Падзяка ксяндзу і парафіі

Пахвалёны Езус Хрыстус! Паважаная рэдакцыя! Праз ваш часопіс хачу ад ўсяго сэр­ца падзякаваць ксяндзу Гена­дзю Кухарэвічу і ўсёй парафіі Маці Божай Ружанцовай, якая знаходзіцца ў мікрараёне Лошыца г. Мінска, за духоўную і матэрыяльную дапамогу для маёй сям’і. Мне 28 гадоў, і я адна выхоўваю чацвёра дзяцей. Старэйшаму Мікіту-Дамініку — 8 гадоў, Каці — 6 гадоў, блізняткам Андрэю і Даніілу — па годзіку. Я сама — сірата, з пяці гадоў выхоўвалася ў Дзіцячым доме. Без сталай апекі і любові блізкіх людзей нарабіла нямала памылак у сваім жыцці. Мужчыны, якім я давяралася, на жаль, выкарыстоўвалі мяне і пасля цяжарнасці кідалі, адпраўляючы на аборт. Але, дзякуй Пану Богу, я гэтага не зрабіла!

 Я вельмі люблю сваіх дзяцей і не хачу ім сірочага лёсу, таму, як магу, стараюся быць добрай, клапатлівай маці. Аднак бывае так цяжка і псіхічна, і фізічна, што, здаецца, не вытрываю. У такія моманты на дапамогу заўсёды прыходзіць Пан Бог, пасылаючы добрых і міласэрных людзей. У свой час мне вельмі дапамаглі легіянеры Марыі. Пасля Дзіцячага дома я засталася не толькі без жылля, але і без прапіскі. Здымала пакой, а калі нарадзіўся Мікіта, не ведала, што рабіць і за што жыць. Легіянеры ўгаварылі мяне не пакідаць сына ў раддоме, бралі да сябе пажыць, дабіліся для мяне прапіскі, і я пачала атрымліваць дзяржаўную дапамогу на дзіця. А потым здарыўся сапраўдны цуд. Мяне абсалютна бескарысліва пусціў у сваю аднапакаёвую кватэру Андрэй Фёдаравіч Неўгін, інвалід з дзяцінства (сам жыве з бацькамі ў Азярышчы). У гэтай кватэры мы і цяпер жывём з дзецьмі, чакаючы жылля ад дзяржавы. 

Вядома, што сёння вельмі цяжка пражыць на тыя сродкі, што я атрымліваю на дваіх дзяцей-блізнятаў. На старэйшых дзяцей нічога ўжо не атрымліваю, бо гэтая ільгота скасаваная. Таму я вельмі ўдзячная за любую дапамогу, нават за добрае слова.

 Маёй радасці не было канца, калі да нас у кватэру завітаў ксёндз Генадзь Кухарэвіч. Ён паглядзеў, як мы жывём, і ўжо на другі дзень прывёз нам новую пральную машынку і матэрыяльную дапамогу ад парафіі. У бліжэйшую суботу ахрысціў маіх сыноў-блізнятаў (нават хросных сам знайшоў). Паабяцаў, што знойдуцца ў парафіі 

ахвярныя людзі, якія дапамогуць вадзіць маіх старэйшых дзяцей на катэхізацыю. Я і са­ма хацела б часцей бываць у касцёле, але настолькі вымучваюся за дзень, што без сілаў ледзьве да ложка дапаўзаю.

Ведаю, што гэтыя цяжкасці часовыя, дзеці растуць і некалі будзе лягчэй. А пакуль што з Божай дапамогай будзем ісці наперад. І ўсім тым, хто дапамагае нам на гэтым жыццёвым шляху, разам са сваімі дзецьмі кажу сваё вялікае дзякуй. Няхай беражэ вас Усемагутны Бог! Няхай Маці Божая атуляе сваёю апекаю!

Алеся Падружына

P.S. Ад рэдакцыі: з дазволу Алесі даём яе кантактныя тэлефоны ў надзеі, што знойдуцца сярод нашых чытачоў тыя, хто хацеў бы нечым дапамагчы гэтай сям’і. Хатні тэл. (8-017) 321-14-48. Life: 8-025-68-02-099.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла