Езус — цэнтр нашага жыцця

З гаміліі Папы Францішка, абвешчанай ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету

Езус — цэнтр усіх стварэнняў, іх пачатак. Бог даў Яму поўню, цэласнасць, каб у Ім усё паяднаць з сабою.

Сённяшняя ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, становіцца ўвянчаннем літургічнага году, а таксама завяршэннем Году веры, абвешчанага папам Бэнэдыктам ХVI, да якога скіраваныя нашыя думкі, поўныя любові і ўдзячнасці. Дзякуючы гэтай прадбачлівай ініцыятыве ён даў нам магчымасць ізноў адкрыць прыгажосць гэтага шляху веры, распачатага ў дзень нашага хросту, які зрабіў нас Божымі дзецьмі, сёстрамі і братамі ў Касцёле, — таго шляху, апошняю мэтаю якога з’яўляецца поўная сустрэча з Богам, падчас якой Дух Святы нас ачышчае, узносіць, асвячае, каб мы маглі ўвайсці ў шчасце, якога прагнуць нашыя сэрцы. <...>

У сённяшніх біблійных чытаннях чырвонаю стужкаю праходзіць тэма цэнтральнай ролі Хрыста. Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры. Хрыстус — цэнтр. Хрыстус — цэнтр стварэння, Хрыстус — цэнтр чалавецтва, Хрыстус — цэнтр гісторыі.

1. Апостал Павел дае нам вельмі глыбокае бачанне цэнтральнай ролі Хрыста. Ён паказвае Яго як першароднага для кожнага стварэння: у Ім, праз Яго і для Яго было ўсё створанае. Ён з’яўляецца цэнтрам усіх стварэнняў, іх пачаткам. Бог даў Яму поўню, цэласнасць, каб у Ім усё паяднаць з сабою (пар. 1, 12–20).

Гэты вобраз дазваляе нам зразумець, што Езус з’яўляецца цэнтрам стварэння. З гэтага пункту погляду веруючы чалавек, калі ён хоча быць такім, павінен пазнаць і прыняць у сваё жыццё гэта цэнтральнае месца Езуса Хрыста ў думках, словах і ўчынках. Калі ён губляе гэта цэнтральнае месца або яно замяняецца чымсьці іншым, з гэтага вынікаюць усе наступствы для навакольнага асяроддзя і для самога чалавека.

2. Хрыстус з’яўляецца не толькі цэнтрам стварэння, але таксама і цэнтрам народу Божага. Ён прысутны менавіта тут і цяпер сярод нас. Ён прысутны тут у Слове і на алтары, жывы, прысутны сярод нас — Яго народу. Пра гэта гаворыцца ў першым чытанні, у якім апавядаецца пра дзень, калі ізраэльскае  племя прыйшло шукаць Давіда і перад Панам памазала яго на караля Ізраэля (пар. 2 Сам 5, 1-3). Шукаючы ідэальнага караля, гэтыя людзі шукалі самога Бога: Бога, які стаў бы блізкім, які згадзіўся б далучыцца да шляху чалавека, які стаў бы іх братам.

Хрыстус, нашчадак караля Давіда, — гэта брат, вакол якога ствараецца народ, брат, які клапоціцца пра свой народ, пра нас усіх, нават коштам свайго жыцця. У Ім мы адно — адзін народ, мы спалучаныя з Ім, мы падзяляем адзін і той жа шлях, адзін лёс. У Ім мы маем сваю тоеснасць як народ.

І ўрэшце Хрыстус з’яўляецца цэнтрам гісторыі чалавецтва і кожнага чалавека. З Ім мы можам падзяліцца радасцямі і надзеямі, смуткам і хваляваннямі, якімі напоўнена нашае жыццё. Калі Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры, становяцца светлымі нават самыя цёмныя моманты нашага жыцця і Ён дае нам надзею, як гэта адбылося з добрым злачынцам з сённяшняга Евангелля. <...>

Сёння ўсе мы можам згадаць гісторыю нашага жыцця, нашага шляху. Кожны з нас мае сваю гісторыю. Кожны з нас мае таксама свае памылкі, свае грахі, свае хвіліны шчасця і цёмныя моманты. Добра, калі падумаўшы сёння пра нашу гісторыю, мы глянем на Езуса, прамаўляючы ад усяго сэрца, і шмат разоў ад сэрца, але ў маўчанні, і кожны з нас скажа: «Узгадай мяне, Пане, цяпер, калі Ты знаходзішся ў сваім Валадарстве! Езу, узгадай мяне, бо хачу стаць добрым, але не маю сілы, не магу: я грэшнік! Але ўзгадай мяне, Езу, можаш мяне ўзгадаць, бо Ты — у сваім цэнтры, бо Ты — у сваім Валадарстве!». Прыгожа! Зробім гэта сёння ўсе, кожны ў сваім сэрцы, шмат разоў. «Узгадай мяне, Пане, бо Ты — у сваім цэнтры, бо Ты — у сваім Валадарстве!».

Абяцанне Езуса, дадзенае добраму злачынцу, дае нам вялікую надзею: яно гаворыць нам пра тое, што Божая ласка заўсёды большая за малітву, з дапамогаю якой яе просяць. Пан заўсёды дае больш, чым Яго просяць, бо Ён шчодры: просіш Яго, каб узгадаў цябе, а Ён вядзе цябе ў сваё Валадарства! Езус — гэта цэнтр нашых жаданняў, радасці і збаўлення.

Просім Пана памятаць пра нас і спадзяёмся, што дзякуючы Яго ласцы мы зможам удзельнічаць у Яго нябеснай хвале. Пойдзем разам па гэтым шляху.

Падрыхтавала Іна Ламака.
Паводле КАІ.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла