Будзьма разам!

Шаноўныя чытачы! У 10-м нумары часопіса «Ave Maria» за мінулы год мы змясцілі анкету і папрасілі вас адказаць на шэраг пытанняў, каб з вашым удзелам палепшыць змест і якасць часопіса, даведацца вашую думку пра выданне, якое сёлета адзначае сваё 20-годдзе.

Вялікі дзякуй усім, хто актыўна адгукнуўся на нашу просьбу і даслаў свае адказы, хто даў ацэнку працы рэдакцыі і дазволіў нам паглядзець на сябе збоку.

Нельга не пагадзіцца з меркаваннямі, што часопіс павінен быць менш «сухім», што павінен не павучаць, а імкнуцца весці дыялог, жывое сумоўе з чытачом, даваць менш перакладных матэрыялаў, а больш аўтарскіх тэкстаў, больш сведчанняў, жыццёвых гісторый, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі. Паверце, што мы імкнемся да гэтага. 

У адказах на пытанне пра паляпшэнне выдання і змены, якія ў ім павінны адбыцца, многія з вас ра­яць палепшыць якасць паперы. Гэта таксама адно з нашых найбольшых жаданняў, бо мы добра разумеем, што ад якасці паперы залежыць не толькі эстэтычны выгляд часопіса, але й якасць здымкаў, і ваша чытацкае жаданне набываць яго і браць у рукі. На жаль, праблему з папераю адным жаданнем пакуль змяніць нельга, бо яна абумоўлена недахопам фінансавых сродкаў. Тут бы дапамагло павелічэнне накладу часопіса, а значыць і магчымасць яго большай самаакупнасці, што напрамую залежыць і ад вашай чытацкай актыўнасці і неабыякавасці. Таму звяртаемся да вас з вялікаю просьбаю: паспрыяйце, калі ласка, папулярызацыі часопіса: прапаноўвайце яго сваім сябрам і знаёмым, знайдзіце час напісаць у рэдакцыю цікавы артыкул пра сваю парафію і яе гісторыю, пра ахвярных святароў і парафіянаў, пра тое, што вас хвалюе, засмучае альбо радуе...

У многіх вашых адказах ёсць прапановы больш актыўнай зваротнай сувязі паміж рэдакцыяй і вамі, чытачамі, ёсць прапановы часцей арганізоўваць сустрэчы ў парафіях. Дзякуй за такое жаданне непасрэдных жывых кантактаў, якіх нам таксама не хапае, тым больш што актывізаваць зваротную сувязь якраз у нашых з вамі сілах, асабліва ў гэты юбілейны для часопіса год. Але добра было б, каб ініцыятыва сустрэчаў сыходзіла не толькі ад рэдакцыі, але і ад парафій, зразумела, па абавязковай папярэдняй дамоўленасці з пробашчамі. Чакаем вашых запрашэнняў і будзем імкнуцца іх рэалізоўваць.

Шаноўныя чытачы! З вашых адказаў, заўвагаў і пажаданняў мы больш ясна і выразна зразумелі, якія тэмы і праблемы вас хвалю­юць, якія рубрыкі былі б вам цікавыя і карысныя. Абавязкова пастараемся ўлічыць у сваёй далейшай працы вашыя найбольш слушныя ідэі і прапановы.

Падводзячы вынікі анкетавання, мы ўбачылі, што нас чытаюць пераважна жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту. У той жа час інтэрнэт-версія часопіса больш цікавая маладым чытачам, сярод якіх — значны адсотак мужчын­скай аўдыторыі, ад якой сыходзіць нямала канструктыўных заўвагаў і парадаў. Дзякуй за іх.

Хацелася б таксама падзяка­ваць парафіянам, ад якіх мы атрымалі найбольш адказаў на нашу анкету. Гэта найперш мінскія парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, святога Роха, Узвышэння Святога Крыжа, святога Сымона і святой Алены, святога Яна Хрысціцеля, Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах; парафіі ў Мала­дзечне, Жодзіне, Мядзелі, Нарачы, Будславе, Уздзе, Канстанцінаве, Даўгінаве, Красным; парафіі Віцебскага, Магілёўскага, Слонімскага, Свіслацкага, Зэльвенскага і Івянецкага дэканатаў.

Апытанне таксама паказала, што большасць з вас усё ж хоча чытаць друкаваную версію часопіса. Гэта пацвердзілі і адказы на анкету, змешчаныя на сайце «Ave Maria». Ёсць таксама і тыя, хто хацеў бы мець магчымасць праглядаць абедзве версіі. І гэта нас радуе, бо асабліва апошнім часам мы імкнемся ўдасканаліць сайт часопіса. Запрашаем і вас прыняць актыўны ўдзел у гэтай важнай справе.

Нас парадавала, што сярод адзнакаў, якія вы, дарагія чытачы, ставіце нашаму часопісу, пераважаюць выдатныя і добрыя. Мы разумеем, што гэта ваш чытацкі «аванс» нашай працы і ваша высакароднае жаданне нас падтрымаць. 

Дзякуй вам за кранальныя сло­вы падтрымкі, далучаныя да адказаў, за духоўную і малітоўную дапамогу — усё гэта дадае нам сілы і надзеі, натхняе на далейшую працу. Давайце будзем разам імкнуцца зрабіць наш часопіс больш цікавым і актуальным, каб ён быў заўсёды чаканым і неабходным і яшчэ доўга служыў Божай справе евангелізацыі гэтага свету.

Рэд.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла