Футбол і веру з’ядналі святары

Напрыканцы лютага горад Ліда прымаў чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў.

На афіцыйнай цырымоніі закрыцця ўдзячныя, задаволеныя гледачы, якія цалкам запоўнілі трыбуну спарткомплексу «Алімпія», стоячы, апладысментамі віталі ксяндзоў-футбалістаў з 13 еўрапейскіх краін. І было за што! За перамогу на паркеце святары, як сапраўдныя спартсмены, аддавалі ўсе сілы, а яны, шчодрыя балельшчыкі, не шкадавалі эмоцый і ў кожным матчы падтрымлівалі сваіх фаварытаў. 

Большасць сімпатый, безумоўна, было на баку беларусаў. Наша зборная ксяндзоў існуе ўжо чацвёрты год. На леташнім першынстве Еўропы ў Славеніі нашы суайчыннікі не толькі занялі 8-е месца, але і атрымалі прапанову правесці наступны чэмпіянат у сябе. Але гэты футбольны фэст хочацца ўспрымаць не толькі праз колькасць забітых галоў, варатарскіх подзвігаў і балельшчыцкіх лозунгаў. Многія прызвычаіліся бачыць ксяндза толькі ў строгай сутане, слухаць казанне на нядзельнай Імшы, прымаць духоўныя парады ў прыватнай размове, разам ісці ў пілігрымку… Аднак тут, у Лідзе, айцы нечакана прыйшлі да людзей праз футбол. І для многіх ксян­дзы ў майках з нумарамі сталі прыемным адкрыццём. А кагосьці гэта яшчэ больш духоўна зблізіла са святаром, бо як прыемна даведацца юнаку, што і пробашч падтрымлівае яго любімую каманду, а значыць таксама жыве ягонымі інтарэсамі.

— Касцёл звяртае ўвагу на розныя сферы жыцця чалавека, — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама ўдзельнічаў у турніры. — Ён займаецца і справамі культуры, навукі, а таксама спортам. Праз яго мы можам прыйсці да людзей у тыя месцы, дзе няма Бога. Гэты турнір стаў новым спосабам евангелізацыі, а яшчэ і магчымасцю паказаць усім, што святары жывуць паводле закліку «У здаровым целе — здаровы дух».

Між іншым, у першынстве ўдзельнічаў яшчэ адзін біскуп: вароты зборнай Венгрыі абараняў 59-гадовы ардынарый Венгерскай дыяцэзіі Сегед-Чанад Ласла Кіш-Рыга. 

— Правядзенне падобнага чэмпіянату стала для нас добрай ініцыятывай і вялі­кай спартыўнай падзеяй, — прызнаецца Яго Эксцэленцыя. — Гэта добрая магчымасць наладзіць кантакты са святарамі з вашай краіны. Я ўжо гаварыў, што ніколі не быў у постсавецкіх краінах. Гэта мой першы візіт у Беларусь, які стаў для мяне прыемным сюрпрызам.

— Цікава, а колькі вы ўжо гуляеце ў футбол?

— Я наогул «асаблівы вы­падак». Я не біскуп, які захапляецца футболам, а футбаліст, які стаў біскупам. Паспеў нават пагуляць у другой венгерскай лізе. А цяпер я выступаю за ветэранскую каманду будапешцкага «Феранцвараша». 

Да п’едэстала венгры не дацягнулі — занялі толькі 9-ае месца. Добрыя шанцы заваяваць узнагароды мелі беларусы, аднак гаспадары, якіх пераважна прадстаўлялі святары з Гродзенскай дыяцэзіі, апынуліся ў чацвёртым радку, што таксама палічылі прагрэсам. Ну а перамогу атрымала зборная Польшчы, якая ў драматычным фінальным паядынку перайграла харватаў (2:1). 

— Арганізацыя гэтых спаборніцтваў на вельмі добрым узроўні, — сказаў ксёндз Эміль Канцыр, вікарый парафіі благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ у Любліне. — Беларусы зрабілі ўсё проста супер! І мы, і ўсе астатнія каманды-ўдзельніцы ўсцешананыя. Дарэчы, большасць ксяндзоў з нашай каманды, прадстаўленая святарамі з розных дыяцэзій, упершыню апынулася ў Беларусі. Кожны з нас гуляў дзесьці ў дзяцінстве, але і цяпер спорт разам з намі. Праз яго можна кантактаваць з дзецьмі, моладдзю, каб і праз футбол людзі прыходзілі ў касцёл да Пана Езуса. 

Тарас Шчыры. 

Фота аўтара.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней