Святкуем Вялікдзень

Вялікдзень — самае вялікае свята ў хрысціянскіх сем’ях. Многія менавіта ў гэты дзень з’язджаюцца разам на цёплую святочную гасціну. Гэты дзень поўны сваіх традыцый, сямейных звычаяў і завядзёнак. Беларуская моладзь, якая вучылася веры з самага дзяцін­ства ў сваіх сем’ях, дзеліцца з намі аповедамі пра вялікае свята. 

Станіслаў Некраш, Мінск

— У нас усё проста: мы святкуем Вялікдзень, разам ідучы ў касцёл, а пасля збіраючыся вялікай сям’ёй за сталом. Ёсць і свае трады­цыі: памятаю, як бабуля ў велікодную раніцу прымуша­ла нас, дзяцей, мыць твар у ледзяной вадзе, у якую бы­лі апушчаны асвечаныя ў кас­цёле яйкі… Да свята мы рыхтуемся не столькі адмаўляючыся ад залішняй ежы, колькі імкнучыся больш усвядоміць свае грахі і больш працаваць над імі. Я перш за ўсё жадаю падчас посту стаць лепшым і больш шчырым, каб з надыходам Вялікадня мае адносіны з Богам сталі яшчэ бліжэйшымі…»

Таццяна Каралевіч, Мінск

— Вялікдзень нашая сям’я святкуе, напэўна, як большасць католікаў: у касцёле. У чацвер і пятніцу наведваем набажэнствы, у суботу рыхтуемся да свята (прыбіраем, фарбуем яйкі, маці пячэ пірагі) і ўвечары ідзем у касцёл. Раніцай — абавязкова святочнае сняданне. Калі ёсць магчымасць, то на ўвесь Трыдуум бацькі едуць на рэкалекцыі руху «Святло-Жыццё» (раней ездзілі усёй сям’ёй). Я ўсім раю паўдзельнічаць у падобных рэкалекцыях: калі быт і падрыхтоўка не засланяюць самой падзеі i ёсць магчымасць інакш яе перажыць, больш глыбока і асабіста.

Найбольш яскравыя для мяне два моманты, звязаныя з Вялікаднем. Другі — гэта чуванне сам-насам з Найсвяцейшым Сакрамэн­там (дзякуй вялікі за гэта рэкалекцыям руху «Святло-Жыццё»). А першы — гэта вочы бабулі, якія я бачыла аднойчы падчас велікоднай святой Імшы, поўныя любові і прагі Бога ў святой Камуніі. Менавіта гэта я ўзгадваю ў самыя цяжкія моманты духоўнага жыцця.

Віялета Навасад, Ваўкавыск

— Вялікадня заўжды чакала ўся наша сям’я: для нас гэта самае вялікае каталіцкае свята. Усе родныя прыяз­джалі ў вёску да бабулі. Раніцай ішлі ў касцёл на Імшу. Касцёл быў толькі ў суседняй вёсцы, куды пеш­шу трэба было дабірацца 4,5 кіламетраў. Па дарозе з касцёла яшчэ заходзілі на могілкі да родных...

У хаце заставаліся малодшыя дзеці і некаторыя дарослыя. Калі вярталіся і іншыя, пачыналася мітусня: збіралі на стол, рыхтаваліся да смачнага працягу свята. Гэта было чароўна... За сталом бабуля, як самая старэйшая, чытала малітву. Маглі маліцца хвілін 10-20, але нават малодшым дзецям не дазвалялася дакранацца да ежы раней, чым скончыцца малітва. Не ведаю, што адчувалі іншыя дзеці, бо пах ежы проста нястрымны: столькі ўсяго смачнага вабіць да сябе са стала! Я ж вельмі любіла час, калі маліліся ўсе разам. У нашай сям’і бабуля з дзядуляй практыкавалі гэта кожную нядзелю. Тады я думала, што так адбываецца ў кожнай хрысціянскай сям’і, а цяпер разумею, што мне вельмі пашанцавала з роднымі. Менавіта яны адкрылі мне таямніцу Божага збаўлення і паказалі, якой павінна быць сапраўдная хрысціянская сям’я. На жаль, многія забыліся, што гэта такое…

Потым усе з задавальнен­нем «біліся» каляровымі яйкамі. Мне, як дзіцяці, гэта было вельмі цікава. Мы з сястрой і з двума стрыечнымі братамі рабілі з гэтага амаль «алімпійскія гульні». Далей былі розныя пачастункі, прагляд святочных тэлепраграм, чытанне Бібліі... Дарослыя доўга гутарылі за сталом, бо некаторыя з родных прыязджалі раз-два ў год спецыяльна на самыя вялікія святы; мы з іншымі дзецьмі гулялі ў самыя звычайныя і незвычайныя гульні. З намі заўсёды быў хросны. Цяпер яго ўжо няма з намі, але тады ён быў быццам нашым анёлам-ахоўнікам. Яго прыезду мы з сястрой чакалі больш за ўсё… Пра такога хроснага можна толькі марыць: ён і чалавекам цудоўным быў, і дасканала  выконваў абавязкі хроснага бацькі.

Тыя часы былі цудоўнымі, незабыўнымі…Для мяне як дзіцяці збор усёй нашай вялікай сям’і быў прыкладам вялікай моцы Божай, бо менавіта Бог нас усіх аб’ядноўваў і зводзіў разам. Мы ўсе радаваліся ўваскросламу Езусу Хрысту!  Як жа хочацца вярнуць той час! Цяпер усё па-іншаму: шмат родных памерла; тыя, што засталіся, пасварыліся паміж сабою; бабуля ляжыць пасля інсульту; мама ўвогуле страціла веру… Здаецца — адны праблемы… Але ж Езус нас не пакіне; Ён заўсёды побач. А мы з сястрой нават і цяпер стараемся кожны год ездзіць дахаты на Вялікдзень. Можа, мама і забылася, што такое сапраўдны ўваскрослы Хрыстус, але мы запрашаем Яго ў нашу кватэру, дзелімся Яго цеплынёй з роднымі… Няхай мама і зачыніла сваё сэрца перад Богам, але мы кожны дзень свайго жыцця спрабуем знайсці ключы да гэтых дзвярэй… Спадзяемся, што калі-небудзь яны знойдуцца… А пакуль што застаецца моўчкі стаяць каля дзвярэй і стукаць… Затое прыклад сапраўднай хрысціянскай атмасферы ў дзяцінстве і сузіранне таго, што адбываецца цяпер, паказваюць мне, як павінны жыць хрысціяне, — з’яднана і непадзельна ў Божай любові.

Запісала Юлія Шэдзько.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней