Як прывіць дзецям ахвоту да малітвы?

Аднаго маленькага  хлапчука запыталі, ці хацеў бы ён стаць дарослым. І калі той адказаў «так», запыталіся: «Чаму?». «Ведаеце, я хачу быць, як мае бацькі — яны ўжо дарослыя, і таму не моляцца», — адказала дзіця.

Выхаванне ў сям’і адбываецца не толькі праз загады і забароны.  Дзіця мае не толькі вушы, але і вочы. Яно не толькі слухае бацькоў — яно ўважліва за імі назірае. А калі тое, што яно чуе, не сыходзіцца з тым, што бачна ў паводзінах бацькоў, дзіця здольнае паступаць крывадушна, выконваючы ўсе патрабаванні, калі дарослыя блізка, і паўтараючы паводзіны бацькоў, калі яны іх не бачаць.

Усё гэта адносіцца і да ахвоты маліцца, бо ўменне і патрэбу размаўляць з Богам трэба выхоўваць. Нельга проста адпраўляць дзяцей «маліцца і спаць». Трэба маліцца вечарам разам з імі. Нават калі пасля адыходу дзіцяці да сну бацькі маюць яшчэ свае справы, усё роўна важна маліцца вечарам разам з дзіцем. І раніцай таксама неабходна знайсці гэтыя некалькі хвілін, каб адразу пасля абуджэння разам з дзіцем ахвяраваць Богу распачаты дзень. Важна, каб усе супольныя пасілкі распачыналіся і заканчваліся супольнай малітвай. Але і гэта яшчэ не ўсё.

Асноваю ўсяго з’яўляюцца асабістыя адносіны бацькоў з Богам. Калі для мамы ці таты малітва застаецца толькі абавязкам, калі яны будуць маліцца з дзіцем толькі для таго, каб выгадаваць добрага хрысціяніна, існуе небяспека, што дзіця так ніколі і не спазнае, наколькі Бог можа быць блізкім да чалавека. Бацькі рызыкуюць, што дзіця так і не навучыцца, нават у дарослым жыцці, размаўляць з Богам дабравольна, а не таму што так трэба. Вельмі важна, каб дзіця бачыла, што яго бацькі звязваюць з Богам усе свае спадзяванні і клопаты. Вельмі важна, каб бацькі самі вучыліся бацькоўству ад Айца, што ў небе.

Таму для таго, каб маліліся дзеці, трэба найперш навучыцца маліцца бацькам.

Кс. Уладзімір Русак,
віцэ-рэктар МВДС у Пінску

 

 

Olymp Trade Olymptrade, отзывы олимп трейд

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла