Для чаго патрэбная кананізацыя?

Святых вельмі шмат, а Касцёл беатыфікуе і кананізуе но­вых. «Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёнымі 1345 чалавек і кананізаваў 482 святых. Здаецца, гэта найбольшая колькасць узнесеных да хвалы алтара падчас пантыфікатаў усіх яго папярэднікаў, разам узятых. З гісторыі Касцёла вядома, што колькасць святых, якія ўзгадваюцца ў літургіі, пастаянна расла. Здаецца, што агульная лічба людзей, узнесеных да хвалы алтара на працягу вякоў, можа дасягаць 10 тысяч» (http://www.mmkrakow.pl/).

Калі б мы захацелі прачытаць жыццяпісы ўсіх гэтых святых і прысвяцілі б кожнаму толькі некалькі хвілін, гэта заняло б у нас 27 гадоў штодзённага чытання. Гэта значыць, што ў Касцёле вельмі багата людзей, якіх можна наследаваць, чыім прыкладам можна скарыстацца і прасіць аб заступніцтве. Ці з’яўляюцца святыя доказам таго, што святасць магчымая ў кожную эпоху і ў любых умовах? Адзіная ўмова святасці — не баяцца прысвяціць жыццё Богу і бліжняму і зрабіць гэта з любоўю. Святыя паходзяць з усіх кантынентаў, з усіх сацыяльных групаў: ад нявольнікаў да каралёў. Яны прысвяцілі сябе ўсім магчымым прафесіям, якія існуюць у свеце.    

Зразумела, што кожны хрыс­ціянін павінен перш за ўсё натхняцца прыкладам жыцця і слова Настаўніка з Назарэта. Ён — адзіная Крыніца, з якой чэрпалі і чэрпаюць усе святыя. Без Хрыста і Яго ласкі няма «еднасці святых».

У кантэксце кананізацый, якія ўзбагачаюць Касцёл і свет, паказваючы вялікую сталасць характару кожнага святога, варта звярнуць увагу на старадаўнія традыцыі, што існавалі ў хрысціянскіх сем’ях і манаскіх супольнасцях і існуюць цяпер. Я маю на ўвазе чытанне жыццяпісаў святых. Часта гэтыя жыццяпісы друкавалі ў вялікіх, салідна выда­дзеных кнігах у цвёрдых скураных вокладках. Добрая якасць выдання падкрэслівала яго духоўную каштоўнасць. Пазнаць жыццё святога — заўжды было і будзе першым крокам да асабістага кантакту з ім. 

Па-першае, святыя — гэта людзі, якія былі сапраўднымі сябрамі Пана Бога і Езуса. Лад іх жыцця і ўчынкі ў сувязі з гэтым станавіліся своеасаблівым каментарам да Евангелля і ўзорам для наследавання. Добра вядома, якую вялікую ролю мае прыклад жыцця св. Антонія пустэльніка, які жыў на мяжы III–IV стагоддзяў. Яго жыццё апісаў св. Атаназій Александрыйскі, які асабіста ведаў манаха. Св. Антоній, які пакінуў свет, каб паяднацца з Богам і змагацца са злымі духамі ў пустэльні, стаў узорам святасці, узорам духоўнай барацьбы і ладам свайго жыцця павёў за сабою вельмі шмат моладзі. Звяртаючыся думкамі да мінулых стагоддзяў, мноства святых, прачытаўшы аб жыцці пакутнікаў, былі гатовыя стаць місіянерамі, каб абвяшчаць Хрыста язычнікам і аддаць за Яго жыццё. Да такіх людзей належала, напрыклад, святая Тэрэза ад Езуса. На працягу ўсіх вякоў існавання хрысціянства святыя Касцёла былі і ёсць тымі станоўчымі героямі, якія сваім прыкладам нахнялі ўсіх, хто шукаў узораў для ўласнага жыцця. Ці ж нашая сучасніца, благаслаўлёная маці Тэрэза з Калькуты, яшчэ падчас свайго жыцця не прывяла мноства маладых сэрцаў на шлях любові да Хрыста, прысутнага ў саміх убогіх людзях? Ці ж і надалей яна не вядзе іх за сабою сваім радыкальным ладам жыцця? А што было б, калі б Касцёл не клапаціўся пра распаўсюджанне сведчання гэтых святых, якія, кожны ў свой час і сваім спосабам, пайшлі за Хрыстом? Сучасны чалавек знаёміцца з жыццём святых, не толькі чытаючы пра іх кнігі, але і гледзячы фільмы, знятыя пра іх. Таксама і падчас святой літургіі Касцёл бесперапынна сваімі чынамі паказвае вернікам актуальнасць жыццёвага сведчання, пакінутага святымі. Гавораць, што святыя з’яўляюцца для людзей своеасаблівым пятым Евангеллем, таму так важна, каб кожны меў магчымасць пазнаёміцца з іх ладам жыцця. Вельмі цікава чытаюць жыццяпісы святых члены супольнасці святога Яна, якая ўзнікла некалькі дзесяцігоддзяў таму. Яны даследуюць жыццё святога з пазіцыі яго асаблівага дару служэння Касцёлу, які быў дадзены яму Духам Святым. 

Набліжаецца час кананізацыі благаслаўлёнага Яна XXIII і благаслаўлёнага Яна Паўла IІ. 

Паставім вельмі канкрэтнае пытанне: якую карысць атрымае Касцёл і мноства людзей па-за ім ад гэтай кананізацыі? Мне здаецца, што вельмі істотна найперш тое, што благаслаўлёны Ян Павел ІІ — наш сучаснік. Гэта азначае, што існуе магчымасць знайсці вельмі багаты матэрыял пра яго жыццё. Яшчэ жывыя людзі, якія сус­тракаліся і працавалі з ім, якім ён дапамагаў. Іх сведчанне не мае цаны. Сучаснасць дае нам магчымасць убачыць мноства дакументальных фільмаў, якія сведчаць пра яго ахвярнае служэнне свету і Касцёлу. Апроч гэтага, на падставе арыгінальных дакументаў і сведчанняў ужо ўдалося зняць шмат фільмаў пра яго жыццё, вельмі інтэнсіўнае ў розных сферах. Вялікай спадчынай і дарам для Касцёла з’яўляецца пісьмовая творчасць, якую Ян Павел ІІ пакінуў пасля сябе. Гэта цэлыя тамы вучэння наступніка святога Пятра, якім ён умацоўвае веру Касцёла і фармуе сумленне людзей. Засталіся і тэксты, з дапамогаю якіх ён асабістым чынам дзеліцца з людзьмі сваімі перажываннямі і рэфлексіямі. Відавочна, што ён быў дадзены нам як заступнік у Пана Бога. І мы маем шанец зачэрпнуць ад дару гэтага чалавека, яго вельмі вялікага скарбу. Я паўтару — мы маем шанец! Мудрасць Бога і чуласць вернікаў Касцёла з дапамогаю кананізацыі даюць нам магчымасць сустрэцца з сапраўдным, а не ідэалізаваным або выдуманым героем. Ён — сучасны святы, а зна­чыць — узор для ўсіх, хто жыве сёння. Ён пакінуў пасля сябе скарб надзвычай прыгожага жыцця, прысвечанага Божай справе і людзям. Бог учыніў яго свечкаю, паставіўшы на свечнік ужо тады, калі даў яму заданне служыць Касцёлу як Папа. Але ўзнясенне яго да хвалы алтара робіць зразумелым, што Бог прагне, каб гэтая свечка не згасла, а свяціла яшчэ мацней, сягаючы яшчэ далей сваім святлом і сёння, і ў будучыні. Ці не стала б грахом занядбання не паказаць у яшчэ ярчэйшым святле яшчэ шырэйшаму колу людзей менавіта з дапамогаю кананізацыі той дар ад Бога, якім з’яўляецца Ян Павел ІІ?

Мне здаецца, што розныя святыя, кожны па-свойму, дадзеныя нам Богам у якасці ўзору і натхнення, каб жыць у праўдзе і любові. Часта крыніцаю захаплення і праслаўлення Бога з’яўляюцца вялікія рэчы, якія Ён учыніў у жыцці сваіх святых. Іх любяць і шануюць пабожныя католікі, і не толькі католікі, іх прызнаюць сваімі апекунамі і заступнікамі. Крытэрыі выбару святых для асабістага выяўлення пабожнасці залежаць ад мноства ўмоваў, якія немагчыма пералічыць. Святыя, як у мінулым, так і сёння, часта «спецыялізуюцца» ў пэўнай галіне, а таму да іх звяртаюцца ў канкрэтнай патрэбе. Іх незвычайная разнастайнасць — гэта невычэрпнае багацце, якое нараджаецца з Сэрца Езуса. Па-рознаму выяўляюцца і культы святых, у залежнасці ад краіны свету і мясцовай культуры. Як добра, што існуе так шмат і такіх розных кананізаваных святых! Дзякуючы гэтаму кожны вернік і той, хто шукае жыццёвага прыкладу, зной­дзе для сябе адпаведны ўзор святасці, хоць шлях чалавека да святасці заўсёды непаўторны. Падабенства святых у іх разнароднасці і нашае падабенства да іх заключаецца перадусім у паслухмянасці Богу і натхненням Духа Святога. Гэтая паслухмянасць вядзе да сапраўднай любові да Бога і бліжняга. Любоў, што жыве ў святых, захапляе і заахвочвае нас да наследавання. 

Аднак ці не з’яўляюцца часам кананізацыі нейкай крайнасцю? Можа, ужо досыць нам святых? Ёсць адзін адказ на гэтыя сумневы. У Касцёле няспынна прыбываюць святыя, і іх будзе ўсё больш, у тым ліку і для таго, каб мы, як хрысціяне, ніколі не засумняваліся, што кожны ахрышчаны пакліканы да святасці. Каб ніводзін з вернікаў не мог апраўдваць сябе перад Богам тым, што не змог дасягнуць святасці, бо не знайшоў для сябе адпаведнага заступніка ў небе. Многія людзі цешацца, што папа Францішак хутка кананізуе благаслаўлёнага Яна ХХІІІ і благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. У сакавіку 2014 года пра сваю прысутнасць на кананізацыі засведчыла каля 7 мільёнаў пілігрымаў, але трэба задаць сабе важнае пытанне: ці зможа гэтая кананізацыя паўплываць на нашае з вамі жыццё? На жыццё прыбіральшчыцы, кіроўцы, настаўніка, бізнесмена? Усё залежыць ад таго, наколькі мы жывем тым, што адбываецца ў Касцёле, наколькі моцнае ў нас усведамленне таго, што мы з’яўляемся членамі містычнага Цела Хрыста, каб цешыцца з тымі, хто цешыцца? Варта і трэба радавацца гэтай хуткай кананізацыі, якая для Касцёла з’яўляецца і дарам, і заданнем. Трэба цешыцца і з прычыны мноства іншых кананізацый і беатыфікацый, бо гэтыя святыя і благаслаўлёныя — нашыя браты і сёстры, якія разам з усімі жыхарамі нябёсаў святкуюць сваю перамогу над грахом, д’яблам і ўласным эгаізмам. Яны паходзяць з розных куткоў свету, і, магчыма, мы мала ведаем пра іх. Але менавіта яны і іх жыццё з’яўляюцца для нас пакліканнем, узорам і стымулам перадусім да таго, каб не баяцца наследаваць Хрыста, каб вучыцца ў Яго жыць усё больш прыгожа і ахвярна. Менавіта яны, кананізаваныя святыя, жадаюць падзяліцца з намі ўсім найпрыгажэйшым, што яны пакінулі пасля сябе. Яны даюць нам сваю нябесную дапамогу, нашмат больш плённую і шырэйшую, чым у іх зямным жыцці. 

На заканчэнне прапаную вам яшчэ адну думку, якая падкрэслівае веліч дару і невычэрпнасць багацця, якім з’яўляюцца для Касцёла кананізаваныя святыя з усяго свету. Ужо некалькі дзясяткаў гадоў у свеце назіраецца вялікая цікавасць да ліванскага манаха, святога Шарбеля. Польскі святар, які займаецца пашырэннем культу гэтага святога і кніг пра яго, пачуў аднойчы пытанне: «Дзеля чаго ксёндз прапагандуе святога Шарбеля ў Польшчы, калі ў нас мноства сваіх польскіх святых? Для чаго распавядаць пра некага зусім невядомага?». Такое ж пытанне можна задаць, думаючы пра многіх святых з розных куткоў свету. Той ксёндз адказаў вельмі цікава: «Я раблю гэта таму, што мноства святых — як кветкі на Божым лузе, розныя кветкі, і ніхто не можа нікому забараніць адкрываць іншым пэўную кветку, заахвоціўшы захапляцца яе прыгажосцю. Усе мы належым да аднаго Бога і ўсе маем права шукаць прыгожыя кветкі на Божым лузе. Няма ніякага асаблівага месца, дзе было б напісана: “Гэтыя кветкі польскія”… Я ад усяго сэрца благаслаўляю ўсіх чытачоў і тых, хто лічаць святога Шарбеля адным са сваіх апекуноў. Няхай іх жыццё пасля прачытання гэтай кнігі стане нашмат лепшым і прыгажэйшым, няхай усе яны стануць апосталамі са­праўднай даверлівай любові да Бога і іншага чалавека. Няхай святы Шарбель вымаліць для іх тыя ласкі, аб якіх яны просяць» (Патрыцыя Каттанэа, «Шарбель. Святы незвычайных аздараўленняў і цудаў», gloria24.pl, Кракаў, 2013 г., ст. 5-6). Я лічу, што словы гэтага святара тлумачаць сэнс і патрэбу кананізацыі мноства самых розных святых. Касцёлу і свету пастаянна неабходныя новыя прыклады, каб пераконваць вернікаў, што святасць магчымая заўжды і паўсюдна. Як у часы свайго біскупскага служэння сказаў Караль Вайтыла, які стаў пазней папам Янам Паўлам ІІ, «святы нараджаецца не пасля смерці».

Айцец Раман Шульц OP

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла