Ці можна прасіць спаведніка змяніць прызначаную пакуту?

...калі, напрыклад, не ведаеш прызначанай малітвы альбо калі за пакуту даецца ўдзел у набажэнстве, на якое не можаш прыйсці, бо няма з кім пакінуць дзяцей, і г. д.

Мэтай і вынікам споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і хрысціянскай супольнасцю, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Ідучы да спове­дзі, вернік прагне перамены свайго жыцця, прызнаючы, што не хоча далей так жыць, што грэх яму перашкаджае.

Праз споведзь грэшнік пра­яўляе сябе ўмілаваным Бо­жым дзіцем, г. зн. чалавекам у яго хрысціян­скай поўні. Благаслаўлёны Ян Павел II піша, што паяднанне з Богам нараджае «далейшае паяднанне, якое выпраўляе іншыя выкліканыя грахом разлады: пенітэнт, які атрымаў прабачэнне, яднаецца з самім сабой у глыбіні ўласнага «я», знаходзячы ўнутраную праўду; яднаецца з пакрыўджанымі і зняважанымі ім братамі; яднаецца з Касцёлам і з усім стварэннем. З гэтага ўсведамлення пасля абраду паяднання ў пенітэнце нараджаецца пачуццё ўдзячнасці Богу (да якога заахвочвае Касцёл) за атрыманы дар міласэрнасці (Reconciliatio et paenitentia 31, IV).

Вернік павінен дапоўніць сапраўднае навяртанне выпраўленнем свайго жыцця, якое ёсць працяглым працэсам, а не аднаразовым актам.

Прызначэнне пакуты святаром мае мэтаю дапамагчы пенітэнту вярнуцца да поўнай еднасці з Богам і супольнасцю. Прызначаючы пакуту, святар улічвае ўнутраны стан чалавека, яго духоўныя патрэбы, а таксама неабходнасць адпаведных сродкаў, якія, нібы лек, дапамагаюць змагацца з грахом і аднаўляць жыццё. Грэх па­рушае лад і парадак у свеце, створаным Богам, у тым ліку і матэрыяльна (напр., у выпадку прычыненай шкоды ці крадзяжу). Тады пакута мае быць сродкам і спосабам аднаўлення гэтага ладу (напр., калі гэта магчыма, праз вяртанне ўкрадзенага ці матэрыяльную або духоўную кампенсацыю нанесенай шкоды).

Згодна з навукай Касцёла, вернік павінен ахвотна прыняць і выканаць прызначаную яму пакуту, аднак заўсёды мае права непасрэдна падчас споведзі папрасіць святара змяніць пакуту, калі не можа яе выканаць. Спаведнік прызначыць тады іншы спосаб сатысфакцыі.

Калі вернік прыняў пры­значаную пакуту, аднак ака­лічнасці перашкодзілі або ўскладнілі яе выкананне, ён можа самастойна замяніць чын пакаяння і пры наступнай споведзі сказаць пра гэта святару.

Узгаданы на пачатку бла­гаслаўлёны Ян Павел II ву­чыць, што сатысфакцыю нель­га лічыць платаю за атрыманае ад Бога прабачэнне грахоў, бо нішто нельга параўнаць з найдаражэйшай Крывёю Хрыста. Пакутныя чыны, часам вельмі простыя, іншы раз патрабуючыя толькі пакоры, ёсць уключэннем усяго чалавека, яго фізічных і духоўных сіл, у муку Хрыста, які аднаўляе ў пенітэнце Божы вобраз і вяртае яму страчаную годнасць.


Айцец Аркадзь Куляха OCD

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней