Дзеля паяднання з Богам

Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня народзінаў благаслаўлёнага Эдмунда Баяноўскага. Свецкі чалавек, беатыфікаваны папам Янам Паўлам II 13 чэрвеня 1999 года, ён шмат зрабіў для папулярызацыі евангельскіх запаведзяў, падаючы людзям прыклад жыцця ў духу малітвы і паяднання з Хрыстом, ня­стомнае дапамогі церпячым. Такі наказ — дапамагаць людзям у патрэбе — даў ён і законным сёстрам заснаваных ім 3 мая 1850 года чатырох галінаў Кангрэгацыі сясцёр служабнічак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёння сёстры служабнічкі працуюць у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Камеруне, Канадзе, Украіне, Францыі, Італіі. Ёсць яны і ў Беларусі, у прыватнасці, у Віцебскай дыяцэзіі: па дзве сястры ў віцебскай парафіі Святога Духа і парафіі святога Андрэя Апостала ў Лынтупах (Пастаўскі дэканат) і тры — у віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага і парафіі Наве­дзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку.

Сёстры Люцына і Грацыя апякуюцца гарадоцкімі і віцебскімі католікамі адпаведна трынаццаты і дванаццаты год, сястра Ёнаша трэці год апякуецца вернікамі парафіі Езуса Міласэрнага. Як і ўсе законныя сёстры пры парафіях, яны дапамагаюць ксяндзам у падтрыманні ў належным стане святыняў, падрыхтоўцы службаў, у тым ліку пры бальніцы, арганізацыі працы малітоўных рухаў і груп, наладжванні сустрэчаў, праводзяць заняткі катэхезы. Але галоўную сваю задачу сёстры бачаць у выкананні вызначанага заснавальнікам Кангрэгацыі Эдмундам Баяноўскім задання дапама­гаць людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, адзінокім і дзецям. 

Наведанне хворых, дапа­мога ім па гаспадарцы, забес­пячэнне лекамі і прадуктамі або проста шчырая размова, словы падтрымкі — звычайныя, але важныя штодзённыя клопаты, асабліва ў сельскай мясцовасці, як, напрыклад, у Езярышчы (Гарадоцкі раён), дзе вернікі самі пабудавалі капліцу для цэлебрацыі святых Імшаў і Крыжовага шляху. Актыўна працуюць сёстры ў кірунку арганізацыі пілігрымак у Браслаў, Будслаў, Шуміліна, іншыя санктуарыі, моладзевых чуванняў, сустрэч для людзей старэйшага веку.

Ёсць у сясцёр служабнічак і паслядоўніцы. Трое дзяўчат вырашылі пайсці іх шляхам, стаць сёстрамі Кангрэгацыі: сястра Марыя Серафіма Мацулевіч, сястра Марыя Багухвала Крышнёва, сястра Марыя Клара Мяжэвіч. 

Параўноўваючы ўмовы працы ў парафіях новастворанай Віцебскай дыяцэзіі на пачатку сваёй дзейнасці з умовамі дня сённяшняга, сёстры адзінадушна адзначаюць рост свядомасці мясцовых католікаў, значнае павышэнне іх рэлігійных ведаў, угрунтаванне таго, што ў сталых канфесійных супольнасцях называецца традыцыяй і з’яўляецца запарукай іх трываласці і жыццяздольнасці. Касцёл — тая ж сям’я, лічаць сёстры, і стан справаў у ёй залежыць ад кожнага, хто з’яўляецца яе членам. Таму і зычаць сваім парафіянам паболей актыўнасці і натхнення на добрыя ўчынкі ў справе міласэрнасці, паяднання з Богам і Яго праўдамі, як вучыў усіх нас благаслаўлёны Эдмунд Баяноўскі.

Францішак Дубраўскі.

Фота з архіва сясцёр.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла