Стаяць на сваім...

Ксёндз Ежы Вільк SCJ, выпускнік місійнай семінарыі Ордэну Сэрца Езуса ў Стадніках, што паблізу Кракава, працуе ў Беларусі з 2000 года. Выконваў душпастырскую паслугу ў Баранавічах, Паставах, Дунілавічах, Пеліканах. У 2008 годзе пастановаю біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна быў прызначаны пробашчам парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Віцебску. Пра парафіяльныя справы і клопаты новаўтворанай парафіяльнай супольнасці, пра тое, чым жыве святар у няпросты час яе станаўлення, — наша размова.

— Айцец Ежы, Ваша парафія — адзіная ў горадзе, якая не мае сталага прытулку. З чым гэта звязана?
— Як найчасцей і бывае — з адсутнасцю дазволу на будоўлю. Маем праект пабудовы касцёла і плябаніі, і месца для будоўлі вызначанае, а вось здабыць дазвол — праблема. У пэўным сэнсе справа ўскладняецца яшчэ і тым, што працяглы час не мелі ў дыяцэзіі біскупа, які звычайна спрыяе ўрэгуляванню падобных праблемаў.

— Але ж, тым не менш, парафія дзейнічае?
— А як жа іначай? Раён прамысловы, не маленькі, адпаведна, і католікаў тут жыве даволі шмат — амаль у кожным доме па некалькі сем’яў. Дня не мінае без таго, каб людзі ксяндзу не тэлефанавалі, не цікавіліся справамі, не запрашалі, напрыклад, жытло асвяціць ці з іншай якой не менш важнай нагоды. І з іншых парафій, дарэчы, таксама пры патрэбе да мяне як да святара вернікі звяртаюцца.

— А Імша дзе адбываецца?
— Як правіла, пры іншых парафіях, там, дзе ёсць касцёл. Раён аддалены ад цэнтра горада, таму кожны з вернікаў ездзіць туды, куды яму зручней дабірацца, але, зразумела, найлепей было б мець свой будынак. На што і спадзяемся вельмі, аб чым і молімся пастаянна.

— Наогул, працы шмат у такой сітуацыі?
— Безумоўна, бо дзяцей і маладых людзей шмат неахрышчаных. З імі заняткі катэхезы праводзяцца, сакрамэнт хросту ўдзяляецца. На гэты момант вось ужо другую групу да хросту рыхтую. Да Першай Камуніі таксама ідзе падрыхтоўка. Кожную пятніцу наведваю хворых — іх у нас каля дзясятка чалавек. А галоўнае, лічу, — гэта сведчанне веры. Як праўдзівае яно, шчырае — тады людзі і да святара, і да Бога цягнуцца. А ў перыяд станаўлення парафіі гэта, згадзіцеся, вельмі важна.

— Напэўна, і ўдзелу ў пазапарафіяльных справах таксама не цураецеся?
— Вядома, не. Напрыклад, выконваю душпастырскую паслугу ў абласной клінічнай бальніцы і анкалагічным дыспансеры, дзе, дарэчы, шмат лекуецца католікаў з заходніх парафій дыяцэзіі. Апякуюся Домам маці. Займаюся душпастырствам сем’яў. Раз на тыдні наведваюся для правядзення катэхезы ў дзіцячы прытулак, дзе знаходзяцца 40 дзяцей, з якіх многія наогул першы раз у жыцці бачаць святара. Вельмі важным лічу душпастырства студэнтаў, у прыватнасці, нядаўніх жыхароў правінцыі, якія ўпершыню апынуліся ўдалечыні ад дома і маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы або праблемы з адаптацыяй у незнаёмым горадзе, дзе шмат розных спакусаў, а падказаць штосьці ў складанай сітуацыі, перасцерагчы ад памылковых учынкаў і няма каму. Ладзім сустрэчы з моладдзю, размаўляем, дыскутуем, абмяркоўваем нейкія канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі, робім высновы.

— Вы заўсёды вельмі эмацыйна і даходліва прамаўляеце казанні, прычым на добрай беларускай мове. Не было цяжкасцяў з яе вывучэннем?
— На радзіме, у Польшчы, я вывучаў рускую мову, і няблага гэта атрымлівалася. З беларускай жа ўпершыню сутыкнуўся ўжо тут, калі прыехаў на сталую працу. Даволі шмат займаўся з рэпетытарамі. Дзеці таксама ў пэўнай ступені дапамаглі — праз гульні. Гэта такая гульня: шукаеш беларускі адпаведнік якому-небудзь рускаму або польскаму слову, запытаешся ў іх — і яны з жадання табе дапамагчы пачынаюць шукаць. Такі своеасаблівы карысны рух насустрач. У выніку — і ў касцёле, і ў побыце карыстаюся цяпер моваю беларускай.

— Цікава, а як Вам, іншаземцу, наогул наша моўная праблема бачыцца?
— Як сведчыць пра Хрыста нялёгка, так і з моваю бывае няпроста. Мне ў Паставах яшчэ, здаралася, напачатку некаторыя католікі казалі: «Размаўляйце з намі па-руску!». Але ж як я мог бы вывучыць мову беларускую, як гэта патрабуецца для цэлебрацыі Імшаў, калі б не карыстаўся ёю хаця б на тым узроўні, на якім у дадзены момант ёю валодаю? Памятаючы прымаўку, што здаровая рыба супраць цячэння плыве, а хворая — па цячэнні, стаяў на сваім, не саступіў. І людзі зразумелі. І не толькі мяне зразумелі, але многія самі пачалі пакрысе на беларускую пераходзіць. Вось вам і ўся праблема. Зразумела, гэта, можа, крыху і спрошчаны падыход, усё яно, магчыма, крыху складаней, але ж…

— Вы аптыміст?
— Так. Кожная добрая справа, кожнае спатканне з іншым чалавекам для мяне — не выпадковасць, а воля Божага Провіду. Аптымізм сілкуецца з Божага сэрца, з любові, з веры. Я вельмі ўдзячны продкам, якія перадалі мне веру. Нездарма кажуць: самы бедны чалавек — той, хто не ведае Хрыста, самы багаты — той, хто жыве з Хрыстом і ў Хрысце. Я багаты, бо веру ў тое, што прапаведую — у праўду, справядлівасць, любоў да бліжняга. І ў апеку Божае Маці, дзякуючы якой і касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі неўзабаве паўстане, і парафія наша будзе плённа развівацца.

Размаўляў
Францішак Дубраўскі.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла