Вялікі пост у служэнні Яна Паўла ІІ

Кніга «Месца для кожнага: Аповед пра святасць Яна Паўла ІІ» дае цудоўную магчымасць адчуць сябе вучнямі вялікага настаўніка. У гэтым выданні журналістка Брыгіда Грысяк і арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, былы сакратар Яна Паўла ІІ (цяпер Мітрапаліт Львоўскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Украіны) размаўляюць таксама і пра перажыванне  Папам перыядаў Вялікага посту. Прапануем Вам урыўкі з гэтай кнігі.

«Святы Айцец на працягу ўсяго Вялікага посту рыхтаваўся да Вялікадня», — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. Ён шмат разоў гаварыў, што гэта святы час. І што Касцёл у Вялікім посце вырушвае ў шлях. Гэты шлях вядзе нас да Пасхі. А мы — разам з Хрыстом — ідзём праз пустыню. У пасланнях на Вялікі пост Святы Айцец тлумачыў, што для хрысціяніна пераход праз пустыню — гэта «непасрэдны досвед уласнай мізэрнасці перад Богам». І пры гэтым «паглыбленне ўласнай чуласці на прысутнасць убогіх братоў».  <...>

Арцыбіскуп Макшыцкі асабліва запомніў апошні сумесны Вялікі пост. Папяльцовая серада заспела іх у шпіталі. Ян Павел ІІ быў тады хворы. Цярпеў. З кожным днём усё больш. «Апошняе пасланне было вельмі асабістае, — гаворыць арцыбіскуп, — хоць тады я не падумаў, што гэта можа быць форма развітання, падрыхтоўкі да апошняга сумеснага Вялікадня. А Папа пісаў, што Вялікі пост адкрывае «сэрцы на пакорнае прыняцце Божай волі». Пісаў пра старых людзей. Пра ўсведамленне, што канец блізкі... І пра тое, што гэтае ўсведамленне «пабуджае старога чалавека засяроджвацца на тым, што істотнае, і надаваць значэнне таму, чаго не знішчаюць гады». «Калі я сёння думаю пра гэта, то інакш чытаю яго словы, — гаворыць арцыбіскуп, задумваючыся. — Святы Айцец пісаў тады, што пра таямніцу смерці трэба думаць з даверам. І пра тое, што канчатковая сустрэча з Богам павінна адбыцца ў атмасферы ўнутранага спакою...» <...>

...Папа прысаромліваў многіх людзей тым, што нягледзячы на старыя гады і хваробу не занядбоўваў сваіх святарскіх абавязкаў. Хрысціў, бежмаваў, спавядаў. Некалькі гадзін у дзень праводзіў на малітве. Не прывязваўся да матэрыяльных рэчаў, сваіх рэчаў амаль зусім не меў. «Зрэшты, ён шмат разоў звяртаўся да святароў з заклікам, каб яны жылі бедна, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — Таму тое, пра што сёння гаворыць папа Францішак, не з’яўляецца чымсьці новым. Толькі што гэтыя словы гучаць у іншы, больш складаны для Касцёла час. Святы Айцец цудоўна разумеў гэты механізм. Баяўся, што святары, якія не жывуць сціпла, перастануць быць для вернікаў годнымі даверу». <...>

«У Вялікі чацвер распачынаецца Пасхальны Трыдуум, які дазволіць нам нанова перажыць галоўную падзею нашага збаўлення, — гаварыў Ян Павел ІІ у апошняй катэхезе перад Вялікаднем 2002 года. І тлумачыў, што «ў пасхальнай таямніцы заключаецца сэнс і спаўненне чалавечай гісторыі. Таму Вялікдзень — гэта не адно са святаў, гэта „свята святаў“, „урачыстасць урачыстасцяў“, гэтак жа, як Эўхарыстыя — „сакрамэнт сакрамэнтаў“». «Гэта для тых, хто разважае пра перавагу святаў Божага Нараджэння над велікоднымі святамі», — смяецца арцыбіскуп. <...>

«Я добра памятаю той час, калі мы былі ў Вячэрніку, — успамінае былы папскі сакратар. — Гэтага пачуцця нельга параўнаць ні з якім іншым. Я бачыў яго ўзрушанасць, яго задумлівасць. Ён быў пагружаны ў малітву. І я перакананы, што ў духоўным сэнсе ён браў туды з сабою святароў з усяго свету. У тым ліку і грэшных». Ян Павел ІІ пытаўся, ці можна там, у Вячэрніку, здзіўляцца з таго, што сярод распарадчыкаў ёсць такія, хто чалавечаю слабасцю засланяе аблічча Хрыста. І адказваў: «Тут не толькі адбылася здрада Юды, але нават Пётр мусіў тут усвядоміць уласную слабасць, чуючы горкае прадказанне таго, што ён адрачэцца ад Езуса». Святы Айцец тлумачыў, што, «выбіраючы такіх людзей, як апосталы, Хрыстус не меў ілюзій: менавіта на такой чалавечай слабасці Ён ставіў сакрамэнтальную пячатку сва­ёй прысутнасці. На прычыну гэтага нам указвае святы Павел: „Мы маем скарб у гліняных начыннях, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас“
(2 Кар 4, 7)». «Святы Айцец нікога гэтым не апраўдваў, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — У тым самым пасланні ён паказваў, што кожны з нас можа абараняцца перад грахом. І павінен. Ён успрымаў Вячэрнік як „заданне“, „цудоўны дар Вялікага чацвярга“. І заклікаў нас быць яму вернымі». <...>

Найважнейшым момантам Вялікай пятніцы быў Крыжовы шлях. У рымскім Калізеі. «Гэта было для яго вялікае перажыванне, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі, — бо ён ішоў па арэне мучанікаў, якія гінулі за веру. Часам казаў, што гэта месца асвечанае крывёю першых хрысціянаў. <...> Крыжовы шлях у Калізеі заўсёды адбываўся ў прыгожай атмесферы. Ужо было цёмна, паходні са¬праўды асвятлялі нам шлях. І калі Святы Айцец нёс крыж на сваіх плячах, гэта выглядала вельмі пранікнёна. <...> Ён ніколі не засланяў сабою Хрыста. Хрыстус заўсёды быў першым. Але я думаю, што для ўсіх тых людзей было важна, што стары і ўжо слабы Папа ішоў з імі шляхам мукі Пана і нёс гэты крыж хоць нейкі час. Тым больш, што ўсе ведалі, як ён пакутуе, наколькі вялікі той крыж, які ён нясе штодня». <...>

Кожны дзень ён у літаральным і пераносным сэнсе стаяў пад крыжам і цярпеў разам з Хрыстом. Як навучыла яго Божая Маці. «Ён усяму вучыўся ад Яе, — гаворыць былы папскі сакратар. — Даверу, чуласці, пакоры. У тым ліку па гэтай прычыне Святы Айцец заўсёды глядзеў на крыж праз прызму ўваскрасення. Ёсць цярпенне і смерць, але толькі для таго, каб магло быць уваскрасенне. Гэта план. Я вельмі пакутую разам з тым, каго люблю. Але ведаю, што гэтыя пакуты маюць сэнс, бо вядуць да збаўлення». Папа шмат разоў гаварыў пра гэта падчас сустрэчаў з хворымі. Сам хворы, ён тлумачыў сваім братам па хваробе, што трэба змагацца. «Барацьба з хваробаю — заўсёды справядлівая, — пераконваў Святы Айцец, — бо здароўе з’яўляецца Божым дарам». І далей: «Але ў той жа час важна ўмець распазнаць план Бога, калі цярпенне стукаецца ў дзверы нашага жыцця. Для нас, веруючых, ключом да распазнання гэтай таямніцы з’яўляецца крыж Хрыста». <...>

Пасхальная вігілія была для Яна Паўла ІІ «маці ўсіх вігілій». У тым ліку той, якую ён так моц­на палюбіў. Вігіліі Божага Нараджэння. «Яшчэ раз будзе абвешчана перамога святла над цемраю, жыцця над смерцю, — тлумачыў ён у адной з гамілій на Вялікую суботу, — а Касцёл будзе радавацца сустрэчы са сваім Панам». «Святы Божага Нараджэння маюць сваю асаблівую чароўнасць, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Але Вялікдзень мае сваё асаблівае значэнне. Разам яны ўтвараюць адно цэлае. Зрэшты, Святы Айцец гэта шматразова падкрэсліваў». <...>

«Імша распачыналася цырымоніяй асвячэння агню і запальвання свечкі, якая называецца пасхал, — гаворыць арцыбіскуп. — Святы Айцец заўсёды быў вельмі ўсхваляваны. Нібы бязмерна здзіўлены навінаю, што Хрыстус сапраўды ўваскрос. Вернікам ён казаў, што гэта ашаламляльная навіна, якая „змяніла ход гісторыі“. І калі б Хрыстус застаўся ў няволі, чалавецтва ў пэўнай меры страціла б свой сэнс».

Папа хацеў, каб гэта было ўваскрасенне кожнага з нас. Як ён казаў перад Вялікаднем 1986 г., «новы пад’ём, новы запал веры, добрых учынкаў, любові, справядлівасці, міла¬сэрнасці». Для нас гэта ін­струкцыя да таго, як перажываць уваскрасенне Пана, каб уваскрэснуць разам з Ім.


Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Abp Mieczysław Mokrzycki, Brygida Grysiak. Miejsce dla każdego.
Opowieść o świetości Jana Pawła II. — Krakow, 2013.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла