Што для цябе самае складанае ў Вялікім посце?

Мы задалі гэтае пытанне маладым хрысціянам. Цяпер самы час задумацца над ім для ўсіх вернікаў, якія ўваходзяць у гэты, напэўна, найбольш складаны перыяд года, што патрабуе асаблівай засяроджанасці, малітоўнасці, можа, нават падвядзення пэўных вынікаў свайго жыцця за мінулы час. Для многіх гэта час асаблівых выпрабаванняў: і цялесных, і духоўных, магчымасць паглядзець на сябе з боку, ацаніць уласную вытрымку і сілу духу. Але, што самае галоўнае — час асаблівага набліжэння да Хрыста, суперажывання Яго пакутам, без чаго немагчыма раздзяліць з Ім уваскрасенне.

Вадзім Крывенькі, Мядзел, католік.

— Перад Вялікім постам я звычайна трачу некалькі гадзін, каб падумаць, што я магу ўчыніць, змяніць. І з Папяльцовай серады пачынаецца аднатыднёвы перыяд дастасоўвання: бывае цяжка змяніць штосьці ў сабе, хоць я і разумею, што гэта важна і карысна. Але потым ужо лягчэй і лягчэй. І што цікава, падчас Трыдуума ўсё даецца лёгка, бо амаль увесь час ідзе на падрыхтоўку і ўжо добра адчуваецца надыходзячае свята. Таксама падчас посту мне цяжка даецца пры­свячаць Богу больш часу, чым раней, але калі паспець у першы тыдзень рэарганізаваць свой дзень, то ўсё будзе добра. Меншы поспех я маю ў валоданні сваімі эмоцыямі з прычыны складу характару — звычайна я спрабую змяняць менавіта гэты бок жыцця. І мне, як хлопцу, цяжка даецца абмежаванне ў ежы, што выклікае ў душы сорам. Я заўважаю ў сваім асяроддзі, што цяжка бывае падпарадкаваць знешнія абрады Вялікага посту  нябачнаму, духоўнаму, і я, на жаль, у гэтым не выключэнне.

 

Зміцер Крывенькі, Мядзел, католік.

— Мне асабіста ў гэты час найцяжэй даецца як мага даўжэй быць у стане посту — гэта азначае заставацца спакойным, малітоўным, разважлівым у штодзённым жыцці. Па характары я вельмі жвавы, нервовы, мне не заўжды хапае канцэнтрацыі. Здараецца, што дробязі разбураюць усе памкненні стацца лепшым.

 

Ірына Лігецкая, Віцебск, каталічка.

— Самае складанае, напэўна, абмежаваць 

сябе ў чымсьці. Напры­клад, неяк адмаўлялася на час посту ад слухання музыкі, сацсеткі «ВК», салодкага... Але пасля зразумела, што пост ператвараецца з чакання свята ў чаканне сканчэння абмежаванняў.

 

Наталля Самаль, Маладзечна, ката­лічка.

— Адкажу ўвогуле: нават самая простая пастанова становіцца складанай, калі паставіцца да яе сур’ёзна і адказна. Рэгулярнасць і якасць выканання пастановы, на мой погляд, гэта тое, што надае нашым абяцанням вартасць. Аднойчы на споведзі ксёндз спытаў мяне, якую пастанову я ўзяла. Я адказала, што паабяцала не заходзіць на інтэрнэт-старонкі тых людзей, якія не з’яўляюцца маімі сябрамі, і яшчэ штосьці дадала... Потым я ўзгадала свой адказ: ён можа здавацца смешным, несур’ёзным і нават нявартым такога вялікага свята. Але насамрэч у такіх дробязях і заключаная наша вернасць і цярплівасць.

 

Юліяна Казакова, Санкт-Пецярбург, каталічка.

— Самае складанае — пераадолець зацыкленасць на сабе, сваіх учынках, сваёй недасканаласці. Гучыць гэта прыкладна так: Юля, твае дбанні нікуды не годныя! Ты ж нават не імкнешся куды трэба, гэта нічым не адрознівае Вялікі пост ад любога іншага часу!

 

Яўгенія Багданава, Гомель, каталічка.

— Для мяне ў Вялiкiм посце самае складанае было тое, што мяне не кранала да глыбiнi душы ўсё, што сталася з Езусам.Cпяваеш «Miserere» падчас Iмшы альбо разважаеш над тым, як Яму было балюча, а на душы — нiяк. Мне ўсё роўна, як бы нiчога асаблiвага не адбываецца. Хоць і ведаеш, што гэта не так. Перажыць такую «цемру духу» — самае цяжкае.

 

Арцём Сідаровіч, Мінск, католік.

— Для мяне складанае ў Вялікім посце — гэта сам пост, які трэба правесці правільна і з карысцю для сябе і сваёй душы. Вялікі пост — гэта час падрыхтоўкі да Вялі­кадня. Гэта той перыяд, калі я вучуся змяняць сваё жыццё да лепшага з дапамогай посту, малітвы, сакрамэнту паяднання, добрых учынкаў для бліжняга, калі дабро лёгка можна зрабіць чалавеку, які побач, паяднацца з Хрыстом у малітве ў скрусе, проста пагаварыць з Ім у цішыні... Пост — гэта перш за ўсё духоўнае практыкаванне, гэта магчымасць яднацца з Хрыстом, і ў гэтым сэнсе — мая малая ахвяра Богу. Для мяне гэта не такая простая справа, таму што заўсёды знаходзяцца турботы, якія адцягваюць душу і сэрца ад галоўнага. Цяжка выбраць, ад чаго будзе карысна адмовіцца на гэты час... але я разумею, што так будзе лепш для мяне і маёй душы, што гэта дапаможа мне зразумець, якую вялікую цану заплаціў за нас Езус.

 

Аляксандр Каральчук, Мінск, праваслаўны.

— Самае складанае ў посце — адасобіцца ад усёй штодзённай мітусні і старацца перайсці на іншы ўзровень у плане самаразвіцця, самарэалізацыі і, што самае галоўнае — самапазнання. Я лічу, што менавіта для гэтага і патрэбны пост. Адкінуць усё непатрэбнае, залішняе, тое, што не дазваляе табе лепш пазнаць сябе і свае магчымасці — вось што самае складанае. Толькі даўшы сабе рады ў мітусні можна падняцца на гэты новы ўзровень і сапраўды адкрыць сябе нанова, абнавіць сябе, знайсці сябе — вось для гэтага і патрэбны пост. Бо адкрываючы сябе, адкідаючы непатрэбнае, мітуслівае, мы ачышчаем розум і душу для пазнання вечных праўдаў і асноўных каштоўнасцяў і гэтым самым набліжаемся да дасканаласці Творцы, яшчэ больш захапляючыся яго стварэннямі, якімі самі і з’яўляемся. 

Падрыхтавала Юлія Шэдзько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла