«Будзь воля Твая»

18 студзеня ў катэдральным касцёле ў Віцебску падчас урачыстай Імшы адбылося біскупскае пасвячэнне ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі ксяндза Алега Буткевіча. Галоўным пасвячаючым біскупам быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, асістуючымі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч.

Ксёндз прэлат Францішак Кісель агучыў намінацыйную булу Святога Айца. Гамілію прамовіў галоўны пасвячаючы — Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Кажучы пра біскупа намінанта, Апостальскі нунцый адзначыў: «Выбраны — ваш сын і брат. <…> Ён сын гэтай зямлі». Звяртаючыся да біскупа намінанта, ён дадаў: «Дарагі брат, перад табой асаблівы абавязак — абвяшчаць Евангелле ў ролі біскупа. Абвяшчаць Евангелле азначае мець асаблівую сувязь з Езусам Хрыстом, і гэта адносіцца да ўсіх хрысціянаў. <…> Цябе гэтыя адносіны датычацца асабліва, бо ты станеш тварам, розумам і сэрцам віцебскага Касцёла». «Ты станеш наступнікам апосталаў, і гэта вельмі глыбокая таямніца, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Станеш наступнікам тых, хто бачыў і дакранаўся да Хрыста. Ты маеш права казаць: таксама і я бачыў і дакранаўся да Хрыста. Сёння ты цалкам аддаеш сябе Касцёлу аж да смерці. І ў гэтым касцёле, і па-за ім ёсць людзі, якія цябе чакаюць. Перадусім гэта бедныя — перадусім там, дзе людзі ніколі не чулі пра Хрыста. Там, дзе ёсць самотныя, плачучыя, якія не маюць таго, хто іх суцешыць; там, дзе ёсць хворыя, пакінутыя, дзе ёсць моладзь, якая чакае таго, каб жыць, каб змагацца».

На ўрачыстасць пасвячэння новага ардынарыя прыбыло шмат гасцей з Беларусі і з замежжа — Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Італіі; прадстаўнікі гарадскіх і абласных уладаў, дыпламатычнага корпусу, духавенства, кансэкраваныя асобы і шмат вернікаў. У Імшы ўдзельнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскуп Эдвард Паўлоўскі з Латвіі, біскуп Арунас Панішкайціс з Літвы, грэка-каталіцкае духавенства разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«Касцёл — гэта брама, брама да Божага Валадарства, — сказаў, звяртаючыся да прысутных, новы Віцебскі ардынарый. — Наша заданне — зрабіць так, каб гэта брама была адчынена, <…> каб у Касцёле чалавек знаходзіў Хрыста, каб бачыў, адчуваў Яго Божую любоў, каб чалавек мог Яго тут знайсці». «Любіце гэты Касцёл, — заклікаў новы іерарх вернікаў. — Так, ён часам недасканалы, слабы, бо складаецца з людзей <…>. Але моц гэтага Касцёла залежыць ад нашай з вамі веры — той веры, якую нам на гэтай зямлі перадалі, часам коштам свайго жыцця, нашы бацькі, нашы дзяды». «Без малітвы няма шляху да Божага Валадарства, — падкрэсліў біскуп. — Таму прашу вас аб малітве за наш Касцёл». Віцебскі ардынарый узгадаў словы Маці Божай «вялікае ўчыніў Мне Усемагутны», дзякуючы за Божую любоў і міласэрнасць.

Так пачалося служэнне ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча.

* * *
Калі апісваць гэты дзень адным словам, я, ні на хвіліну не засумняваўшыся, скажу: радасць. Радасным было ўсё: і сонца, якое шчодра біла ў шырокія вокны віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага — нязвыкла шырокія для нашай поўначы; і лёгкі марозец, які толькі румяніў і прыгожыў людзей, ды і самі людзі — усе, і святары, і вернікі, проста прамяніліся чыстай радасцю. Калі вы яшчэ не зазірнулі ў фотарэпартаж з падзеі на catholic.by, зрабіце гэта абавязкова — такая ж шчырая радасць ад прагляду гарантаваная і вам.

Незаўважна мінулі тры з паловаю гадзіны ўрачыстасці — біскупскай сакры ксяндза Алега Буткевіча, цяпер біскупа Віцебскага, наймалодшага з усіх біскупаў Беларусі. Яго Эксцэленцыя, Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці вельмі слушна, на мой погляд, параўнаў гэтае пасвячэнне — першае з трох, прызначаных на пачатак 2014 года — з нараджэннем дзіцяці. Дзевяць месяцаў — менавіта столькі часу чакала Віцебская дыяцэзія свайго новага пастыра пасля сыходу на пенсію біскупа Уладзіслава Бліна. Гэта было доўгае чаканне і годны выбар. Сам жа біскуп Алег падчас урачыстасці некалькі разоў звяртаўся да словаў іншага выбару — выбару, які зрабіла Марыя, адказаўшы «Fiat» на Божую прапанову стаць Маці Збаўцы. Недарэмна словы пакорнасці волі Божай «Fiat voluntas Tua» напісаныя і на дэвізе пад яго біскупскім гербам з выяваю Маці Божай Браслаўскай і Хрыста з герба горада Віцебска.

Вельмі шмат біблійных алюзій было на гэтай урачыстасці: для мяне гэта знак паўсюднасці Касцёла, яго пранізанасці Евангеллем і жывога подыху Духа Святога. Як напісаў святы Ян у сваім Пасланні, «мы сведчым пра тое, што бачылі і чулі, і да чаго дакраналіся» (гл. 1 Ян 1, 1–4) — у суботу у віцебскай катэдры мы, прысутныя, таксама бачылі дзеянне Божае і перажывалі гэта як, напэўна, апосталы прыманне ў іх шэрагі новага вучня. Менавіта так у гэты дзень выглядалі ўсе беларускія пастыры, іерархі госці з-за мяжы і біскупы-намінанты кс. Юрый Касабуцкі і кс. Юзаф Станеўскі, для якіх усё было яшчэ наперадзе.

Калі я глядзела з хораў на ўсё, што адбывалася ўнізе, у памяці ўзнікалі і старазапаветныя вобразы з незабыўным і любімым «Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім…», і новазапаветны хрост у Ярдане, які мы так нядаўна ўзгадвалі ў літургіі — старонкі раскрытага Евангелля, якое трымалі над галавою новапасвечанага біскупа надта ўжо нагадвалі трапяткія крылы Духа Святога са старажытных абразоў…

І яшчэ адзін вельмі важны вобраз-напамінак — яго агучыў у сваёй прамове арцыбіскуп Клаўдыё — вобраз вяселля, калі жаніх назаўжды заручаецца са сваёю Абранніцаю-Касцёлам і прысягае ёй у вернасці перад Богам і ўсімі сабранымі сведкамі і гасцямі. І біскуп Алег сапраўды выглядаў закаханым у гэтую сваю Нябесную Абранніцу, заклікаўшы ўсіх нас у першай біскускай прамове любіць яе, любіць Касцёл, слабы і недасканалы, але прыгожы ў святасці сваёй боскай абранасці.

І гэтая любоў прамянілася ў вачах і палымяна білася ў сэрцах усіх сабраных тым суботнім полуднем у касцёле Езуса Міласэрнага. А яшчэ была радасць ад таго, што беларускі Касцёл трымае і ўзмацняе цяпер яшчэ адзін слуп, і авечак гадуе для Гаспадара яшчэ адзін пастыр.

Добрага шляху, Ваша Эксцэленцыя, біскупе Алег!

Юлія Шэдзько

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла