Святасць з усмешкаю

Ян Павел ІІ меў адмысловае пачуццё гумару, якое ён захаваў на працягу ўсяго жыцця і якое дапамагала яму ў выкананні вельмі адказных абавязкаў.  Прапануем чытачам некалькі смешных момантаў з жыцця Яна Паўла ІІ.

 

* * *

Блізкія сябры з універсітэта прыляпілі на дзверы яго пакоя ў студэнцкім інтэрнаце паперку: «Караль Вайтыла — пачынаючы святы».

* * *

Аднойчы Караль Вайтыла, які ўжо быў святаром, пайшоў у горы адзін.  Апрануты па-спартоваму, ён нічым не адрозніваўся ад іншых турыстаў. Падчас дарогі ён заўважыў, што забыўся гадзіннік. Падышоў да маладой дзяўчыны, якая загарала непадалёку, каб запытаць пра час. Але тая яго апярэдзіла:

— Вы забыліся гадзіннік, ці не так?

Вайтыла крыху сумеўся:

— Адкуль Вы ведаеце?

— З вопыту, — адказала дзяўчына. — Вы сёння ўжо дзясяты мужчына, які «забыўся» гадзіннік. Пачынаецца з гадзінніка, пасля прапануецца вінцо, а вечарам — дансінг...

Вайтыла перарваў яе:

— Ды што Вы, я ж — святар!

Дзяўчына зайшлася смехам:

— Ну, ведаеце, да мяне за­ляцаліся па-рознаму, але каб назвацца святаром — гэта ўпершыню!

Караль Вайтыла ўсміхнуўся і кінуў позірк на гадзіннік незнаёмкі. Калі адыходзіў, пачуў яе шэпт:

— О, мой Божа, гэта быў сапраўды святар!.. 

* * *

Караль Вайтыла летам плаваў на байдарцы або хадзіў па гарах, а зімою станавіўся на лыжы. А калі пыталіся, ці добра кардыналу бегаць на лыжах, ён адказаваў:

— Кардынал не можа ДРЭННА бегаць на лыжах.

* * *

Цягнік, якім ехаў выкладчык Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта ксёндз Караль Вайтыла, спазняўся. Студэнты, якія чакалі экзаменатара, разышліся. Застаўся толькі адзін ксёндз-студэнт, які не ведаў Вайтылы, бо не хадзіў на яго лекцыі, а да экзамену рыхтаваўся па пазычаных канспектах.

Праз дзве гадзіны ў аўдыторыю ўляцеў запыханы Вайтыла, які быў амаль аднагодкам сваіх студэнтаў. Студэнт узрадаваўся, што не будзе здаваць экзамен адзін, і ўсклікнуў:

— Братка, ты таксама на экзамен?

— На экзамен, — пацвердзіў выкладчык.

— Вайтыла спазняецца, усе разышліся, а я чакаю, бо павінен сёння здаць, — растлумачыў студэнт.

— А ты што — не ведаеш Вайтылы? — запытаўся экзаменатар.

— Не, але, здаецца, гэта сумная асоба. Я не хадзіў на яго лекцыі, бо  казалі, што яны аб­страктныя і вельмі складаныя, — патлумачыў студэнт.

Слова за слова — і размова ператварылася ў паўтор матэрыялу. Вайтыла пытаўся, слухаў і так зразумела тлумачыў складаныя філасофскія праблемы, што студэнт сказаў яму:

— Братка, ды ты такі абазнаны! Прашу цябе, калі прыйдзе выкладчык, не ўваходзь перада мною, бо пасля цябе я дакладна правалюся.

Як жа ён здзівіўся, калі пачуў:

— Давай залікоўку, я — Вайтыла.

Ксёндз здаў на чацвёрку з плюсам, а студэнты, даведаўшыся пра гэтую гісторыю, пранікліся да выкладчыка Вайтылы вялікай сімпатыяй. 

* * *

З часам станам здароўя Яна Паўла ІІ пачалі вельмі цікавіцца сродкі масавай інфармацыі. Сам Папа, калі яго пыталі пра здароўе, адказваў: 

— Не ведаю, не паспеў яшчэ прачытаць ранішніх газетаў.

Падрыхтавала Іна Ламака.

Паводле:  «Kwiatki Jana Pawła II». Wydawnictwo: Znak. — Sierpień, 2002.

http://www.fakt.pl/Najlepsze-anegdoty-i-dowcipy-Jana-Pawla-II,artykuly,68345,1.html

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла