Як Маці Божая вядзе...

Хачу ўзгадаць адну гісторыю пра тое, як Маці Божая вядзе легіянераў да лю­дзей, якія чакаюць дапамогі. Некалькі гадоў таму наш ксёндз папрасіў легіянераў Марыі пахадзіць па вуліцах горада і пашукаць католікаў — магчыма, з’явіліся новыя людзі, якім трэба паказаць дарогу да храма. Мы пайшлі па два­іх. Заходзілі ў кожны дом і падчас размовы пыталіся, да якой канфесіі гэтыя людзі належаць. У адной хаце нам сказалі, што па суседстве жыве католік інвалід. Мы пастукаліся ў тыя дзверы. Нам адчыніла маленькая ба­булька і сказала, што яе муж — католік, а яна сама са старавераў. Запрасіла зайсці. Мы ўбачылі ў крэсле пажылога мужчыну без ног. Ён маліўся на ружанцы. Мы не сталі перарываць яго малітву, а выйшлі ў другі пакой паразмаўляць з бабуляй. Яна расказала, што жывуць з мужам без шлюбу і праз пару дзён сын забірае іх да сябе ў Казахстан, дзе на шмат кіламетраў няма ніякіх хрысціянскіх святыняў. Яе муж вельмі перажывае з-за гэтага. Мы запыталіся ў жанчыны, ці згадзілася б яна ўзяць шлюб у касцёле. Яна некаторы час вагалася, маўляў, я ж стараверка, але потым дала згоду. Мы хацелі ўжо бегчы па святара, калі пачулі, што пажылы мужчына плача ўголас. Ён трымаў у руках ружанец і рыдаў, не саромеючыся слёз. Мы падаравалі яму цудадзейны медалік Маці Божай. Ён з удзячнасцю ўзяў і пацалаваў яго як найкаштоўнейшую рэч. 

Не ведаем, аб чым маліўся і аб чым прасіў ён Найсвяцейшую Маці. Можна толькі здагадвацца. Напэўна, баяўся памерці ў грахах, не маючы шлюбу. Маці Божая пачула яго і дапамагла праз сваіх слугаў. Хутка да гэтых пажылых людзей прыйшоў святар і ўдзяліў патрэбныя сакрамэнты. 

Дзякуем Усемагутнаму Богу і Найсвяцейшай Маці за ўсе гэтыя ласкі і за магчы­масць працаваць на жніве Пана.

Галіна Пагасай, старшыня прэзідыума «Маці Ласкі Божай» Легіёна Марыі, г. Баранавічы.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла