Прапаведаваць Божую любоў

Размова з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім

— Ваша Эксцэленцыя, мы размаўляем з Вамі за некалькі дзён да ўдзялення Вам біскупскай сакры, таму дазвольце найперш ад імя супрацоўнікаў і чытачоў часопіса сардэчна павіншаваць Вас з гэтым высокім і адказным прызначэннем, якое Вы атрымалі ад папы Францішка 29 лістапада мінулага года. Напэўна, патрэбна была немалая адвага, каб адказаць згодаю на рашэнне Святога Айца?
— Дзякуй. Прызначэнне, сапраўды, вельмі адказнае, і я гэта добра ўсведамляю, таму нялёгка было прыняць такое рашэнне. Аднак, падумаўшы над усім, я проста аддаўся Божай волі, бо вельмі шмат разоў у сваім жыцці спазнаў: калі ў нейкай справе ёсць Божая воля, то нішто не зможа ёй перашкодзіць, а калі Божай волі няма, то і справа не ўдасца. Паразважаўшы над евангельскімі словамі «будзь воля Твая», якія мы вымаўлям у малітве кожны дзень, я прыняў гэтую Божую волю...

— За Вашымі плячыма ўжо 17 гадоў святарскага досведу. З 2005 года Вы выконваеце таксама абавязкі канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і таму знутры, так бы мовіць, ведаеце жыццё Касцёла ў Беларусі. Зыходзячы з гэтага досведу, што Вы лічыце найбольш важным у сваім апостальскім служэнні?
— Найбольш важным я лічу прапаведаванне любові Бога да чалавека — тое, да чаго нас заклікае папа Францішак. Прапаведаваць любоў, міласэрнасць Бога да чалавека, несці Езуса Хрыста і Яго словы сучаснаму чалавеку — вось самае галоўнае.
Ёсць таксама важныя справы, якія датычацца непасрэдна функцыянавання Касцёла як інстытута, што складаецца з людзей. На гэты аспект таксама трэба будзе звярнуць увагу і пастарацца штосьці рабіць для таго, каб прапаведаванне Божага слова дайшло да як мага большай колькасці людзей і каб чалавек сапраўды мог адчуць, што Бог любіць яго.

— Вы былі таксама прэфектам вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Як Вам бачыцца сітуацыя з пакліканнямі ў Касцёле ў Беларусі? Ці ёсць надзея на тое, што ў перспектыве пакліканняў будзе больш?
— Існуе меркаванне, што ў наш час колькасць пакліканняў змяншаецца ў сувязі з тым, што сучасны свет секулярызуецца і маладому чалавеку бывае нялёгка рашыцца на пэўнае самаадрачэнне, каб стаць на шлях служэння. Аднак мы не можам казаць, што ў нас вялікі спад пакліканняў, бо маладыя людзі прыходзяць і ў дыяцэзіяльныя семінарыі, якіх у нашай краіне дзве, і ў розныя манаскія супольнасці. Агульная колькасць людзей, якія становяцца на шлях служэння Хрысту, захоўваецца. Я памятаю, як я прыйшоў у духоўную семінарыю: толькі на нашым курсе было амаль сорак чалавек, а цяпер прыкладна такая ж колькасць ва ўсёй семінарыі, на ўсіх курсах разам. Мы заўсёды павінны памятаць, што Бог сам рэгулюе гэты працэс. Калі настаў час адраджэння, а святароў у нас не хапала, вельмі многія маладыя людзі пачулі голас паклікання, пайшлі за ім, і колькасць святароў павялічвалася. Цяпер, можа, не так шмат, але затое звяртаецца больш увагі на якасць паклікання, на падрыхтоўку маладых людзей, таму праца з моладдзю, дапамога ёй у распазнанні голаса Божага — вельмі важная. Праца, малітва і розныя душпастырскія акцыі (сустрэчы міністрантаў, сустрэчы моладзі) — сапраўды будуючы фактар, бо часам Бог у якасці інструмента выкарыстоўвае іншага чалавека.

— Ваш біскупскі дэвіз — Manere in Christo («Трываць у Хрысце»). Што для Вас як для хрысціяніна і наступніка апосталаў значаць гэтыя словы?
— Гэтыя словы ўзятыя з прыпавесці Езуса Хрыста, у якой Ён параўноўвае сябе з вінаграднаю лазою. Мы ж — галінкі, якія павінны трываць у гэтай лазе, каб мець жыццядайны сок, якім нас напаўняе Езус Хрыстус, Яго Божая ласка. Дэвіз Manere in Christo можна яшчэ перакласці як «Вытрываць у Хрысце». Усе мы — людзі, але нашымі рукамі Бог робіць вельмі шмат справаў, таму мы заўсёды павінны трымацца за нашага Збавіцеля. Я выбраў гэтыя словы, каб  нават самому сабе нагадваць пра тое, што я павінен трываць у Хрысце, бо менавіта Ён з’яўляецца нашаю моцаю, Даўцам ласкаў і праз слабога, недасканалага чалавека сапраўды можа здзяйсняць вялікія рэчы. Мы гэта бачым на прыкладзе лёсаў многіх людзей, праз якіх Бог здзяйсняў важныя справы. Гэтаксама і ў маім жыцці.

— Патлумачце, калі ласка, сімволіку свайго біскупскага герба.
— Біскупскі герб падзяляецца на тры або дзве часткі. Мой герб падзелены на тры часткі. У адной з іх знаходзіцца сімволіка Марыі, Маці Божай, Маці Будслаўскай, якой я даручаю сваё служэнне і ў якой прашу апекі. Марыя, якая стаяла пад крыжам Хрыста, якая вытрывала ў Хрысце, выпрошвае ў Бога шматлікія ласкі, з’яўляецца нашаю Пасрэдніцаю.

У другой частцы герба адлюстраваная вінаградная лаза — тое, пра што сказана ў дэвізе. Вінаградная лаза дае свой плён толькі тады, калі галінка трывае ў ствале. У трэцяй частцы — разгорнутая кніга з літарамі «Альфа» і «Амега» («Пачатак» і «Канец»). Гэтая кніга — Божае слова, якое я буду старацца несці людзям. Праўда, некаторыя святары інтэрпрэтавалі кнігу ў маім гербе як знак таго, што я выкладаю і ў семінарыі, і ў каледжы, таму без яе не мог абысціся (смяецца).

— У гэтай размове хацелася б запытаць таксама пра вытокі Вашага святарскага паклікання. Як яно выспявала ў Вашай душы, у Вашым лёсе?
— Што датычыць паклікання да святарства, то пра сябе я магу сказаць словамі благаслаўлёнага папы Яна Паўла ІІ. Пакліканне — гэта «Дар і Таямніца». З аднаго боку, гэта дар Божы, а з другога — нават для мяне самога таямніцаю з’яўляецца тое, якім чынам гэта адбывалася ў маёй душы. У дзяцінстве мы, хоць не вельмі часта, але ездзілі ў касцёл у Красным.

— У Маладзечне не дзейнічаў ніводзін касцёл?
— Не, усе яны былі зачыненыя. Найбліжэйшыя былі ў Красным,  Касцяневічах, Даўгінаве і Вішневе.
Калі я быў малы, у гэтых наведваннях мяне больш цікавіла само падарожжа, гульня з дзецьмі на горцы каля касцёла, але гэта таксама была нагода пазнаёміцца з касцёлам. Ужо пазней, калі я і мае аднагодкі былі падрастаючай моладдзю, мы з большай цікавасцю ездзілі ў касцёл, збіраліся ў групы. Калі я вучыўся ў Мінску ў «наргасе», пачаў хадзіць у касцёл на Кальварыі, толькі ён тады быў адчынены. Магчыма, ксёндз Ян Адамовіч паўплываў на тое, што я стаў адчуваць у сабе ўнутраны голас: «А чаму б і я не мог быць святаром?..».

У распазнанні майго паклікання была адна цікавая гісторыя. Як я ўжо казаў, Бог часам карыстаецца іншымі людзьмі і праз іх адкрывае пэўныя праўды. Аднойчы мы паехалі з Маладзечна ў Краснае на касцёльны фэст. Дзяўчына з нашага асяродка выйшла на прэцэсію ў манаскім хабіце. Нас гэта вельмі здзівіла. Я нават пажартаваў: «Вось ты пераапранулася ў манашку, а я наступным разам пераапрануся ў манаха, калі будзе ў што...». Яна ж адказала: «Так няможна жартаваць, бо я сапраўдная манашка, дамініканка кляўзуровая, толькі мы ўкрытыя... Я буду маліцца, каб ты стаў ксяндзом». Гэта было сказана нібы жартам, але потым я даведаўся, што яна сапраўды была манашкаю. Напачатку супольнасць, да якой належыць мая знаёмая, была трохі раскіданая, але, нягледзячы на гэта, сёстры мелі пэўную фармацыю. Цяпер мая даўняя знаёмая знаходзіцца ў кляштары. Напэўна, яе малітва таксама спрычынілася да майго паклікання, бо я пачаў задумвацца: «А чаму я не магу стаць ксяндзом?.. Калі гэтая дзяўчына, якую я ведаю, з якой мы таварышуем, сустракаемся і размаўляем, — манахіня, і гэта не штосьці далёкае, не „на нябёсах“...». Гэтая думка ўсё мацней укаранялася ў маёй душы, і пазней я ўжо канчаткова вырашыў пайсці ў семінарыю. Я звярнуўся да ксяндза Эдмунда Даўгіловіча, які ў той час ужо працаваў у Маладзечне і ўсёй нашай акрузе. Ён вельмі актыўна падтрымаў гэтую ідэю і адыграў сапраўды найбольшую ролю ў тым, каб маё пакліканне выспела. Ён пачаў браць з сабою мяне і цяперашняга ксяндза Сяргея Бараўнёва ў свае парафіі, каб мы паглядзелі, што такое святарская праца. Мы бачылі, што ў святара дзень распачынаецца вельмі рана. Ездзілі ад адной парафіі да другой, у кожнай — святая Імша, у кожнай чакаюць людзі. І за дзень бывала па пяць такіх пераездаў. Здаралася, што мы моцна спазняліся на Імшу ў наступную парафію, бо дарога займала час... Вечарам мы былі змучаныя, але разумелі, што ксёндз змучыўся нашмат больш. Аднак гэтая стомленасць была прыемная: падчас дарогі мы размаўлялі ў машыне, ксёндз амаль заўсёды штосьці распавядаў са сваёй святарскай практыкі, і гэта таксама адыграла вялікую ролю.

— А як у сям’і ўспрынялі Ваш выбар?
— Станоўча. Ужо пазней я даведаўся, што бацькі майго таты вельмі хацелі, каб ён стаў святаром. Гэтых бабулю з дзядулем я ніколі не бачыў, бо яны памерлі адразу пасля вайны.
У мамінай сям’і, якая была вельмі веруючая, таксама хацелі, каб хтосьці з дзяцей стаў святаром. Калі нарадзіўся мамін брацік, дзядуля сказаў: «О, можа ксяндзом будзе...». Хоць яго лёс склаўся інакш, аднак, як бачым, Бог выслухаў тыя малітвы...

— Сапраўды, малітва робіць цуды. А як моліцца святар Юрый Касабуцкі? Якая форма малітвы Вам найбольш блізкая?
— Мне найбольш падабаецца «Вяночак да Божай Міласэрнасці». Праз Божую міласэрнасць і любоў, якая напаўняе сэрца чалавека, мы сапраўды выпрошваем вялікія ласкі для свету. Але, вядома ж, на першым месцы — святая Імша, Эўхарыстыя.

— А хто са святых Вам бліжэй за ўсё па сваёй харызме?
— Цяжка вылучыць кагосьці аднаго. Напрыклад, у свой час я захапляўся святым Францішкам з Асізі, а дакладней тым, як ён мог аддаць усе справы ў рукі Божыя. Дзякуючы гэтаму ён пачынаў рабіць рэчы, здавалася б, абсалютна неверагодныя, немагчымыя для выканання...

Захаплялі мяне таксама постаці святой Тэрэзы Авільскай і святога Яна ад Крыжа. Яны, як і святы Францішак, чынілі такія справы, якія здаваліся абсалютна нерэальнымі. Аднак у амаль нерэальных умовах яны здзейснілі рэформу манаскага ордэну. І ўсё — дзякуючы даверу да Бога...

Мяне таксама захапляе постаць благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Калі пачытаць пра яго лёс, паглядзець фільм «Караль, які стаў Папам», то разумееш: усе цяжкасці і праблемы, з якімі ён сутыкаўся на сваім святарскім шляху, у сваім біскупскім служэнні, толькі пацвярджаюць, што Бог сапраўды вёў яго праз жыццё, а ён проста выконваў волю Божую, рабіў сваю справу добра, з энтузіязмам і глыбокаю вераю, якая дапамагла яму дзяліцца тым, што ён меў, і пры гэтым заставацца вельмі простым чалавекам, якога Бог зрабіў такою выключнаю асобаю.

— Калі ўжо загаварылі пра благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, то хочацца прыгадаць яго кнігу «Устаньце, хадзем!», у якой ён пісаў, што дыяцэзія адлюстроўвае стыль жыцця яе біскупа. А які стыль найбольш імпануе Вам?
— Напэўна, так сталася па волі Божай, што я меў магчымасць вельмі блізка супрацоўнічаць з кардыналам Казімірам Свёнткам, з нашым арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, з біскупам Антоніем Дзям’янкам. Я бачыў іх стыль працы, стыль жыцця. Мне вельмі імпануе тое, што ў гэтым стылі ёсць пэўная прастата жыцця і штодзённага быту, і ў гэтай прастаце біскуп нясе сваё служэнне — высокае, але перш за ўсё служэнне, а не панаванне.

— Сучасны чалавек вельмі часта наракае на недахоп часу, якога ні на што не хапае, асабліва на адпачынак, на спакой, на роздум... Ці ёсць у Вас такі час, які Вы аддаеце сваім любімым заняткам, хобі, чытанню літаратуры — не толькі тэалагічнай, але таксама й мастацкай?
— Апошнім часам я адчуў штосьці падобнае, калі праца ў курыі, у парафіі на Залатой Горцы, выкладанне ў семінарыі ў Пінску і ў катэхетычным каледжы займалі практычна ўвесь час. Неяк у размове я заўважыў, што мой адзіны выезд з Мінска — толькі ў Пінск на лекцыі. Так было на працягу некалькіх апошніх гадоў.
Адзін са святароў параіў мне вельмі добрую рэч: «Пачытай уважліва Евангелле. Што Хрыстус сказаў апосталам? „Ідзіце і адпачніце...“». Сапраўды, адпачынак вельмі патрэбны, патрэбныя хвіліны спакою, засяроджанасці. Таму я апошнім часам люблю выйсці прагуляцца, пачытаць...

— А якія кнігі чытаеце апошнім часам?
— Цяпер я перачытваю тое, што чытаў раней, — класіку. Нядаўна мне захацелася перачытаць «Вайну і мір» Талстога, і не проста перачытаць, а менавіта перажыць. Можа, гэта нейкая туга па школьных гадах, па юнацтве...

— Ваша Эксцэленцыя, Вы прымаеце біскупскую сакру ў свята навяртання святога Паўла. Хацелася б прыгадаць словы Апостала, звернутыя да старэйшых у Эфесе: «Пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы...». Што для Вас самае важнае ў гэтым пільнаванні сябе і статку?
— Менавіта тое, што ёсць у маім дэвізе, — вытрываць у Хрысце. Сучасны чалавек вельмі часта ўскладае ўсю надзею толькі на сябе, на свае высілкі і намаганні. Вельмі часта чалавеку не хапае такой унутранай пастановы: «Пане, калі гэта патрэбна, зрабі гэта праз мяне. Я аддаю гэта ў Твае рукі...». Неабходна трываць у Богу і веры, трымацца за тое, што нам перадаў Касцёл, за дэпазіт веры, за маральныя каштоўнасці... Яшчэ ў «Кнізе Псальмаў» сказана, што справядлівы чалавек, які трымаецца гэтага, ніколі не зазнае сораму. Чалавек, які жыве ў згодзе са сваім сумленнем, прабывае ў Хрысце, заўсёды будзе адчуваць сябе шчаслівым. У гэтым, на маю думку, і заключаецца пільнаванне і сябе, і статку.

— Адзін з найбольш адказных абавязкаў біскупа — гэта навучанне, абвяшчэнне Добрай Навіны. Вы доўгі час былі касцёльным кансультантам каталіцкай прэсы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Як Вам бачыцца развіццё і перспектывы каталіцкіх мас-медыя — гэтага важнага дапаможнага інструмента ў справе евангелізацыі?
— Я думаю, што каталіцкія мас-медыя павінны развівацца, ісці наперад. Вялікую інфармацыйную прастору ў наш час займае інтэрнэт, але ёсць пакаленне людзей, якое не зусім знаёмае з ім або й зусім не знаёмае, таму друкаванае слова таксама вельмі патрэбнае. Яно патрэбнае ўсім, бо вельмі шмат людзей даведваюцца пра Бога менавіта з такой літаратуры, менавіта з каталіцкіх выданняў. Таму я вельмі хацеў бы, каб усё гэта надалей развівалася і несла кожнаму чалавеку любоў Бога.

— Вялікі дзякуй за размову.

Размаўляла
Крыстына Лялько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла