«Я стаю на парозе Вашых дамоў»

У свята Ахвяравання Пана 2 лютага 2014 года папа Францішак звярнуўся да сем’яў з пасланнем.

Дарагія сем’і!

Я стаю на парозе вашых дамоў, каб паразмаўляць з вамі пра падзею, якая, як ужо вядома, адбудзецца ў Ватыкане ў наступным кастрычніку. Я маю на ўвазе генеральную надзвычайную асамблею Сіноду Біскупаў, скліканую для абмеркавання тэмы «Пастырскія выклікі сям’і ў кантэксце евангелізацыі». Сёння Касцёл пакліканы абвяшчаць Евангелле перад абліччам новых пастырскіх выпрабаванняў, звязаных з сям’ёй. 

Узгаданая сустрэча вельмі важная для ўсяго Божага народу, для біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў мясцовых Касцёлаў ва ўсім свеце, якія прымаюць актыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы сваімі канкрэтнымі прапановамі і неабходнаю малітоўнаю дапамогаю. Малітоўная падтрымка неабходная і важная, асабліва для вас, дарагія сем’і. Гэтая сустрэча Сіноду асаблівым чынам прысвечаная вам, вашаму пакліканню і місіі ў Касцёле і ў грамадстве, праблемам сужэнстваў, сямейнага жыцця і вы­хавання дзяцей і ролі сем’яў у місіі Касцёла. Таму я прашу вас звяртацца ў настойлівай малітве да Духа Святога, каб Ён асвятліў айцоў — удзельнікаў Сіноду — і скіраваў іх у іх адказным абавязку. Як вядома, праз год пасля гэтай сінадальнай сустрэчы адбудзецца асамблея, прысвечаная менавіта тэме сям’і. І ў гэтым кантэксце ў верасні 2015 года адбудзецца Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі. Таму будзем разам маліцца, каб з дапамогаю гэтых ініцыятываў Касцёл пайшоў па шляху сапраўднага распазнання і знайшоў адпаведныя пастырскія сродкі, каб дапамагчы сем’ям супрацьстаяць пагрозам сучаснасці з дапамогаю таго святла і моцы, якія сыходзяць з Евангелля. 

Я звяртаюся да вас з гэтым лістом у той дзень, калі адзначаецца свята Ахвяравання Хрыста ў святыні. У Евангеллі паводле святога Лукі мы чытаем, як Найсвяцейшая Дзева і святы Юзаф, паводле закону Майсея, прынеслі Дзіця ў святыню, каб ахвяраваць Яго Пану, і двое старых, Сімяон і Ганна, натхнёныя Духам Святым, выйшлі ім насустрач і пазналі у Езусе Месію (гл. Лк 2, 22–38). Сімяон узяў Яго на рукі і падзякаваў Богу, бо ўрэшце «ўбачыў» збаўленне. Ганна, нягледзячы на пажылы ўзрост, атрымала новыя сілы і стала распавядаць усім пра Дзіця. Гэта прыгожы вобраз: двое маладых бацькоў і двое старых — усе з’яднаныя Хрыстом. Сапраўды Езус чыніць так, што розныя пакаленні сустракаюцца і яднаюцца! Менавіта невычэрпная крыніца гэтай любові перамагае ўвесь эгаізм, усю адзіноту, увесь сум. На сямейным шляху вы разам перажываеце столькі незабыўных момантаў: абеды, адпачынак, хатнюю працу, забавы, малітву, вандроўкі і пілігрымкі, салідарнасць з тымі, каму гэта патрэбна... Аднак, калі бракуе любові, тады бракуе радасці, а сапраўдную любоў нам дае Езус: Ён дае нам сваё слова, якое асвятляе наш шлях, дае нам Хлеб жыцця, які сілкуе нас у цяжкасцях штодзённасці. 

Дарагія сем’і! Вашая малітва за Сінод Біскупаў стане каштоўным скарбам, які ўзбагаціць Касцёл. Я дзякую вам за гэта і прашу маліцца і за мяне, каб я мог служыць народу Божаму ў праўдзе і любові. Няхай апека благаслаўлёнай Дзевы Марыі і святога Юзафа заўжды спадарожнічае вам і дапамагае крочыць з’яднанымі любоўю і ўзаемным служэннем. Ад усяго сэрца прашу Бога благаславіць кожную сям’ю.

Папа Францішак

Ватыкан, 2 лютага 2014 года

Свята Ахвяравання Пана

Падрыхтавала Юлія Шэдзько..

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла