Знакі святасці Яна Паўла ІІ

З размовы кардынала Станіслава Дзівіша з кс. Ірэнэушам Скубісем

«...Усё маё святарскае жыццё звязана з асобаю Яна Паўла ІІ. Аднак цяпер я ўсё больш бачу, наколькі святасць напаўняла яго жыццё, у чым яна праяўлялася. Напрыклад, Святы Айцец ніколі не цэлебраваў святой Імшы раніцаю без папярэдняй падрыхтоўкі. Ён заглыбляўся ў разважанне, заўсёды рыхтаваўся перад святою Імшою хаця б 15 хвілінаў. І ніколі не заканчваў святой Імшы, не ўчыніўшы акту падзякі. Акрамя таго, ён не размаўляў з людзьмі перад святою Імшою. Калі мы ехалі на візітацыю ці ўрачыстае набажэнства, перад Эўхарыстыяй павінна была захоўвацца цішыня, «cilentium», засяроджанасць — ён рыхтаваўся да сустрэчы з Панам у часе святой Імшы. Пасля Імшы было гэтаксама. Ужо толькі гэтыя факты сведчаць пра адносіны Яна Паўла ІІ да Хрыста. Людзі, якія прыходзілі на святую Імшу ў яго прыватную капліцу, у тым ліку і ў Кракаве, пасля гаварылі, што ён быццам перамяняецца, і, молячыся або цэлебруючы Эўхарыстыю, уводзіць людзей у атмасферу еднасці з Богам. <...> Святы Айцец шукаў зацішных месцаў для кантакту з Панам. Час ад часу мы стараліся даць яму магчымасць выехаць на прыроду. На пачатку такіх выездаў ён ні з кім не размаўляў, бо «акунаўся» ў Пана Бога, захапляючыся Стварыцелем праз стварэнні. Ён быў чалавекам творчым, чулым да прыгажосці. Хараство прыроды дапамагала яму ў сустрэчы з Панам Богам. Усе, хто глядзеў здалёку, каб не перашкаджаць яму, былі зачараваныя яго малітваю і еднасцю з Панам Богам. Калі Ян Павел ІІ быў маладзейшы, калі не надышлі яшчэ старасць і хваробы, ён шмат маліўся, лежачы крыжам ці на падлозе ў капліцы, што на Францішканскай у Кракаве, ці ў Рыме. Мы пакідалі яго аднаго, але чулі, як ён паціху размаўляў з Панам Богам — гэта быў дыялог з Эўхарыстычным Хрыстом. Чулі, як ён «абмольваў» праблемы, краіны, якія збіраўся наведаць, іх жыхароў. Зрэшты, ён паўтараў, што для Папы Рымскага найважнейшаю справаю з’яўляецца малітва, рукі, узнесеныя ўгору. Папа, які моліцца, — гэта пасрэднік паміж Богам і чалавекам, паміж небам і зямлёю. <...>

Ян Павел ІІ яшчэ як арцыбіскуп Кракаўскі, калі спускаўся з Каспровага ў Кузьніцы, спыняўся ў адным сваім месцы, каб памаліцца, прачытаць Брэвіярый. Кожны чацвер Папа перажываў Святую гадзіну (адарацыю) — як святар і біскуп ён ніколі яе не прапускаў. Нам, клерыкам, ён неаднойчы казаў: „У Аліўным садзе апосталы спалі — трэба гэта кампенсаваць“. Ён кампенсаваў. На працягу ўсяго жыцця па чацвяргах, у тым ліку падчас падарожжаў, калі праграма была вельмі напружаная, Святая гадзіна захоўвалася заўсёды. Вельмі многае сведчыць пра яго святасць. Найважнейшы знак гэтай святасці — малітва, еднасць з Панам Богам. І ён ніколі не выстаўляў гэтага напаказ».

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла