Адказнасць

У гэты дзень шмат чаго было ўпершыню: першыя святарскія пасвячэнні ў Оршы, першыя пасвячэнні з рук яшчэ нядаўна прызначанага біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, першыя святарскія крокі двух маладых людзей — марыянінаў Канстанціна Анашкі і Вадзіма Мізера… Шмат віншаванняў, кветак, прыгожых словаў, спеваў… І на тле ўсяго гэтага радаснага й шчаслівага ў душу асабліва запалі словы біскупа пра адказнасць.

— Святарства — гэта вялікая годнасць, але і вялікая адказнасць, — сказаў біскуп Алег Буткевіч у гаміліі на святой Імшы. — Таму ведайце, — звярнуўся ён да Канстанціна і Вадзіма, — што чакае вас шмат спакусаў. І, на жаль, некаторыя святары на іх паддаюцца, калі замест таго, каб рупліва шукаць і працаваць дзеля Божага Валадарства, яны пачынаюць адразу чакаць таго, што ім будзе за іх ахвяру. Можна, вядома, гэта зразумець, бо нават апостал Пётр пытаўся ў Езуса, а што ж яны атрымаюць за тое, што пакінулі ўсё і пайшлі за Ім. І Езус паабяцаў: «…кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае» (Мц 19,29). Заплата прыгожая і годная. Адно што не варта спяшацца прагнуць атрымаць яе на самым пачатку святарскага шляху, бо заўсёды ёсць небяспека пераблытаць заплату Божую з той, якую прапануе гэты свет. Калі ж святар пачынае прагнуць заплаты гэтага свету, ён пера­стае быць соллю зямлі і святлом свету, пачынае зні­шчаць сваё жыццё, калечыць жыцці іншых людзей…

Актуальна прагучала гэтае папярэджанне з вуснаў біскупа. Як кажуць, адразу вярнула на зямлю з нябёсаў, нагадала пра суровую праўду жыцця, пра тыя будні, што неўзабаве распачнуцца для маладых і шчаслівых святароў, якія прымалі ў той дзень сакрамэнт святарства.

Многія з нас, на жаль, мо­гуць прыгадаць той ці іншы выпадак, калі нейкі кепскі прыклад святара адмоўна паўплываў на нашую веру альбо на хрысціянскае жыццё кагосьці са знаёмых. На жаль, такое часам здараецца. Святары ж не з неба звальваюцца ў нашы парафіі, а прыходзяць да нас, выйшаўшы з нашых жа сем’яў, часта далёка не ідэальных. На іх жыццях нярэдка адбіваюцца нашыя раны, недасканаласці, хібы альбо нават і нашыя залежнасці ад тых спакуслівых прапановаў, якія штодня падсоўвае гэты свет. Бацькі часта паддаюцца на гэтыя спакусы, не надта задумваючыся, які прыклад яны даюць сваім дзецям. Часта мы «спісваем» свае слабасці на кепскія ўмовы жыцця, недасканалае грамадства, на калгасы, саўгасы, былы СССР, на рэвалюцыю, перабудову… Вінаватых шмат. Адно што часта мы саміх сябе забываем унесці ў гэты спіс. Але калі Пан Бог даваў нам свае запаведзі, Ён не рабіў выключэнняў для жыцця пры сацыялізме, камунізме ці яшчэ якім там «ізме». Езус у Евангеллі таксама не рабіў апраўдальных агаворак. Ён сказаў усё вельмі выразна і зразумела: «І хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора» (Мк 9, 42). Словам, Добрая Навіна для кагосьці можа аказацца зусім не добрай, калі ён не пажадае прыслухацца не толькі да прыгожых і радасных яе частак, але і да такіх вось суровых, ды не ўспрыме гісторыю марнатраўнага сына як сваю асабістую.

Для таго, каб шлях вяртання марнатраўнага сына ў дом Айца зрабіўся для кожнага з нас выратавальным, Пан Езус і пасылае нам святароў, даручыўшы ім рупліва пасвіць свой статак. Што праўда, авечкі часта бываюць настолькі наравістыя ды ўпорыстыя, што дазваляюць сабе не толькі бязладдзе ў сваім статку, але яшчэ і як след памыць косткі свайму пастыру. Таму вельмі актуальным быў напамін біскупа Алега Буткевіча, звернуты ў той святочны дзень і да вернікаў:

— Прашу вас, дарагія браты і сёстры, ад якіх узятыя гэтыя маладыя людзі і да якіх пастаўленыя на службу: маліцеся за іх. Лягчэй наракаць на святароў, заўважаць не толькі іх добрыя якасці, але і адмоўныя. Наракаць лёгка. Але калі мы штосьці бачым у святарскіх паводзінах недарэчнае, ці пытаем тады найперш саміх сябе: «Ці зрабіў я штосьці для гэтага святара? Ці малюся за яго? Ці ахвярую пост у яго інтэнцыі?..» Мы ідзем да Бога не па адным, а ў супольнасці Касцёла і маем абавязак дапамагаць адзін аднаму на гэтым шляху. Таму вельмі прашу кожнага з вас: падтрымлівайце сваіх святароў.

Што ж, біскуп таксама яшчэ зусім нядаўна быў звычайным святаром і вельмі добра ведае, што гэта значыць — разуменне і падтрымка тых, да каго ты прыйшоў служыць. А нават і не толькі тых, бо мы ўсе разам адказныя за наш святы, паўсюдны і апостальскі Касцёл. І таму кожны з нас мае гэты абавязак — усялякім чынам падтрымліваць нашае святарства. А малітва ў гэтым — незаменны скарб. 

 

Нядаўна давялося пачуць ад адной жанчыны з Полацка, што яна з першага дня святарства цяперашняга нашага біскупа Буткевіча моліцца за яго. І зусім не істотна, што ён сам пра гэта ніколі не ведаў і, магчыма, не даведаецца. Галоўнае, каб ведаў гэта Пан Бог. Таму так хочацца спадзявацца, што адначасна з прыгожымі словамі віншаванняў, разам з падарункамі і кветкамі, якімі адарылі родныя, сябры і знаёмыя маладых святароў Канстанціна Анашку і Вадзіма Мізера ў святочны і незабыўны дзень іх святарскага пасвячэння, хтосьці прыняў таксама інтэнцыю — маліцца за іх. За тое, каб яны былі добрымі, святымі святарамі, паводле Сэрца Езуса Хрыста — нашага галоўнага Пастыра.  Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтай малітоўнай падтрымкай агорнуць Канстанціна і Вадзіма не толькі іх бацькі, што само сабой зразумела, але таксама  іх сябры і нават тыя, хто, магчыма, у той святочны дзень упершыню ўбачыў іх. Убачыў і паверыў, што адказнасць за нашых святароў, за Касцёл, ляжыць не толькі на святарах, але і на ўсіх нас, для каго Касцёл — выратавальны карабель у бурлівым ды шматпенным сучасным акіяне, што плыве па імклівых хвалях ХХІ стагоддзя туды, дзе чакае нас Айцец наш Нябесны. 

Падрыхтавала 

Ірына Жарнасек.

Фота І. Грэйць і А. Новікавай.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла