Вершы

Юлія Шэдзько

Да Анёла Ахоўніка

Анёле любові маёй,
Не дай мне забыцца на добрую волю,
Анёле надзеі маёй,
Не дай на сябе адну спадзявацца.
Анёле спакою майго,
Не дай мне спакойна заснуць у заганах сваіх.
Анёле пакоры маёй,
Не дай мне фальшывай пакоры на выгляд,
Анёле маёй чысціні,
Не дай быць драпежнікам у белым убранні,
Анёле Ахоўніку мой,
Не дай крывадушнасці шчырасць сабой замяніць.
Анёле праўды, ў праўдзе вядзі,
Каб яна мяне трымала
Верна, надзейна, трывала на тым шляху,
Што вядзе да святла.


Сяргей БРАНДТ

ДЗIЦЯЧАЯ МАЛIТВА ЗА ЎСIХ

Добры, моцны, светлы Божа!
Ты ўсё бачыш, Ты ўсё можаш!
Папрашу зусiм нямнога —
Мiласцi ўсiм ад Бога.

Каб праўдзівей сталi людзi,
Шчырасць ёсць — удзячнасць будзе!
Каб гучалi простай казкай
Словы: «дзякуй», «калi ласка».

Не гублялi каб сумленне,
Дай нам, Божа, адраджэнне!
Кожны дзень стане, як свята —
Усiм шчасця, усе багаты!

Данясiце мае словы
Да нябёс, мае анёлы!
Добры, моцны, светлы Божа!
Ты ўсё бачыш, Ты ўсё можаш!


Яўгенія Чакур

Росіцкі плач

Ой, мерзнуць людзі ды ў Росіцы
Не ад холаду, а ад жорсткасці.
Ад касцёла шлях горкі вытканы
Страхам, холадам і пад пыткамі.
Ой, ісці туды на ўспамін іх душ
Так жа цяжанька па шляху, бы з руж.
Да апошняга таго вогнішча,
Што ўзяло жыццё дый не стогнучы.
Па слядах ідзём, помнім, молімся,
А той боль людскі ў ногі колецца.
І ляціць уверх песня горычы,
І адразу ўсім стала горача.
У цішы маўчым і цалуем крыж,
Супакой ідзе ды ад Бога звыш.
А ў Росіцы — слёзы коцяцца.
А ў Росіцу — сэрца просіцца.


Еднасць

Побач сядзіць жанчына,
Можа, з Кітая, а можа, з Рыма.
Шчыра вітае Марыю
Малітвай.

Яна таксама маці,
Просіць аб долі дзіцяці,
Перабірае ружанец,
Які дае шанец.

Ружамі словы да Маці
З вуснаў старэйшых, дзіцяці,
Нібы букет, вылятаюць,
Маці вітаюць.

Розныя нацыі, мовы
Кідаюць словы са сховаў
Сэрцаў сваіх для Марыі,
Творачай цуды і дзівы.

Нас аб’яднала Марыя,
Ласкай, цяплом адарыла
Лепшая Маці на свеце.
Мы ж — Яе дзеці.


Малітва маці

Божа, дай сілы маёй дачушцы
Вытрываць п’янства, знявагу і боль,
Каб высыхалі сляды на падушцы.
Каб была побач з Табой.

Божа, схавай яе раны на сэрцы,
Дай ёй забыцца пра болі і страх.
Каб не жыла яна ў паняверцы,
Моцна не трызніла па начах.

Божа, узмацні яе духам і словам
І прытулі Ты яе да сябе,
І зазірні ў душы яе сховы,
Дай сілы прыйсці да Цябе.

Божа, змякчы яе сэрца пачуццем
Ласкі, павагі і дабрыні.
Божа, не дай ёй упасці балюча
І ад зняваг захіні.                                                                                                         

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла