Яднаемся ў малітве за Украіну

«У гэтыя дні Украіна была вельмі моцна параненая, і цяпер мы павінны лячыць не толькі цялесныя, але і духоўныя раны нашага народу».

Арцыбіскуп Кіеўска-Галіц­кі Святаслаў Шаўчук, галава Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, звярнуўся да хрысціянаў усяго свету з прось­баю аб малітве: «Жыццё кож­нага чалавека, чалавечая супольнасць, нашая год­насць — гэта Божыя дары, якія варварскім чынам былі затаптаныя ва Украіне... Ад імя Украінскай Грэка-ката­ліцкай Царквы і праз пасрэдніцтва сваіх братоў у біскупстве я звяртаюся да духавенства, супольнасцяў і вернікаў Каталіцкага Касцёла, каб яны маліліся аб супакоі, справядлівасці і чалавечай годнасці ва Украіне. Нашая краіна патрабуе вялікай ласкі, каб пераадолець гэтае цяжкае выпрабаванне».

Беларусь таксама моліцца за Украіну. Ва ўсіх касцёлах прайшлі набажэнствы аб супакоі ў гэтай суседняй дзяржаве. У мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Панны Марыі святую Імшу ў інтэнцыі Украіны 23 лютага цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас казання Яго Эксцэленцыя падкрэсліў: «Наша імкненне да дасканаласці ў Богу павінна праяўляцца ў штодзённым жыцці. Мы не павінны плаціць злом за зло. Не вока за вока і зуб за зуб, як было ў Старым Запавеце, але падставіць левую шчаку, калі нехта ўдарыць па правай. Гэта сапраўдная пазіцыя хрысціяніна — праяўляць любоў нават да ворагаў і тых, хто чыніць нам зло. Да гэтага нас заклікае Бог, і гэты заклік — праяўленне нашай веры. Нашы думкі і пачуцці сэрца праяўляюцца ў нашым дзеянні. Менавіта яны паказваюць, ці сапраўды мы з’яўляемся месцам, дзе жыве Бог». 

Працягваем маліцца аб супакоі ва ўсім свеце і асабліва ва Украіне. Просім усіх чытачоў далучыцца да супольнай малітвы.

Рэд.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла