Вытокі і сутнасць сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла

Касцёл заўсёды прапаведаваў вучэнне аб годнасці чалавека, яго грамадскім і духоўным пакліканні і жыцці ў супольнасці. І таму можна казаць, што сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла — гэта неад’емная частка хрысціянскага вучэння. 

Хрысціянін ведае, што ў сацыяльным вучэнні Касцёла ён можа знайсці тыя прынцыпы разважання, крытэрыі суджэння і напрамкі дзеяння, якія з’яўляюцца зыходнымі для развіцця цэласнага і салідарнага гуманізму («Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла», 7). Праз прызму сацыяльнай дактрыны Касцёла мы звернемся да такіх важных паняццяў, як права і годнасць чалавека, праца, заробак, сям’я, экалагічныя пытанні, мір і вайна і многае іншае. Сёння ж паразважаем над вытокамі сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла.

 

Ідэалогія ці сацыяльная тэорыя?

Важна адзначыць той факт, што сацыяльная дактрына Касцёла не можа разглядацца альбо параўноўвацца з якойсьці ідэалогіяй. Гэтая дактрына з’яўляецца рэфлексіяй Касцёла над сацыяльнай рэальнасцю — яна дае ацэнку гэтай рэальнасці ў свеце Евангелля і прапануе свае прынцыпы для практычнага дзеяння ў грамадстве. 

Сацыяльная дактрына Касцёла не з’яўляецца ні ідэалогіяй, ні сацыяльнай тэорыяй, ні ўніверсальным дапаможнікам для ўсіх сацыяльных і эканамічных сістэмаў, ні ідэальнай утопіяй, ні маральным абстрактным каталогам сацыяльных нормаў для чалавецтва.  

Было б памылковым зву­зіць разуменне сацыяльнай дактрыны Касцёла як трэцяга шляху паміж марксізмам і капіталізмам. Як ужо было адзначана, Касцёл не прапаноўвае нейкую ідэалогію альбо сацыяльную, эканамічную, палітычную сістэму, бо гэта не ўваходзіць у яго кампетэнцыю. 

Асаблівая роля Касцёла — па-свойму інтэрпрэтаваць сацыяльную рэальнасць, маральны аспект сацыяльнай дзейнасці і прапаноўваць важныя прынцыпы паводле евангельскага разумення чалавечай годнасці. Таму сацыяльная дактрына Касцёла належыць не да паняцця ідэалогіі, а больш — да маральнай тэалогіі. 

 

Раз і назаўсёды ці ў пастаянным развіцці?

Кажучы пра сутнасць і характар сацыяльнага вучэння Касцёла, неабходна адзначыць, што гэта не статычны кодэкс сацыяльных нормаў — гэтае вучэнне знаходзіцца ў пастаянным развіцці і дапрацоўцы, адказваючы на актуальныя выклікі часу і духоўна суправаджаючы сацыяльны вопыт чалавецтва. Існуе нязменная трывалая база, але са з’яўленнем новых рэалій і кантэкстаў Касцёл таксама шукае і дае адказ на новыя пытанні. Яго дактрына не з’яўляецца чыстай тэорыяй, бо мае практычнае прымяненне да канкрэтных праблем і паняццяў. 

З другога боку, неабходна разумець, што Касцёл не імкнецца толькі навучаць грамадства, але і гарманічна ўпісваецца ў яго, бо Касцёл і грамадства існуюць у няспынным ўзаемаўплыве і ўзаемадзеянні. 

 

Калі пачалося развіццё сацыяльнай дактрыны Касцёла?

Многія аўтары, якія пі­шуць аб развіцці сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, звязваюць узнікненне гэтага вучэння з так званым сацыяльным пытаннем ХІХ стагоддзя і зводзяць яго толькі да сацыяльных дакументаў Касцёла двух апошніх стагоддзяў. 

Разам з тым існуе мноства даследаванняў, прысвечаных сацыяльнаму вучэнню Святога Пісання і вучэнню айцоў Касцёла, а таксама даследаванняў, якія адлюстроўваюць увесь комплекс сацыяльных поглядаў ранняга Касцёла. Ёсць працы па сацыяльным вучэнні схаластаў, найперш Тамаша Аквінскага, працы якога таксама з’яўляюцца неад’емнай часткай дакументаў па сацыяльнай дактрыне Касцёла. 

 

Крыніцы сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла:

1) Святое Пісанне.

Яно з’яўляецца крыніцай і сведчаннем вучэння — адтуль мы даведваемся, якімі былі погляды Сінагогі, а па­зней Касцёла на грамадскія праблемы. Мы аналізуем і інтэрпрэтуем іх у культурным і гістарычным кантэксце, каб зразумець сэнс і сутнасць гэтага вучэння і паспрабаваць зразумець іх лагічную сістэму. Таму менавіта гэты гістарычны ракурс і кантэкст важныя для правільнай інтэрпрэтацыі дакументаў. Без уліку гэтай сувязі ўсёй сацыяльнай дактрыны Касцёла з кантэкстам разуменне тэкстаў было б няпоўным. 

2) Дакументы Сабораў і Сінодаў.

3) Пастырскія дакументы, якія з’яўляюцца непасрэдным інструментам евангелізацыі (папскія і біскупскія пасланні). Гэта ў першую чаргу пасланні біскупаў і папскія дакументы, асабліва тыя, якія падпісаны самім Папам, — энцыклікі, настаўленні, motu proprio, пасланні Апостальскай Сталіцы, дагматычныя канстытуцыі, а таксама прамовы Папаў пры розных нагодах. Усё большую распаўсюджанасць апошнім часам набываюць і матэрыялы Сіноду Біскупаў, але варта размяжоўваць працоўныя матэрыялы і выніковыя дакументы, якія набываюць ранг папскага дакумента апостальскага значэння. 

4) Працы каталіцкіх навукоўцаў, тэолагаў, філосафаў, сацыёлагаў і эканамістаў. 

 

«Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла» — комплексны зборнік сацыяльных дакументаў 

«Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла» падае комплексны агляд асноўных напрамкаў сацыяльнага каталіцкага вучэння.

Мэта «Кампендыя» — поўна і сістэмна прадставіць сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое з’яўляецца плёнам глыбокіх разважанняў яго Настаўніцкага Інстытута і выразам яго пастаяннага клопату пра Божы народ, каб захаваць вернасць ласцы Хрыстовага збаўлення.

Ганна Страшкевіч, 

доктар сацыяльных навук.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла