Сакрамэнт хросту

Напэўна, кожны з хрыс­ціянаў добра ведае, што святы хрост з’яўляецца першым і асноўным сакра­мэнтам у жыцці верніка, што ён неабходны для таго, каб стаць членам святога Касцёла, што падчас яго прабачаецца першародны грэх і ўсе іншыя грахі чалавека і г.д. Але пры вырашэнні прыняць хрост вельмі часта ўзнікаюць шматлікія пытанні, на якія нават практыкуючыя хрысціяне не заўсёды могуць адказаць. З хростам звязаны шматлікія народныя традыцыі і павер’і, але ці заўсёды яны добрыя? Сёння мне хацелася б як мага прасцей, абапіраючыся на навучанне Касцёла, на­помніць усім нам, на чым палягае і якім чынам павінен перажывацца гэты найваж­нейшы сакрамэнт.

Гаворачы пра хрост, трэба з самага пачатку раздзяліць дзве магчымыя сітуацыі — хрост дарослага чалавека і хрост дзіцяці. Пры ўдзяленні хросту дзіцем лічыцца чалавек да заканчэння сёмага году жыцця. Дзіця, старэйшае за сем гадоў, павінна быць ахрышчана як дарослы чалавек па адпаведных канонах, аб якіх мы пагаворым трохі пазней. Але ў кожным выпадку перад удзяленнем сакрамэнту хросту павінна адбыцца адпаведная падрыхтоўка і самога дарослага чалавека, і бацькоў, і хросных дзіцяці. На працягу доўгіх гадоў у нашай краіне вельмі часта хрост удзяляўся «падпольна» — не было святароў, не было дзейных касцёлаў, магчымасцяў катэхізацыі і падрыхтоўкі. Але дзякуй Богу, сёння сітуацыя зусім іншая. На жаль, даволі часта людзі па старой памяці хочуць пахрысціцца вельмі хутка і без падрыхтоўкі, тлумачачы гэта рознымі прычынамі — часцей за ўсё сваёй занятасцю. Такім чынам вельмі хутка можна страціць усведамленне, што хрост — гэта не абрад палівання вадою, не звыклы рытуал, які трэба адбыць на ўсялякі выпадак, каб дзіця было здаровае і шчаслівае, а  найважнейшы сакрамэнт хрыcціянскага жыцця.

Што датычыць хросту дарослых, то ад самага пачатку існавання Касцёла практыкуецца даволі вялікі час катэхуменату — асаблівай падрыхтоўкі да прыняцця сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання — хросту, канфірмацыі і Эўхарыстыі. Гэта вельмі важны час у жыцці чалавека, які павінен адпаведным чынам падрыхтавацца да таго вялікага дару, які ён прыме. Падчас гэтага асаблівага перыяду катэхумен мае магчымасць дасягнуць сталасці ў сваёй веры. На жаль, сёння многіх людзей палохае тое, што падрыхтоўцы да прыняцця святых сакрамэнтаў трэба прысвяціць шмат часу, але калі чалавек сапраўды спазнаў Бога і хоча быць з Ім назаўсёды, то гэты час таксама з’яўляецца надзвычай каштоўным у яго жыцці.

Практыка хросту дзяцей існуе з ІІ стагоддзя . Дзеці маюць патрэбу ў святым хросце, каб вызваліцца ад улады граху, з якім яны нараджаюцца, і перайсці ў Валадарства свабоды дзяцей Божых, да якой пакліканы ўсе людзі. І менавіта ў хросце дзяцей праяўляецца ўся прыгажосць дару гэтай ласкі. І бацькі-хрысціяне павінны разумець, што праз сакрамэнт хросту яны даюць свайму дзіцяці магчымасць стаць Божым дзіцем.

Катэхізіс вучыць нас, што хрост — гэта сакрамэнт веры. На жаль, вельмі часта можна пачуць ад людзей, што яны лі­чаць сябе веруючымі толькі таму, што яны ахрышчаныя. Але хрост — гэта не кульмінацыя развіцця веры ў чалавеку, а толькі яе пачатак. Вера, якая патрабуецца для хросту, з’яўляецца вельмі малой і ня­сталай, гэта толькі яе пачатак, і пасля прыняцця сакрамэнту хросту вера павінна няспынна развівацца, і гэта датычыць і дзяцей, і дарослых. Таму кожны год у Пасхальную вігілію Касцёл запрашае нас аднавіць абяцанні, дадзеныя на святым хросце.

Сам Езус Хрыстус навучае, што хрост неабходны для збаўлення, таму, узыходзячы да Айца, Ён пакінуў сваім вучням наказ: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога». Такім чынам, хрост неабходны для збаўлення тым, каму было абвешчана Евангелле і хто меў магчымасць папрасіць аб удзя­ленні гэтага сакрамэнту. Але Касцёл заўсёды быў перакананы і ў тым, што тыя, хто загінуў за веру, не прыняўшы хросту, ахрышчаны сваёй смерцю за Хрыста і з Хрыстом. Гэты хрост кроўю, не будучы сакрамэнтам, прыносіць тыя самыя плады, што і сакрамэнт хросту. Калі здараецца так, што катэхумен, які жадаў з любоўю і пакаяннем прыняць хрост і рыхтаваўся да яго, памірае перад прыняццем сакрамэнту, то гэтае жаданне забяспечвае яму збаўленне, якое ён не змог атрымаць праз здзейснены сакрамэнт. Мы добра ведаем, што на свеце існуюць месцы, дзе не прапаведуецца Евангелле, існуюць людзі, якія не ведаюць Хрыста і не могуць папрасіць аб хросце, таму Касцёл таксама навучае, што кожны чалавек, які, нічога не ведаючы аб Хрысце, аб Яго Евангеллі і аб святым Касцёле, шукае праўды і выконвае Божую волю настолькі, наколькі можа яе ведаць, таксама можа быць збаўлены. Таксама Касцёл давярае Божай міласэр­насці дзяцей, якія памерлі неахрышчанымі, і верыць, што і для іх добры Бог падрыхтаваў шлях збаўлення.

Напэўна, многія з вас удзельнічалі ў цэлебрацыі сакрамэнту хросту. Гэта сапраўды прыгожа, але варта ведаць, што кожны элемент абраду нясе ў сабе пэўны вельмі важны сэнс. 

Цэлебрацыя хросту пачынаецца знакам крыжа, які азначае пячатку Хрыста на тым, хто бу­-

дзе Яму належаць, і ласку адкуплення, якую Хрыстус набыў для нас сваёй смерцю на Крыжы. Далей ідзе абвяшчэнне Божага слова. Мы ўжо казалі пра тое, што хрост — гэта сакра­мэнт веры, а святы Павел вучыць, што вера нараджаецца са слухання. Далей над кандыдатам чытаецца малітва экзарцызму, бо хрост азначае вызваленне ад граху і сатаны.

Галоўным элементам хросту з’яўляецца вада, якая асвячаецца ў Вялікую суботу або непасрэдна перад удзяленнем сакрамэнту. Хрост азначае смерць для граху — праз удзяленне хросту чалавеку адпускаюцца першародны грэх і ўсе іншыя грахі; ён азначае таксама ўваход у новае жыццё ў Святой Тройцы. У лацінскім Касцёле святар палівае чалавеку галаву вадой і гаворыць сакрамэнтальную формулу: «N, я цябе хрышчу ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога». 

Пасля галоўнага абраду сакрамэнту хросту адбываюцца дапаўняльныя абрады — намашчэнне святым алеем, накладанне белага адзення і ўручэнне свечкі. Намашчэнне святым алеем азначае дары Духа Святога для новаахры­шчанага, які стаў хрысціянінам, а гэта значыць намашчаным Духам Святым, стаў членам Хрыстовага Касцёла. Ва Усходніх Касцёлах адразу пасля хросту ўдзяляецца сакрамэнт канфірмацыі, а ў лацінскім Касцёле гэты сакрамэнт можа быць удзелены разам толькі дарослым, таму нельга блы­таць намашчэнне пасля хросту святым алеем з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Белае адзенне з’яўляецца сімвалам таго, што новаахрышчаны апрануўся ў Хрыста і ўваскрос з Хрыстом. Свечка, якая запальваецца ад пасхала, азначае, што сам Хрыстус асвяціў новаахрышчанага, і напамінае ўсім нам, што мы, хрысціяне, з’яўляемся святлом зямлі.

Пры хросце само імя Пана асвячае чалавека, і хрысціянін атрымлівае сваё імя ў Касцёле. Сёння ў нашым грамадстве вельмі модным стала даваць дзецям нетрадыцыйныя імёны, і, на жаль, даволі часта гэтыя імёны не маюць нічога агульнага з хрысціянствам. Многія стагоддзі існуе традыцыя даваць дзецям імёны святых — вучняў Хрыста, якія засталіся назаўсёды вернымі Пану, і такі святы становіцца апекуном нованароджанага дзіцяці. Касцёл нагадвае нам, што бацькі, хросныя і пробашч павінны клапаціцца пра тое, каб дзіцяці не давалася імя, чужое хрысціянскаму духу.

Зараз пастараемся адказаць на некалькі практычных пытанняў, якія датычаць удзялення сакрамэнту хросту.

Хто можа прыняць хрост? Мы ўжо казалі, што прыняць хрост можа кожны чалавек, які яшчэ неахрышчаны. Для таго, каб дарослы мог быць ахрышчаны, неабходна, каб ён, па-першае, выказаў жаданне прыняць хрост. Нельга нікога ахрысціць насілу, нават у небяспецы смерці. У такой сітуацыі чалавек можа быць ахрышчаны, калі, маючы ўяўленне аб некаторых праўдах веры, ён нейкім чынам выкажа свой намер прыняць хрост і паабяцае захоўваць запаведзі хрысціян­скай рэлігіі. Па-другое, трэба навучаць чалавека праўдам веры і разуменню хрысціянскіх абавязкаў, і, па-трэцяе, ён павінен адбыць нават сімвалічны час катэхумената. Мы ведаем, што пры хросце адпускаюцца ўсе грахі і чалавеку не трэба спавядацца, аднак ён ужо павінен быць навучаны  скрусе аб сваіх грахах. Што датычыць хросту дзіцяці, то менавіта бацькі (а не бабулі, цёці і г. д.) павінны паклапаціцца аб тым, каб іх дзеці былі ахрышчаныя ў першыя тыдні жыцця, як мага хутчэй пасля нараджэння, і ўжо перад нараджэннем бацькі павінны звярнуцца да пробашча сваёй парафіі, каб папрасіць аб сакрамэнце хросту для дзіцяці і належным чынам  падрыхтавацца да яго. Калі дзіця знахо­дзіцца ў небяспецы смерці, яго трэба ахрысціць неадкладна.

Што рабіць, калі дакладна невядома, ці чалавек быў ахрышчаны? Калі існуе сумненне ў тым, ці хрост адбыўся або ці быў удзелены сапраўдна, то такога чалавека трэба ахрысціць умоўна.

Калі можна ўдзяляць хрост? Многіх хвалюе пытанне, ці можна хрысціць, напрыклад, падчас Вялікага посту ці пасля смерці блізкага чалавека. Мы ўжо казалі, што хрост — гэта першы і галоўны сакрамэнт, таму няма ніякіх абмежаванняў, якія датычаць дня ўдзялення сакрамэнту. Але важна ўмець аддзяляць ад сябе цэлебрацыю хросту і святкаванне гэтай урачыстасці. Таму, калі хрост па нейкіх прычынах цэлебруецца падчас Вялікага посту, варта перанесці святкаванне гэтай урачыстасці на іншы час. Хрост кожнага новага чалавека — гэта не толькі свята для сям’і, але і для ўсёй парафіяльнай супольнасці, таму трэба прымаць за правіла, што дарослага неабходна хрысціць у яго парафіяльным касцёле, а дзіця — у парафіяльным касцёле яго бацькоў, і хрост можа цэлебравацца ў любы дзень — рэкамендуецца, каб ён цэлебраваўся ў нядзелю на святой Імшы або, па магчымасці, у Пасхальную вігілію. Але калі існуюць нейкія надзвычайныя абставіны, напрыклад, хвароба ці небяспека смерці, хрост заўсёды можна ўдзяліць у любым месцы, напрыклад, у шпіталі.

Хто можа хрысціць? У звычайнай сітуацыі хрысціць можа біскуп, прэзбітэр і дыякан, але галоўным, хто павінен гэта рабіць, з’яўляецца парафіяльны пробашч. Калі, аднак, гэтыя асобы  адсутнічаюць або маюць перашкоду, хрост можа ўдзяліць іншая асоба, дэлегаваная для гэтага; больш за тое, у выпадку неабходнасці гэта можа зрабіць кожны чалавек, нават неахрышчаны, які мае належны намер, — гэта значыць, што ён сапраўды хоча ахрысціць. 

Хто можа быць хросным? Гэта адно з найбольш складаных пытанняў для сям’і ў часе падрыхтоўкі да сакрамэнту хросту. З аднаго боку, існуюць шматлікія «народныя» традыцыі і прыкметы, якія па нейкай сваёй логіцы дапускаюць да гэтай функцыі адных і забараняюць яе выконваць іншым; з другога боку, існуюць сямейныя традыцыі і повязі, шматлікія знаёмыя і сябры, якіх хацелася б выбраць хроснымі; а з трэцяга боку, існуюць канкрэтныя па­трабаванні Касцёла да тых, хто можа выконваць гэту функцыю. Перш чым выбраць тую ці іншую асобу для функцыі хроснага, лагічна задаць пытанне — а хто такі хросны? Наогул, ці патрэбныя яны? Ці гэта толькі добрая традыцыя, каб быў яшчэ адзін чалавек, які купляе падарункі? Быць хросным у Касцёле — гэта канкрэтная функцыя. Заданне хроснага — суправа­джаць дарослага, які прымае хрост, у хрысціянскай ініцыяцыі і прадстаўляць дзіця разам з бацькамі да хросту, а таксама дапамагаць ахрышчанаму весці хрысціянскае жыццё, выхоў­ваць у каталіцкай навуцы і верна выконваць абавязкі, якія выця­каюць з хросту. Такім чынам, хросным можа быць толькі католік. Праўда, у сітуацыі, калі хросных двое, Касцёл дапускае да гэтай функцыі таксама і аднаго праваслаўнага, але толькі разам з католікам. Іншыя хрысціяне (напрыклад, пратэстанты) могуць быць толькі сведкамі хросту, а не хроснымі, і могуць быць дапу­шчанымі да гэтай функцыі толькі разам з хросным католікам. Касцёл прад’яўляе да кандыдата на хроснага наступныя патрабаванні: неабходна, каб хросны 1) быў выбраны тым, хто прымае хрост, яго бацькамі або тымі, хто іх замяняе, а пры іх адсутнасці — пробашчам або распарадчыкам; акрамя таго, ён павінен быць здольным да гэтага і мець намер выканаць дадзены абавязак; 2) дасягнуў шаснаццацігадовага ўзросту; 3)з’яўляецца католікам, які ўжо прыняў канфірмацыю і Найсвяцейшую Эўхарыстыю, а таксама вядзе жыццё ў адпаведнасці з вераю і з тымі абавязкамі, якія ён павінен выконваць (напрыклад, павінен мець сакрамэнт сужэнства); 4) не быў звязаны ніякім кананічным пакараннем; 5) не з’яўляўся бацькам або маці таго, хто прымае хрост.

Кожны ўдзелены хрост абавязкова павінен быць запісаны ў парафіяльнай кнізе, дзе пазначаюцца імёны тых, хто прыняў хрост, а таксама распарадчыка, бацькоў, хросных і сведкаў, калі яны меліся, з пазнакаю месца і даты ўдзеленага хросту, даты і месца нараджэння, і менавіта пробашч парафіі з’яўляецца тым, хто павінен паклапаціцца аб гэтым. 

Удзяленне сакрамэнту хросту — гэта вялікі дар для кожнага і  вялікая радасць для ўсяго Хрыстовага Касцёла. Хрыстус хоча, каб усе людзі былі збаўленыя, бо Ён аддаў сваё жыццё за ўсіх. Сакрамэнт хросту — гэта першы крок на дарозе збаўлення, і ад нас саміх залежыць, ці хочам мы падрыхтаваць сваё сэрца да прыняцця такога вялікага Божага дару. 

Ксёндз Дзмітрый Пухальскі

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла