!

Як патрэбна свету Яго прысутнасць... парадак, што сыходзіць з Ягонай запаве­дзі любові, каб людзі, сем’і, народы, кантыненты маглі цешыцца спакоем.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Паводле: Jan Paweł II. Modlitwy i rozważania na każdy dzień roku. Świat ksiażki. — Warszawa, 

2009 r.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла