Абвяшчальнікі міласэрнасці

27 красавіка адбудзецца кананізацыя Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. У гэты дзень у літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца свята Божай Міласэрнасці. Многія бачаць у гэтай даце сімвалічны сэнс. Тры гады таму, таксама ў нядзелю Божай Міласэрнасці, адбылася беатыфікацыя Яна Паўла ІІ. Менавіта гэты Пантыфік у 2000 годзе, падчас кананізацыі сястры Фаўстыны Кавальскай, увёў адзначэнне гэтага свята ў бліжэйшую нядзелю пасля Пасхі.

Публічнае абвяшчэнне святога не толькі дае вернікам новага заступніка перад Богам, але і дае ўзор да пераймання.

Ян ХХІІІ пакінуў след у гісторыі Касцёла як ініцыятар Другога Ватыканскага Сабору, а Ян Павел ІІ — як рэалізатар і апора гэтага Сабору. У абодвух Пантыфікатах Папы клапаціліся пра дабро для кожнага чалавека і выпраўленне адносін паміж людзьмі. Яны дбалі пра кожнага, каму патрэбная дапамога, нястомна нагадвалі пра правы чалавека і такім чынам набліжалі падзенне муроў, якія раздзялялі чалавецтва на варожыя лагеры.

Ян Павел ІІ пакінуў нам пры­клад жыцця, згоднага з евангельскай Добрай Навінай. Ён паказваў сваімі паводзінамі, што можна жыць навукай Хрыста і адначасова быць блізкім да кожнага чалавека і не асуджаць таго, хто заблукаў па дарозе да Божага святла. 

Асоба Яна ХХІІІ, якога называюць «добры папа Ян» або «Папа дабрыні», для большасці знаходзіцца ў ценю асобы Яна Паўла ІІ, бо Ян Павел ІІ блізкі нам па часе. Многія бачылі яго на ўласныя вочы, сачылі за прамымі трансляцыямі ўрачыстнасцяў з яго ўдзелам. Гэты вялікі Папа блізкі нам таксама як першы Папа славянін.

«Добры папа Ян», выбраны часопісам «Time» чалавекам 1962 года, будзе абвешчаны свя­тым наступнікам на пасадзе кіраўніка Касцёла, які вельмі да яго падобны. Менавіта так лі­чыць асабісты сакратар Яна ХХІІІ — кардынал Лёрыс Капавілла (Loris Capovilla). Папа Францішак нагадвае яму 

Яна ХІІІ ва ўсім: у жэстах, засяроджанай увазе на бедных. «Ён мае тую самую пакору і лагоднасць сэрца, што і Ян ХХІІІ, які як мудры і светлы айцец звяртаў­ся да чалавечай сям’і, падзеленай супраціўнымі інтарэсамі і бессэнсоўнай антыпатыяй, вельмі часта заўзятай».

«Мы жывём у эпосе, якая ім распачатая», — гэтыя словы Яна Паўла ІІ пра Яна ХХІІІ вяртаюць нас да выбітнай падзеі ў жыцці Каталіцкага Касцёла — Другога Ватыканскага Сабору, які наблізіў Касцёл да людзей і адначасова пакінуў яго на трывалым падмурку апостала Пятра. У хвалюючую хвіліну свайго жыцця «добры папа Ян» сказаў: «Саборам кіруе Езус, я толькі капелан», паўтараючы, што «гэта не Евангелле змянілася, але мы пачынаем яго лепш разумець».

Пасля смерці Яна ХХІІІ быў апублікаваны яго «Дзённік душы» — збор нататкаў і разважанняў, якія Джузэпэ Ранкаллі пачаў запісваць у 1895 г. ва ўзросце чатырнацацці гадоў. Апошні запіс быў зроблены ім у 1962 г., за некалькі месяцаў да смерці. 

З «Дзённіка душы» становіцца відочнаю постаць верніка, які любіў Бога, пазбягаў граху і па-сяброўску адносіўся да ўсіх людзей. Чытаючы гэтыя запісы, мы сапраўды з’яўляемся сведкамі фармавання яго душы пад уплывам Духа Святога, які дзейнічае ў сваім Касцёле», — сказаў папа Францішак.

Адна рыса найбольш вылучала Яна ХХІІІ — яго добры настрой, які адразу перадаваўся іншым. «Сумны ксёндз з’яўляецца дрэнным ксян­-дзом», — часта казаў Пантыфік. На служэнне святара ён звярнуў увагу ў энцыкліцы «Sacerdotii nostri primordia», прысвечанай сотай гадавіне смерці кс. Яна Марыя Віянэя. Ён заахвочваў святароў браць прыклад з гэтага французскага святога: «Ізноў звяртаемся да святароў, якім даверана душпастырства, і горача іх просім, каб яны ўзялі да сэрца моц гэтых словаў. Кожны з іх, паводле надпрыроднай мудрасці, якая павінна кіраваць нашымі ўчынкамі, няхай падумае над сваім стылем жыцця, ці ён з’яўляецца такім, як таго па­трабуе пастырская адда­насць даверанага яму народу. Ніколі не сумняваючыся ў Божай міласэрнасці, якая спяшаецца з дапамогай нашай слабасці, няхай святары разважаюць у сваёй душы над прынятымі імі абавязкамі і заданнямі, углядаючыся ў святога Яна Марыя Віянэя, нібы ў люстэрка»1

«Вайна многаму мяне навучыла. Як жа дакладна тады я пазнаў чалавечае сэрца», — успамінаў Ян ХХІІІ Першую сусветную вайну, падчас якой ён быў капеланам, нярэдка дапамагаючы параненым. Часам іх было так шмат, што ён выконваў ролю санітара, а то і лекара. Тыя, каму ён дапамагаў, узгадвалі, што ім дапамагала сама яго прысутнасць: голас, позірк, жэсты2

Заканчэнне жыццёвай дарогі і адыход да Бога абодвух Папаў былі вельмі падобнымі. Ян Павел ІІ памёр у апошнюю суботу месяца 2 красавіка 2005 года, у вігілію свята Божай Міласэрнасці. З 90-х гадоў ён цярпеў ад хваробы Паркінсона. Здароўе Папы было таксама аслаблена замахам на яго жыццё ў 1981 годзе. Вялікі тыдзень 2005 года сапраўды стаў яго Вялікім тыднем. Сваім жыццём ён абвяшчаў сэнс цярпення, якое па-рознаму было ўплецена ў яго лёс. Кранальнымі для ўсіх людзей добрай волі былі моманты, калі ён непаслухмянай рукой хацеў удзяліць благаслаўленне, а слабнучым голасам прамовіць некалькі словаў. У гэтыя хвіліны мільёны веруючых маліліся за яго. Яго апошняе благаслаўленне, прачытанае па рухах вуснаў, гучала як падзяка: «Я шукаў вас, а цяпер вы прыйшлі да мяне, і я вельмі ўдзячны вам за гэта»3

3 чэрвеня 1963 г. тысячы вернікаў з Рыма і розных частак свету запоўнілі плошчу святога Пятра, каб маліцца за паміраючага Яна ХХІІІ. Ён адыходзіў са свету, аслаблены доўгай і цяжкай хваробай. Крыху менш за два месяцы да гэтага ён абвясціў адну з самых знакамітых энцыклік ХХ ст. — «Pacem in terris», якую яшчэ называюць «Пасланнем міру Яна ХХІІІ». Разважаючы пра свой блізкі адыход, «добры Папа» казаў: «Гэты ложак з’яўляецца алтаром; алтар патрабуе ахвяры — і вось я. Ахвярую сваё жыццё за Касцёл, за далейшы лёс Паўсюднага Сабору, за мір у свеце і за еднасць хрысціянаў»4. У сваім тэстамэнце Ян ХХІІІ пісаў: «Ілюзіі дастатку часта захіналі схаваныя церні вялікай беднасці і рабілі для мяне немагчымым даванне заўсёды з такой шчодрасцю, з якой бы я прагнуў. Дзякую Богу за гэтую ласку беднасці, якую я шлюбаваў у маладосці, беднасці духу, як святар Божага Сэрца, і беднасці рэальнай, што дапамагала мне ніколі ні аб чым не прасіць, ні аб пасадах, ні аб грошах, ні аб прыхільнасці, ніколі, ні для сябе, ні для маёй сям’і, ні для сяброў».  

Абвяшчэнню святым — кананізацыі — папярэднічае працэс даследавання меркавання вернікаў аб святасці жыцця, гераічнасці цнотаў і ласкаў, атрыманых праз заступніцтва беатыфікаваных. Няхай жа праз заступніцтва ў Бога Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ на наш народ сыхо­дзяць шматлікія ласкі.

 

Ксёндз Кірыл Бардонаў

 

 

 

 

1 «Sacerdotii nostri primordia», пп. 73-74.

2 Пар. Jolanta Sosnowska. Pokory, pokory, pokory! Dobry papież Jan. // Wiara, Patriotyzm i Sztuka, nr1(39) 2014, s.6-10.

3 Пар. http://www.vicariatusurbis.org/

4 Discorsi, Messaggi, Colloqui del Santo Padre Giovanni XXIII. V, с. 618.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла